Пяць перамог

24.9.2014

23 верасня на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшло першае пасяджэнне школы маладога настаўніка першага года работы пад назвай “Пяць перамог маладога спецыяліста”.

На сустрэчы прысутнічалі намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, старшыня Столінскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага смаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч.

Пачала сустрэчу загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валяніна Аляксандраўна Грэчка. Яна расказала, што на працягу года адбудзецца чатыры такія сустрэчы з маладымі спецыялістамі. На іх будуць як тэарытычныя, так і практычныя заняткі, наведванне ўрокаў вопытных педагогаў, сустрэчы з псіхолагамі.

Напачатку маладым педагогам прапанавалі працягнуць выразы “Я спадзяюся даведацца…” і “Я не хачу рабіць…”. Яны напісалі, што жадаюць даведацца пра новыя методыкі выкладання, як ацаніць вучня, як пазбегнуць канфліктаў з кіраўніцтвам і іншыя. Разам з тым педагогі прызналіся, што не хочуць рабіць: пісаць планы, працаваць у другую змену, змагацца з вялікай колькасцю непатрэбных дакументаў…

У цікавай форме адбылося і знаёмства з кожным з маладых педагогаў.

Аляксандр Мікалаевіч Вячорка накіраваў маладых спецыялістаў на тое, што яны павінны адпрацаваць два гады, а пасля абавязкова прайсці атэстацыю, што дапаможа ім павысіць заработную плату. Наогул кожнаму спецыялісту трэба развівацца, шукаць свае шляхі рэалізацыі. У гэтым дапамагаюь і шматлікія конкурсы, канферэнцыі, мерапрыемствы як для вучняў, так і для педагогаў. Аляксандр Мікалаевіч запрасіў усіх актыўна ўдзельнічаць і перамагаць.

Ішла размова пра аплату жылля, якое многія вымушаны здымаць. Аплата магчыма, калі гаспадар жылля мае неабходныя дакументы і згодны заключыць дагавор. Пры гэтым ён вызваляеца ад усялякіх налогаў. Больш падрабязна пра гэта можна даведаца ў райкаме прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч засяродзіў увагу на спайсах, патлумачыў шкоду гэтага рэчыва і папрасіў маладых людзей быць больш пільнымі да сваіх вучняў.

У сваім выступленні ён сказаў, што ВНУ – гэта не галоўная мэта вучня, што і пастя ПТА можна атрымліваць добрую зарплату і дастойна жыць. На гэта педагогі павінны накіроўваць сваіх навучэнцаў.

Ён паўтарыў словы Героя Сацыялістычнай працы Надзеі Іванаўны Кавалец “Настаўнік на вёсцы – гэта лакмусавая паперка. І ён павінен быць прыкладам этыкету і этыкі”. Сяргей Фёдаравіч параіў маладым педагогам па магчымасці пагутарыць з Надзеяй Іванаўнай, якая мае салідны вопыт як педагагічны, так і жыцёвы, у яе ёсць чаму павучыцца. І быць заўжды прыкладам не толькі для сваіх вучняў, а і для вяскоўцаў.

Анатоль Капітонавіч Максімовіч расказаў, што маладыя спецыялісты на працягу двух гадоў маюць магчымасць атрымаць льготны крэдыт.

Далей навучанне спецыялістаў працягнула Валянціна Аляксандраўна Грэчка. Яна задавала пытанні педагогам, на прыкладах паказвала, што цікава і не цікава як ім, учарашнім студэнтам, а сённяшнім маладым спецыялістам, так і вучням.

Галоўныя пытанні, над якімі працуюць не толькі маладыя, а і вопытныя педагогі: як зацікавіць вучня, каб ён з радасцю ішоў на ўрок, каб з задавальненнем засвойваў неабходны матэрыял.

На працягу ўсіх заняткаў Валянціна Аляксандраўна адказвала на пытанні маладых спецыялістаў, падказвала тыя моманты, пра якія яны пісалі ў пачатку заняткаў. А пасля зноў яны адказвалі ананімна на пытанні: Што рабіў і не рабіў? Чаму?  Яны адказвалі, што пасля семінара нарадзілася жаданне рабіць УСЁ, чаму вучылі, што знайшлі адказы на многія свае пытанні, што будуць удасканальвацца. “Дзякую за такое мерапрыемства”, - прачытала ў адным з адказаў.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара