Родная зямля заўжды натхняла паэтаў і натхняе цяпер

3.11.2014

Пасяджэнне творчага клуба “Натхненне” адбылося ў Гарадной 29 кастрычніка. Не выпадкова месцам правядзення выбрана гэта палеская вёска. Дзякуючы Цэнтру ганчарства в.Гарадная, захаванню і працягванню ганчарнага рамяства ў ёй пра Століншчыну ў Беларусі і за яе межамі ведаюць як аб ганчарным краі.

Удзельнікі клуба “Натхненне” Наталля Базар, Ірына Ляшкевіч,

Васіль Казачок, Таццяна Жук, Віктар Вабішчэвіч,

Святлана Кананчук, Віталь Адамаў. Фота В.Грэчка

 

Менавіта гэта вёска і стала месцам правядзення чарговага пасяджэння паэтаў раёна, якое праходзіла пад тэмай “Святая Столінская зямля”.

 

Віктар Вабішчэвіч, Ірына Ляшкевіч, Васіль Казачок, Віталій Адамаў, Святлана Кананчук, Таццяна Жук, Наталля Базар прачыталі вучням і настаўнікам мясцовай школы вершы-прысвячэнні роднаму краю, роднай Століншчыне, вёсачкам і гарадам, дзе нарадзіліся і з якімі іх навекі звязала жыццё.

 

Ірына Ляшкевіч задала пытанне: “Чаму Століншчына менавіта “святая” зямля?” І сама на яго адказала: “Бо тут святыя людзі, святыя тым, што тут яны працуюць плённа, як нідзе. Бо тут шмат творчых людзей. Бо тут будуюцца цэрквы. Вось у гэтым і наша святасць”.

 

Калі Васіль Казачок, які працуе настаўнікам у Гараднянскай школе, стаў чытаць вершы і на нейкі момант зрабіў паўзу, прысутныя ў адзін голас працытавалі наступныя радкі яго верша. І гэты факт у каторы раз падцвярджае, што паэзія патрэбна людзям. І, відаць, існаваць яна будзе доўга, так як вучні ведаюць на памяць вершы свайго паэта-земляка.

Прысутныя ўважліва слухалі выступленні мясцовых паэтаў

Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Грэчка на прыканцы сустрэчы выказала меркаванне, што, магчыма, наступнае пасяджэнне клуба “Натхненне” пройдзе сумесна з паэтамі з суседніх са Столінскім раёнаў. Дырэктар Гараднянскай школы Фёдар Гмір падзякаваў за сустрэчу і адзначыў, што прысутнасць школьнікаў на такіх пасяджэннях мае вялікі выхаваўчы патэнцыял.

 

Завяршылася пасяджэнне традыцыйным выкананнем гімна  клуба “Натхненне”.

Пра блізкае сэрцу кожнага чалавека гаворыць Віктар Вабішчэвіч. Фота В.Грэчка

media-polesye.by