Творчасць, ініцыятыўнасць, любоў – гэта жыцця

16.2.2015

Наталія Мікалаеўна Кананчук стала пераможцай у раённым конкурсе “Малады чалавек года” ў галіне адукацыі і культуры. І гэта зусім не выпадкова, бо дзяўчына настолькі разнапланавая асоба, якая знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, прымае актыўны ўдзел у самых розных мерапрыемствах, становіцца іх арганізатарам, сама пастаянна радуе слухачоў сваімі выступленнямі, яе выхаванцы – удзельнікі і прызёры шматлікіх конкурсаў. Але аб усім па парадку.

Школьныя гады Наталіі – гэта пастаянныя канцэрты, паездкі. Яна вучылася ў сярэдняй школе № 2 г. Століна, была ўдзельніцай ансамбля “Весялінка”, танцавала ў “Палескіх плясунах”, займалася ў камандзе клуба вясёлых і знаходлівых, была актывісткай школьнага самакіравання…. На той час ансамблі часта ездзілі з выступленнямі  - Брэст, Мінск, Масква і многія іншыя. Гэта і стала самым яркім успамінам са школы.

-          Не ведаю, як гэта жывуць простыя дзеці, калі ў іх няма такога актыўнага школьнага жыцця, - усміхаецца мая субяседніца. – Канешне, было цяжка, калі ішла ў школу ў восем гадзін і ў восем вечара вярталася дахаты. Але ж усё паспявалі. Вось зараз і мой сын Ягор пачынае свой шлях у творчым жыцці школы.

Таксама Наталія расказала, што ўсе, хто разам з ёю вёў вось такі актыўны лад жыцця, атрымалі вышэйшую адукацыю і зараз не спыняюцца на дасягнутым.

Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на спецыяльнасць “Музычнае і тэатральнае майстэрства”, дзе атрымала кваліфікацыю “Выкладчык, кіраўнік тэатральнага калектыву”.

У час навучання актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ўніверсітэта. Была салісткай ансамбля народнай музыкі і песні “Ярыца” (мастацкі кіраўнік М. В. Сірата), салісткай джазавага ансамбля “Фансола”, салісткай Маладзёжнага тэатра эстрады пад кіраўніцтвам В. Раінчыка.

Пасля заканчэння ўніверсітэта яна вырнулася ў родны горад, дзе трапіла да любімых настаўнікаў. Працуе яна ў школе з 2009 года, але і зараз прызнаецца, што іншым часам з настаўнікамі адчувае сябе вучаніцай. Яна ведае, што ў любой сітуацыі можа звярнуцца да кожнага педагога і атрымаць дапамогу.

-          У мяне шмат матуль. Хросных, - гаворыць дзяўчына. – Гэта Наталля Сяргееўна Мазоль, Ала Мікалаеўна Лазіцкая, Тамаря Яўгенаўна Дзенісовіч, Наталля Антонаўна Ляшкевіч. Без іх падтрымкі, дапамогі ў мяне не атрымалася б і паловы таго, чаго зараз дасягнула.

У школе яна вядзе ўрокі танца, вакалу, музычныя тэатральныя гульні, тэатральны і вакальны ансамблі. Яе ўрокі вылучаюцца пільнай падрыхтоўкай і прадуманасцю, рознабаковасцю відаў дзейнасці. Наталія Мікалаеўна ўдзяляе вялікую ўвагу выбару рэпертуару, яго разнастайнасці, адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям і магчымасцям вучняў. Значную ролю на яе ўроках іграе і манера паводзін, стрыманыя і прыгожыя рухі, інтанацыя, добразычлівая ўсмешка.

Яна кіруе работай тэатра песні і танца “Акварэль”, які з’яўляецца лаўрэатам розных конкурсаў і фестываляў. Неаднойчы гледачы раённых мерапрыемстваў мелі магчымасць бычыць выступленне яе выхаванцаў на сцэне.

Школьная каманда клуба вясёлых і знаходлівых “Дэманы” пад яе кіраўніцтвам вось ужо колькі гадоў запар займае прызавыя месцы ў раённых і абласных фестывалях КВЗ, з’яўляецца ўдзельнікам брэсцкай і пінскай лігі КВЗ.

Яшчэ Наталія -  харэограф узорнага ансамбля народнай песні “Весялінка”.

