Каб прыляцеў хрустальны журавель

16.2.2015

У пятніцу, 13 лютага, на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшоў раённы фінал конкурсу педагагічнага майстэрства “Малады настаўнік года”.

Прыгожым лірычным адступленнем пачынаецца гэтае мерапрыемства, якое ўжо даўно з разраду конкурсаў перайшло ў разрад святаў. Вядучая расказвае легенду пра тое, як Бог стварыў настаўніка. А пасля на сцэну пад апладысменты ў суправаджэнні галантных кавалераў падымаюцца самі фіналісты – настаўніца гісторыі Гараднянскага НПК яслі-сад СШ Юлія Сяргееўна Вярэніч, настаўніца англійскай мовы СШ № 2 г. Століна Ала Сяргееўна Сімончык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Харомскага НПК яслі-сад СШ Ганна Васільеўна Трухановіч, настаўніца нямецкай мовы Альгомельскага НПК яслі-сад СШ Святлана Іванаўна Міхалевіч, настаўніца англійскай мовы СШ № 3 г. Століна Ірына Сяргееўна Круг і настаўніца матэматыкі Столінскай гімназіі Ірына Валер’еўна Пачко. З рук у рукі яны перадаюць цеплыню сваёй прафесіі, якую сімвалізуе свечка, і дзякуюць Богу за вучняў, жыццё, прафесію.

Сёлета на ўдзел у раённым этапе конкурсу прафмайстэрства было пададзена 12 заявак. Педагогі пісалі эсэ, прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, давалі адкрытыя ўрокі. Журы выбрала самых творчых, актыўных, адукаваных настаўнікаў, якія і падняліся на сцэну.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка адзначыў, што мэта такіх конкурсаў – падтрымаць ініцыятыўных і таленавітых маладых людзей, даць ім магчымасць для самарэалізацыі. Яшчэ ён адзначыў, што яго не паідае ўпэўненасць: хрустальны журавель абавязкова прыляціць на Століншчыну.

Першы конкурс – знаёмства праз самапрэзентацыю – паказаў, наколькі творчыя і смелыя фіналісты, як яны ўдала падыходзілі да раскрэцця тэмы задання “Я - настаўнік …”. Юлія Сяргееўна Вярэніч зняла відэафільм пра сябе ў некалькіх вобразах: яна – студэнтка (у мінулым), яна – настаўніца (зараз) і яна – дырэктар (у будучыні). Ала Сяргееўна Сімончык таксама праз відэафільм цікава данесла сваю задачу: як рэалізавацца ў штодзённым жыцці. Ганна Васільеўна Трухановіч на шляху да сваёй педагагічнай дзейнасці была зачаравана, і толькі добрая фея дапамагла ёй вярнуць голас і зноў стаць педагогам. Святлана Іванаўна Міхалевіч прадэманстравала лірычны талент і вельмі прыгожа расказала пра сваю школу, якая з’яўляецца для яе другім домам, а пасля выканала песню. З рэпа пачалося выступленне Ірыны Сяргееўны Круг. Яе вучні чыталі рэп пра сваю любімую настаўніцу, якая ў іх “у рытуале”. А пасля сама педагог гаварыла пра любімую прафесію, павышэнне ведаў, пошук, навучанне праз гульню. Прыгожым было яе параўнанне работы з пазламі, якія можна па-рознаму скласці і атрымаць цікавы вынік. Пра Ірыну Валер’еўну Пачко таксама спявалі вучаніцы “Об отличной девчонке Ире, которая не знает ни выходных, ни праздников”, а пасля сама настаўніца расказала аб сваёй педагагічнай дзейнасці.

У конкурсе “Размінка” фіналісты павінны былі прадэманстраваць сваю эрудыцыю і адказаць на шэсць пытанняў з розных сфер. З ім усе справіліся бліскуча і атрымалі максімальную колькасць балаў. Конкурс “Настаўнік, ты – Цыцэрон”  паказаў аратарскія здольнасці ўдзельнікаў. Яны выцягнулі паперкі з выказваннямі вялікіх людзей і развілі тэму. На падрыхтоўку было дадзена дзве мінуты.

У апошнім конкурсе фіналісты расказвалі пра сваё хобі. У кожнага з іх ёсць любімы занятак, якому яны прысвячаюць свой вольны час. Ірына Валер’еўна Пачко расказала, як яна стварае інтэлектуальныя карты, каб пабудаваць сваё жыццё. Гэты занятак дапамагае развіваць інтуіцыю, крытычнае мысленне і памяць. Ірына Сяргееўна Круг любіць маляваць, спяваць з вучнямі і падарожнічаць. Юлія Сяргееўна Вярэніч паказала свае навыкі ў цырульніцкай справе. Некалькі мадэляў з яе прычоскамі выйшлі на сцэну. Святлана Іванаўна Міхалевіч спявае, піша вершы, але самы любімы занятак – прыгатаванне страў. Да конкурсу яна зрабіла торт, упрыгожаны флагамі Беларусі і Германіі. Абараняючы сваё хобі, яна гаварыла аб важнасці міру паміж народамі. Ала Сяргееўна Сімончык любіць падарожнічаць і разам з тым захапляецца нацыянальнымі стравамі тых краін, у якіх пабывала. Яна ўжо гатавала нацыянальныя стравы Украіны, Балгарыі, Іспаніі, Нідэрландаў, а французскай выпечкай пачаствала журы. Сваё захапленне вышыўкай Ганна Васільеўна Трухановіч пераняла ад бабулі. Яго яна перадае і сваім вучням.

Паміж конкурсамі для гледачоў музычныя нумары падрыхтавалі вучні СШ № 2 р. п. Рэчыца Ганна Харавец, Вікторыя Бейна, Алена Леанавец, Вольга Кірдзей, Насця Цупа, Карына Кужко, Насця Крыжык, Яўген Пешка, Дар’я Гізун, Вікторыя Дзенісовіч, Алена Гарагляд, а таксама вучні СШ № 2 г. Століна Вольга Муратава і Насця Валадкевіч.

Аляксандр Мікалаевіч Вячорка ўручыў дыпломы аддзела адукацыі ўсім удзельнікам конкурсу, а фіналісты атрымалі ганаровыя граматы  з намінацыямі. Усе яны ўжо сталі пераможцамі конкурсу прафмайстэрства. У намінацыі “Разумнае. Добрае. Вечнае” перамагла Ганна Васільеўна Трухановіч, “Навучанне з захапленнем” – Юлія Сяргееўна Вярэніч, “Сэрца аддаю дзецям” – Святлана Іванаўна Міхалевіч, “Натхненне і педагагічны артыстызм” – Ала Сяргееўна Сімончык, “Ініцыятыва. Творчасць. Навізна” - Ірына Валер’еўна Пачко, а пераможцай стала Ірына Сяргееўна Круг.

На развітанне фіналісты разам выканалі песню “Кусочек сердца отдавать кому-то – такая, брат, у нас с тобой работа”.

Таццяна СЕГЕН