Сінхронны чэмпіянат знатакоў

27.11.2014

У нядзелю 23 лістапада ў сярэдняй школе № 3 г. Століна адбыўся раённы тур абласнога сінхроннага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод навучэнцаў 8-11 класаў. Удзел прынялі 26 каманд школ Століншчыны.

Сінхронны чэмпіянат – гэта гульня каманд знатакоў ва ўсіх гарадах Брэстчыны па адзіных пытаннях і ў адзін і той жа час.

У 11 гадзін дырэктар Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Людміла Мікалаеўна Леанавец павітала ўдзельнікаў і адкрыла канверт з пытаннямі, якія распрацаваны Брэсцкім абласным цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

Усё, як у Маскоўскім элітарным клубе знатакоў. Гучыць пытанне, хвіліна на абмеркаванне ў камандзе – і паперка з адказам перадаецца ў камісію, у якую ўвайшлі кіраўнікі клубаў інтэлектуалаў і работнікі Цэнтра дзіцячай творчасці. Агучваецца адказ, а камісія  падлічвае балы і вызначае рэйтынг каманд.

Чэмпіянат уключаў тры туры па 12 пытанняў, якія патрабавалі не толькі і не столькі канкрэтных ведаў і ўвогуле эрудыцыі, колькі  лагічнага мыслення і часам звычайнай кемлівасці.

Пасля кожнага тура гульні рабіўся перапынак, а пасля агучваліся набраныя балы. У выніку найбольш ачкоў у каманды “Антарес” (Столінская гімназія) – 12, дзесяць – у каманды “Корань з 6” (сярэдняя школа № 3 г. Століна). Па дзевяць балаў ), прычым з аднолькавым рэйтынгам – 147, у каманд “Прама па курсу” (Столінскі цэнтр дзіцячай творчасці), “Залатое сячэнне” (сярэдняя школа “ 2 р. п. Рэчыца) і “Эверэст” (Фядорская сярэдняя школа.

- Па выніках раённага тура сінхроннага чэмпіянату каманды, якія паказалі лепшыя вынікі,  будуць адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, - гаворыць Ірына Васільеўна Дабрыянец, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах клуба знатакоў “Альтэрнатыва” раённага Цэнтра дзіцячай творчасці. – Яны ж стануць удзельнікамі турніру знатакоў у г. Пінску, які вызначыць прахадны бал для ўдзелу каманд знатакоў у рэспубліканскім чэмпіянаце “Што? Дзе? Калі?”, што пройдзе ў Мінску ў студзені 2015 года.

 

Галіна ГАШЧУК