Паспяховае бацькоўства – шчаслівая маці

21.10.2014

14 кастрычніка, у Дзень маці, у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў р. п. Рэчыца прайшло цікавае мерапрыемства, на якое былі запрошаны прыёмныя бацькі з усіх куточкаў раёна. Такіх сем’яў на Століншчыне 29, у іх выхоўваецца 44 дзіцяці.

Усе прыёмныя бацькі аб’яднаны ў клуб “Семейный очаг”, які рэгулярна збіраецца для абмеркавання сваіх праблем, каб падзяліцца радасцямі і поспехамі, каб разабраць пэўныя сітуацыі. Прыёмныя бацькі не застаюца сам-насам са сваімі перажываннямі і нават дробнымі праблемамі. Ім на дапамогу прыходзяць кваліфікаваныя спецыялісты.

На гэты раз святочнае мерапрыемства з нагоды Дня маці прыйшло ў цікавай і не зусім звычайнай форме: удзельнікам прапанавалі ўводны курс праграмы “Паспяховае бацькоўства”. Дырэктар СПЦ Ала Яўгенаўна Цымбалюк расказала, што ўсяго такіх курсаў 10 і яны даюць магчымасць людзям па-іншаму паглядзець на жыццё, на выхаванне дзяцей, на адносіны з дарослымі. Па сваёй сутнасці – гэта псіхалагічны трэнінг. І яго мэта – зрабіць шчаслівым не толькі сямейнае жыццё, а і даць шчасце чалавеку ва ўсіх яго ролях -  маме, жанчыне, работніку, бацьку.

Заняткі праходзілі ў вельмі цёплай сяброўскай атмасферы, што дало магчымасць расслабіцца, расказаць нават пра патаемныя рэчы. 

Знаёмства ўдзельнікаў трэнінгу было пабудавана ў выглядзе міні-інтэрв’ю. За некалькі хвілін патрэбна было даведацца максімум інфармацыі пра свайго субяседніка і прадставіць яго. Было прыемна чуць, што многія прыёмныя бацькі добра ведаюць адзін аднаго і нават сябруюць працяглы час. Напрыклад, сяброўства Святланы і Марыі пачалося з таго, што яны практычна ў адзін час узялі ў сем’і прыёмных дзяцей аднаго ўзросту. Наталля выхоўвае чатырох дзяцей і разам з тым працуе ў аддзяленні дзённага знаходжання маладых інвалідаў. Алёна мае трое сваіх дзетак, але гэта не стала перашкодай, каб узяць у сям’ю яшчэ і прыёмных. У сям’і Сцяпана таксама двое прыёмных дзяўчынак.

Ужо толькі гэтыя акалічнасці выклікаюць павагу да людзей, што сабраліся ў цеснае кола. Яны не жывуць для сябе, а шчодра дзеляцца сваёй любоўю, у іх сэрцах хапае месца для дзяцей, што засталіся без бацькоў.

Першыя занятки па праграме – гэта размова не толькі пра правы, але і абавязкі кожнага чалавека. На ім мы разглядалі чатыры мадэлі паводзін чалавека – дома, на рабоце, у грамадскім месцы. Гэтая схема падыходзіць да любой сітуацыі. Але не толькі разабраць, а і зразумеь, якіх пачуццяў больш, калі ты паводзіш сябе агрэсіўна, пасіўна, нячэсна, пазітыўна. Каб усё прапусціць праз сябе, псіхолаг СПЦ прапанавала разабраць кожнай пары сітуацыю і весці сябе адпаведна пэўнай мадэлі паводзін.

Сітуацыі разыгралі, аказалася, што і артыстаў сярод прыёмных бацькоў многа. Але кожная з прапанаваных схем была прааналізавана: а як бы я зрабіў і як было б лепш, ці нават як я ўжо дзейничаў пры такіх абставінах. Удзельнікі трэнінгу апынуліся як з аднаго боку канфлікта, так і з другога. Ужо пасля яны гаварылі:

-          Мае адносіны ў сям’і пабудаваны на тым, што я заўсюды прашу прабачэння ў дзяцей, калі вінаватая. Мае выхаванцы ведаюць, што я прыму іх у любой сітуацыі.

-          Пасля такіх заняткаў усе мы падцягваемся, стараемся рабиць правільна.

-          Заўжды вяртаюся пасля заняткаў адноўленай, з жаданнем удасканальвацца.

-          Нам усім не хапае ведаў па псіхалогіі, а заняткі папаўняюць гэтыя прабелы.

…Падрабязней спынілася на апісанні схемы правядзення заняткаў, бо работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра праводзяць такія трэнінгі для жадаючых. І кожны за 10 заняткаў, якія размеркаваны на 10 тыдняў, можа паспрабаваць палепшыць сябе, свае адносіны з іншымі і стаць шчаслівым.

Тацяна СЕГЕН