Змястоўнасць, творчасць і крэатыўнасць

13.1.2015

Пятага-шостага студзеня ў Мінску прайшоў IV Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства, удзел у якім прынялі і педагогі Століншчыны.

Ужо трэці год запар нашы педагогі прымаюць удзел у гэтым рэспубліканскім мерапрыемстве і штогод вяртаюцца з вялікай колькасцю ідэй. Сёлета ўдзельнічалі настаўніца пачатковых класаў СШ № 2 г. Століна Ірына Міхайлаўна Неўдах, настаўніца беларускай мовы СШ № 2 г. Століна Ала Адамаўна Лічэўская, дырэктар, настаўніца рускай мовы СШ № 2 г. Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце, настаўніца гісторыі СШ № 2 г. Давыд-Гарадка Наталля Уладзіміраўна Свірыдчук і загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка.  На гэты раз фестываль насіў прадметны напрамак. Лепшыя з лепшых педагогі рэспублікі паказвалі, як працаваць на ўроках, дзяліліся сваімі напрацоўкамі і работай з рознымі тэхналогіямі.

У першы дзень давалі майстар-класы па накірунках педагагічнай дзейнасці настаўнікі-метадысты (такіх, хто абараніў сваё званне, у Беларусі 110 чалавек). Практычна ўсе школьныя прадметы ахапілі лектары. Майстар-класы праходзілі ў цікавай і захапляльнай форме. Кожны педагог змог выбраць свой прадмет і блізкую яму ці наадварот складаную тэму для педагагічнага выкладання.

На другі дзень да ўдзельнікаў фестывалю далучыліся Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў і яго намеснік Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што правядзенне такога форуму – гэта значная з’ява ў жыцці кожнага прафесіянала, які працуе ў сферы адукацыі, існаванне любой дзяржавы немагчыма без добрай сістэмы адукацыі. А ў нашай краіне дзяржавай удзяляецца вялікая ўвага гэтай сістэме. Міністр засяродзіў увагу на ўкараненні інфармацыйных тэхналогій, якія патрабуюць значнага пераасэнсавання працэсу навучання, арганізацыі ўрока, перадачы ведаў вучням. Пры гэтым роля настаўніка па-ранейшаму застаецца ключавой як у выхаванні падрастаючага пакалення, так і ў навучанні.

Яркім было выступленне і мэтраў педагагічнай дзейнасці – членаў клуба “Хрустальны журавель”, якія выступілі са сваёй прэзентацыяй. Яны робяць шмат для развіцця прафесійнага майстэрства педагогаў краіны і папулярызацыі прафесійнага майстэрства настаўнікаў.

На другі дзень педагогі давалі адкрытыя ўрокі. Найпершая задача была паказаць, як праз розныя тэхналогіі рэалізаваць выхаваўчыя задачы. Заняткі праходзілі па тэмах “Фарміраванне ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці”, сучасныя падыходы да фізічнгага развіцця вучняў, стварэнне ўмоў для сацыялізацыі асобы вучня, творчае развіццё асобы і іншыя.

-          Усёй нашай групе вельмі спадабаўся фестываль. Ужо зараз мы маем шмат задумак. Веды, ідэі, атрыманыя на мерапрыемстве, пастараемся данесці да кожнага педагога, - расказала Валянціна Аляксандраўна Грэчка. – На фестывалі мы ўбачылі змястоўнасць, творчасць, крэатыўнасць. Гэтыя якасці павінен мець кожны педагог на сваім уроку.

Для ўдзелу ў фестывалі патрэбна было толькі зарэгістравацца на сайце міністэрства адукацыі. І, як паказвае практыка, самыя актыўныя і творчыя сталі ўдзельнікамі. Толькі такія людзі і далей працягваюць удасканальваць сваё майстэрства, мэтанакіравана ідуць наперад да пастаўленых мэтаў.

Таццяна СЕГЕН