Праз рэчы з куфэрка - да роднага слова

16.2.2015

Этнаграфічны куток у сярэдняй школе № 3 г. Століна існуе з 2010 года. Але ўжо ў 2011 годзе на раённым аглядзе-конкурсе этнаграфічных куткоў ён заняў першае месца. Вядзе работу ў ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Белавус, якая разам з дзецьмі праз рэчы з бабулінага куфэрка і не толькі адраджае традыцыі нашай мясцовасці, а тасама  фарміруе ў вучняў любоў да роднага слова.

Ідэя стварэння кутка этнаграфіі нарадзілася ў настаўнікаў задоўга да яго адкрыцця. Дзесьці ў 2007 годзе Святлана Іванаўна разам з вучнямі пабывала на экскурсіі ў вёсцы Цераблічы. Пасля ўбачанага і пачутага ад разьбяра Івана Піліпавіча Супрунчыка, ад таго, як дзецям спадабалася знаёмства з мінулым, настаўніца вырашыла, што патрэбна зрабіць хоць этнаграфічны куточак у сябе, каб зацікавіць дзяцей сваёй спадчынай.  Ды пакуль не было месца, не было і яўных зрухаў. Калі з’явілася памяшканне (частка класа), то актыўна пачалі зносіцца і экспанаты. Да гэтага частка рэчаў размяшчалася ў адной з шафаў кабінета беларускай мовы.

-          Гэты куток мы стваралі ўсёй школай – ад вучня да тэхработніка прыносілі і прывозілі рэчы, - расказвае Святлана Іванаўна. – Вельмі шмат рэчаў прывезла з Рубля Вольга Аляксееўна Сімончык, касцюмы з Альгомеля прынесла Святлана Адамаўна Сцямпкоўская, самы старэйшы экспанат – ручнік сваёй бабулі, якому больш за 100 гадоў, - вучань Дзмітрый Шыла, Ганна Вярэніч даставіла вырабы свайго дзеда бондара, вышыванкі, тканыя вырабы з Гарадной – Валянціна Мікалаеўна Пешка і Святлана Мікалаеўна Ільчэўская.

Стварэнне, ідэю арганізацыі кутка этнаграфіі Святлана Іванаўна раздзяліла са сваёй калегай Людмілай Міхайлаўнай Еська, але разам з тым яна падкрэслівае вялікі ўклад кожнага настаўніка беларусазнаўцы.

Куток не з’яўляецца мёртвым. Яго часткова ці цалкам выкарыстоўвюць на адкрытых і пазакласных мерапрыемствах, на ўроках. Калі чакаецца масавае мерапрыемства, то нават усё з кутка пераносіцца ў клас, тады ён становіцца сапраўднай сялянскай хатай, у якой хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных строях вітаюць гасцей.

Экспанаты на сваіх уроках выкарыстоўваюць настаўнікі геаграфіі, пачатковых класаў, але часцей беларускай мовы. Сама Святлана Іванаўна на ўроках беларускай мовы па тэме “Устарэлыя словы” заўжды прымяняе такія рэчы як вярэнька, кросны, лапці. Наглядна ўбачылі – лягчэй запомнілі і авалодалі тэмай. На ўроках беларускай літаратуры можна практычна заўжды браць нейкую рэч, так дзецям лягчэй акунуцца ў атмасферу таго часу, “намаляваць карцінку” твора. “Сірочы хлеб”, “Насцечка” – гэта абавязкова на ўрок “ідуць” экспанаты.

Ды часцей за ўсё вучні знаёмяцца з побытам нашых продкаў на экскурсіях. Іх праводзяць ужо навучаныя экскурсаводы – навучэнцы 6-8 класаў. Святлана Іванаўна пачынае рыхтаваць да гэтай дзейнасці сваіх вучняў з пятага класа. За год дзеці знаёмяцца з рэчамі, з “прафесіяй” эскурсавода, вывучаюць тэрміны, акунаюцца з галавою ў побыт нашых продкаў. І ўжо ў шостым класе свабодна вядуць экскурсію для вучняў пачатковых класаў.

Эскурсія пачынаецца яшчэ ад дзвярэй прыгожымі вершаванымі радкамі, а пасля экскурсавод прапануе ўсім уявіць, што яны ўваходзяць у хату, дзе жылі іх прабабуля і прадзядуля. І ўжо ад першай палічкі, ад печы з гаршкамі і чыгункамі, глечыкамі, вілкамі і чапялою яны падрабязна вядуць аповед пра жыццё продкаў, пра рэчы, якімі даўно не карыстаемся, але яны ўяўляюць практычна гістарычную каштоўнаць. Многія з наведвальнікаў куточка ўпершыню даведваюцца значэнне слова і пра прымяненне такіх простых, але патрэбных у той час рэчаў. Вось жлукта, якое было “пральнай машына”, маслабойка, газоўкі… Гістарычны экскурс чаргуецца з загадкамі, прымаўкамі і прыказкамі, нават гульнямі. Так маленькім лепш запомніць інфармацыю.

Цікавасць выклікаюць кросны, сукала. Многія іх тут бачаць упершыню, бо гэтыя рэчы калі і ёсць у прабабуль вучняў, то захоўваюцца высока на гарышчах.

Пытаю ў Святланы Іванаўны, ці патрэбна наогул прывіваць цікавасць да экспанатаў мінулага. І чую адназначны адказ: трэба.

-          Па-першае, вучням вельмі цікава. Ужо ў час экскурсіі ў іх вачанятах запальваюцца агеньчыкі, якія гавораць больш, чым словы. Па-другое, – гэта наша спадчына, якую трэба ведаць. Па-трэцяе, яны даведваюцца пра самыя розныя рэчы, а гэта ж павялічвае кругагляд маленькага чалавека, - расказвае настаўніца.

Экскурсія па музеі доўжыцца хвілін 25. З гэтага года экскурсаводамі сталі Дар’я Палхоўская, Сяргей Бруцкі і Таццяна Пашкевіч. Шасцікласнікам цікавая гэтая тэма і яны з радасцю вядуць аповед.

Святлана Іванаўна прызнаецца, што работы з куточкам вельмі многа. Заўжды ў жніўні ўсё трэба перамыць, папрасаваці, а пасля і развесіць на свае месцы. Але разам з тым яна атрымлівае задавальненне ад дакранання да мінулага і ад таго, што дзецям гэта цікава і патрэбна. Так праз рэчы з бабулінага куфэрка, гарышча ў сярэдняй школе № 3 наладжана работа з гісторыяй сваёй краіны, спадчынай нашых продкаў, родным словам.

Таксама ў настаўніцы шмат планаў і задумак. Ужо ў лютым яна хоча арганізаваць экспазіцыю “Віды тканага палатна”.

Таццяна СЕГЕН

На здымках: Святлана Іванаўна Белавус у сваім этнаграфічным кутку; вучні 6 “Б” класа Дар’я Палхоўская, Сяргей Бруцкі, Таццяна Пашкевіч праводзяць экскурсію.

Фота аўтара