Актыўная ацэнка – для павышэння ведаў

17.11.2014

У мінулым навучальным годзе дырэктар СШ № 2 г. Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая прайшла дыстанцыйнае навучанне па курсе “Актыўная ацэнка”. І тады ж яна пачала ўкараняць новую стратэгію на практыцы. Зараз работа па гэтай стратэгіі набірае абароты не толькі ў СШ № 2, а і іншых установах раёна. Настаўнікі розных прадметаў сталі ўдзельнікамі раённага пастаянна дзеючага семінара, які вядзе Ала Мікалаеўна.

Што ж такое актыўная ацэнка?

-          Гэта не новая методыка, а ўсяго толькі прывядзенне ў сістэму метадаў і прыёмаў, якія ведаюць педагогі і часта інтуітыўна карыстаюцца імі ў залежнасці ад групы і сітуацыі, - расказвае А. М. Лазіцкая.

Мы звыклі да таго, што адказнасць за вынікі навучання бярэ на сябе настаўнік, але калі педагогі, якія пачалі працаваць па актыўнай ацэнцы, сталі размаўляць з вучнямі, то разам прыходзяць да высновы: вынік залежыць ад вучня і ён павінен узяць адказнасць на сябе.

Актыўная ацэнка шырока распаўсюджана ў многіх краінах свету. Калі Ала Мікалаеўна атрымлівала сертыфікат аб заканчэнні навучання, то педагогі з Польшы давалі майстар-класы. Яны працуюць па гэтай стратэгіі 15 гадоў і маюць станоўчыя вынікі дзейнасці. Па актыўнай ацэнцы ў нашай краіне працуюць і вядомыя педагогі, у тым ліку і большасць пераможцаў рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства.

Мэта

Адзін з галоўных аспектаў ў актыўнай ацэнцы – гэта пастаноўка мэты. Вучань павінен ведаць, што ён засвоіць да канца ўрока. Гэтыя мэты на працягу 45 мінут павінны быць у яго перад вачамі, каб ён з імі звяраўся, мэтанакіравана ішоў да іх.

НаШтоБуЗУ

Гэта польская абрэвіятура, перайначаная на беларускі манер: на што я буду звяртаць увагу. Паміж настаўнікам і вучнем выпрацоўваецца дагавор. Навучэнцы ведаюць, што ім патрэбна зрабіць, каб атрымаць добрую адзнаку.

Пры навучанні па гэтай стратэгіі не так часта вучні  атрымліваюць адзнакі. І настаўнік ставіць іх не за актыўнасць, як часта прынята на звычайным уроку,  а за веды.

Ала Мікалаеўна на ўроках актыўна выкарыстоўвае тэхніку светлафора. Школа заказала некалькі камплектаў своеасаблівых блакнотаў з трыма колерамі светлафора і некалькімі літарамі-адказамі на тэсты і значкамі.

Калі вучань не можа засвоіць тэму, яму нешта не зразумела, ён выстаўляе чырвоны колер, калі ўсё разумее – чырвоны, у нечым сумняваецца – жоўты. Вучні бачаць у свайго аднакласніка чырвоны колер –  ідуць яму на дапамогу. Тут спрацоўвае методыка “роўны навучае роўнага”. Да таго, як з’явіліся блакноты, настаўнікі актыўна выкарыстоўвалі рознакаляровыя пластыкавыя стаканы.

З дапамогай блакнотаў настаўнік зноў жа можа правесці невялікі тэст на некалькі пытанняў. Вучні паказваюць адказы на старонках блакнота з літарамі. І тыя класы, дзе не першы мексяц выкарыстоўваецца стратэгія, ужо ведаюць, што настаўнік праводзіць гэта не для таго, каб паказаць вучню, што ён не ведае, а для дыягностыкі.

Нават дамашнія заданні відазмяніліся. Цяпер Ала Мікалаеўна дае сваім вучням дахаты толькі тыя заданні, якія яны дасканала не засвоілі на ўроку, астатнія няма сэнсу перапісваць.

Стратэгія ў большай частцы вельмі дапамагае вучням сярэдняй і нізкай паспяховасці. Ала Мікалаеўна са сваімі вучнямі ўжо бачыць зараз адметнасць не толькі ў засваенні ведаў (а ў гэтым значны прагрэс), а і ў павышэнні адзнак. Вучням падабаецца так працаваць на ўроку, яны засвоілі правілы і ідуць да мэты, якую ім ставіць настаўнік.

Зваротная сувязь

Кожага вучня абавязкова трэба знайсці за што  пахваліць. Хоць за маленькія прагрэс. Мы гэта чуем пастаянна, але ж на справе на традыцыйным уроку гэта не так часта выкарыстоўваецца. У актыўнай ацэнцы на гэта ставіцца акцэнт.  

Пры гэтым навучанні праблема спісвання адпадае сама сабою. Вучні вучацца цаніць час на ўроку, яны пастаянна вымушаны актыўна думаць і працаваць.

-          Настаўнік павінен аддаць сваё вяршэнства на ўроку, - дзеліцца Ала Мікалаеўна. – А на гэта, як паказвае практыка, гатовыя не ўсе. Ды чаму б не паступіцца сваёю роляю, калі гэта дапамагае ў засваенні ведаў?!

Ала Мікалаеўна перад сабой ставіць мэту: што будзе помніць вучань пасля гэтага ўрока праз многія гады пасля заканчэння школы.

Зараз чатыры настаўнікі СШ № 2 г. Століна запісаліся на дыстанцыйнае навучанне па актыўнай ацэнцы. Жадаючых было яшчэ больш, але арганізатары проста не змаглі з адной установы набраць столькі педагогаў.

Тыя, хто запісаўся на пастаянна дзеючы раённы семінар па актыўнай ацэнцы, напачатку вельмі скептычна паставіліся да новай стратэгіі, але ўжо пасля першых заняткаў змянілі свой настрой на аптымістычны: яны на сабе адчулі дзеянне навучання па актыўнай ацэнцы.

Таццяна СЕГЕН

На здымку: Ала Мікалаеўна Лазіцкая са сваімі  вучнямі працуе па стратэгіі “Актыўная ацэнка”.

Фота аўтара