Адораныя вучні абаранялі свае даследаванні

30.12.2014

20 снежня на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшла раённая навукова-практычная канферэнцыя “Адкрываючы свет, адкрываю сябе”, удзел у якой прынялі 68 вучняў з 31 установы адукацыі, якія абаранялі 52 работы.

Мерапрыемства пачалося са святочнага канцэрта, бо саму канферэнцыю можна назваць святам навукі. Канцэртныя нумары для ўдзельнікаў і іх педагогаў падрыхтавалі ансамбль “Карамель” Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам А. В. Казені, выхаванцы вакальнай студыі “Музычны капеж” цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам А. В. Калавур.

Пасля ўдзельнікі разыйшліся па шасці секцыях, дзе іх абарону ацэньвала кампетэнтнае журы. У секцыі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі лепшымі названы работы Міхаіла Мальцава (СШ № 2 р. п. Рэчыца) “Спосабы эканоміі дзяржаўнай электраэнергіі пры спажыванні”,  Арцёма Вабішчэвіча,Ганны Васькавец, Алега Ярмоліча і Аляксандра Шульгі (СШ № 2 г. Століна) “Рэжым чакання” і Паўла Пешкі (гімназія) “Выкарыстанне канструктара гульняў для стварэння гульнявых праграм”.

Самай шматлікай была секцыя гісторыка-грамадазнаўчых дысцыплін і краязнаўства, геаграфіі і экалогіі, у якой было прадстаўлена 15 работ. Тут многія даследаванні абапіраліся на мясцовыя факты, гістарычныя звесткі. Так, Марына Ляшук (Лядзецкі НПК яслі-сад СШ) правяла даследванне жыцця і творчасці Уладзіміра Уродніча, Таццяна Петрусевіч (Церабліцкі НПК яслі-сад СШ) вывучыла беларускую жаночую кашулю і нават сама яе пашыла па прыкладдзе тых, што насілі яе аднавяскоўцы ў мінулым. Вельмі цікавай была работа вучняў Хорскай СШ Міхаіла Банета і Паўла Карнейчука, якія вывучылі грашовы абарот на Століншчыне, паказалі знаходкі грашовых адзінак рознага перыяду развіцця раёна. Алёна Нікончык (Хатомельская СШ) знайшла сведку жыцця Мікалая Радзівіла, які расказаў пра магната як пра гаспадара і чалавека. Сяргей Вабішчэвіч з Рубельскай СШ даследаваў гісторыю сваёй вёскі, а Галіна Сімановіч (СШ № 2 аг. Альшаны) – перспектыўныя турыстычныя маршруты па месцах культурна-гістарычнай спадчыны Століншчыны. Група вучняў гімназіі Дзмітрый Дабрынец, Насця Дульская, Кацярына Пашкевіч разбіраліся ва ўтылізацыі бытавых адходаў.

На кафедры біялогіі і экалогіі, хіміі лепшымі прызнаны работы Юліі Мамайка (Сямігосціцкая СШ) пра гнездаванне белага бусла, Соф’і Пратасавіцкай (Асаўская СШ) аб уздзеянні мыйных сродкаў для посуду на навакольны асяродак, дакладней на агароды вяскоўцаў. На другім месцы работа пра бабра і яго шкоду для гаспадарчай дзейнасці Дар’і Ракала (Церабяжоўская СШ), Кацярыны Мацюх (СШ № 2 г. Століна) аб карозіі жалеза ў розных растворах і Таццяны Ляшкевіч і Марыны Сімановіч (СШ № 1 аг. Альшаны) аб “спайсах” і іх шкодзе для чалавека. Дзяўчаты правялі вялікае апытанне, разабраліся ў фактах ўжывання спайсаў у раёне і вобласці. На трэцім месцы Ягор Гапко (Сямігосціцкая СШ) аб гнездаванні крыжанкі і Захара Баранава і Сяргея Крылова (гімназія) пра алюміній, яго шкоду і бяспеку.

Секцыя рускай мовы і літаратуры вызначыла сярод лепшых работу Ганны Вандзіч (СШ № 3 г. Століна) аб духоўна-маральным сэнсе калядных традыцый, Лізаветы Волас (гімназія) аб міфалагічных каранях вобразаў Лары і Данка. Трэцяе месца падзялілі Марына Гоман (Дубайскі НПК яслі-сад СШ) аб з’явах надвор’я ў славянскіх загадках і Ірына Вяргун і Вольга Грэчка (СШ №1 г.Д.-Гарадка), якія расказвалі аб узаемаадносінах бацькоў і дзяцей.

У секцыі беларускай мовы і літаратуры журы вылучыла работу Алены Андрайчук (Сямігосціцкая СШ), якая вывучыла дыялектныя адрозненні народнай гаворкі на прыкладзе сваёй вёскі. На другім месцы работа аб прыказках і прымаўках вёскі Плотніца Юліі Пратасавіцкай (Плотніцкая СШ). На трэцім – Ганны Дорах і Алены Андрусевіч (СШ № 2 аг. Альшаны) пра вобраз бярозы ў беларускай літаратуры.

Самай нешматлікай аказалася секцыя замежнай мовы. Тут лепшымі названы работы Мікалая Дзенісовіча (гімназія), які параўнаў беларускія і англійскія правілы паводзін, Крысціны Сала і Аліны Лысюк (СШ № 2 г. Століна) аб псеўданімах у рускай і брытанскай культурах, а таксама Крысціны Сень, Марыі Максімовіч (СШ № 3 г. Століна), якія разгледзелі  вопратку, якая “гаворыць”, а дакладней надпісы на ёй.

Журы канферэнцыі адзначыла, што ў параўнанні з мінулымі гадамі вучні намнога лепш падрыхтаваліся да абароны сваіх работ, дакладна, коратка, змястоўна адказвалі на пастаўленыя пытанні. З году ў год ёсць педагогі, якія выстаўляюць сваіх вучняў для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі. Такія настаўнікі ўжо маюць назапашаны вопыт і работы іх вучняў добра аформлены, маюць неабходны пералік літаратуры. Разам з тым сустракаюцца работы, якія напісаны па прыкладзе рэферата: у іх няма ніякіх уласных даследаванняў вучняў, а гэта ніяк не ўзровень навукова-даследчай канферэнцыі.

Цяпер лепшыя работы будуць прадстаўлены на абласную навукова-практычную канферэнцыю. Пажадаем аўтарам поспехаў.

Таццяна СЕГЕН