З першага года работы ў школе стала салісткай народнага ансамбля народнай музыкі “Вятліца”. З 2014 года з’яўляецца салісткай народнага інструментальнага ансамбля “Брыз”, зусім нядаўна стала членам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Крыніца”. Здаецца, за такім вялікім пералікам заняткаў проста не знаходзіцца часу, але гэта не пра Наталію.

У 2011 годзе яна стала пераможцай у намінацыі “Маладосць і майстэрства” ў конкурсе “Малады настаўнік года”.  У 2013 годзе ўдзельнічала ў УІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання”, якая праходзіла ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтва.

У 2014 годзе прайшла навучанне па праграме “Adobe Youth Voices” адукацыйнага таварыства  iEARN-Belarus і атрымала сертыфікат міжнароднага ўзору. І ўжо ў маі мінулага года медыяпраект пад кіраўніцтвам Наталіі Мікалаеўны стаў лаўрэатам  Другога маскоўскага медыафестывалю “Галасы маладых-2014”, а пасля і медыафестывалю “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё -2014”, які праводзіўся ў рамках праграмы “Adobe Youth Voices” у Мінску.  Ужо ў чэрвені завочна стала ўдзельніцай Маладзёжнага фестывалю Adobe Youth Voices Film Festival, што прайшоў у Аргенціне.

Арганізавала групу дзяцей для ўдзелу ў сусветнай алімпіядзе па пасадцы дрэў ENO Treelympics 2014.

-          Галоўнае ў маёй рабоце – гэта дзеці. Усё, што ні раблю – гэта менавіта для іх, - расказала Наталія. – Яшчэ ўпэўнена, што нідзе не працавала б так, як раблю гэта ў роднай школе. Мне тут нават сцены дапамагаюць.

Вельмі рознабаковыя і захапленні Наталіі Мікалаеўны. Яшчэ ў час навучання ў школе яна захапілася макіяжам. Калі ва ўніверсітэце з’явіўся прадмет “Грым”, то цалкам акунулася ў гэтую творчасць акунулася поўнасцю. Ёй вельмі спадабалася, як выкладалі гэты курс работнікі тэатра, тэлебачання, таму стала сама пашыраць свае веды і навыкі. І зараз зрабіць макіяж для вяселля ці для выпускнога вечара – гэта лёгка.

Яна спявае ў царкоўным хоры. Да духоўнага жыцця далучае і дзяцей. Напрыклад, сёлета на Ражджаство разам з вучнямі арганізавала спяванне калядных песень у царкве горада Століна.

Наталія  – прыроджаны арганізатар, які вельмі любіць сваю работу, любіць дарыць радасць свята і добры настрой іншым. У мінулым годзе дапамагала з арганізацыяй мотафестывалю ў Століне.

Дзяўчына вельмі задаволеная, што працуе з творчымі калегамі і творчымі вучнямі. Пераканана, што ў СШ № 2 г. Століна – самыя таленавітыя дзеці. Тут ёсць вялікі патэнцыял для творчасці, аднак тэхнічна не заўжды магчыма ўкараненне новых ідэй. Тая ж актавая зала не дае разгарнуцца ў поўнай меры ўсім планам і задумкам.

Са сваёй сяброўкай Аленай Чупік іншым часам балуюць сябе паездкамі на розныя канцэрты. Былі на канцэрце Ані Лорак, Валерыя Меладзэ ў Мінску. Гэта ўсё дапамагае ў творчасці, не дае засядзецца на адным месцы.

-          Вельмі важна самаадукацыя. З кожным новым праектам, кожнай новай праграмай даведваюся пра нешта новае і цікавае, раскрываю сама сябе, а гэта вельмі важна, - расказвае Наталія. – Не магу проста правесці заняткі і пайсці дахаты. Мне патрэбна больш творчасці, больш актыўнасці і нават работы.

МІНІ-АНКЕТА

Дэвіз: калі рабіць, то рабіць да канца.

Музычны твор: слухаю ўсё – ад царкоўных песнапенняў да цяжкага року .

Фільм: камедыі, меладрамы (каб пасля прагляду было светла на душы).

Пара года: восень.

Любімы сайт: сацыяльныя сеткі, у якіх актыўна вяду зносіны з маладымі людзьмі. Па-іншаму – ніяк.

Таццяна СЕГЕН

На здымку: настаўніца СШ № 2 г. Століна Наталія Мікалаеўна Кананчук.