Дом, дзе вас зразумеюць

11.9.2014

Пятага верасня сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна ўрачыста святкаваў свой юбілей – дзесяць гадоў мінула з таго часу, як была адкрыта гэтая ўстанова.

 

Што такое сацыяльна-педагагічны цэнтр? Гэта будні, напоўненыя клопатам аб шчаслівым сённяшнім дні і будучыні кожнага дзіцяці ў раёне, гэта штодзённая работа з праблемамі дзяцей і дарослых і знаходжанне выйсця з цяжкай сітуацыі. Тут змагаюцца за тое, каб дзецям заўжды было цёпла і ўтульна, каб ім заўжды свяціла сонейка.

 

Свята праходзіла пад дэвізам: “Дом – гэта там, дзе вас зразумеюць”.

 …Дзесяць гадоў назад з’явілася на Століншчыне такая ўстанова, як прытулак. Яе адкрыццё было абумоўлена часам. Бо, на жаль, некаторым дзеткам патрэбна была дапамога, абарона, той праменьчык надзеі, якога яны былі пазбаўлены з роднымі бацькамі. Дырэктарам установы стала Святлана Анатольеўна Кананчук. Хаця пра ўстанову было рана гаварыць, бо будынак патрабаваў рамонту, трэба было аб’яднаць людзей у адзін калектыў.

 

Святлана Анатольеўна ў сваім выступленні ўзгадала той вераснёўскі дзень, калі яна ўпершыню прыйшла да гэтага будынка. Тады быў цяжар на душы ад стану памяшканняў, ад таго, што даводзіцца пачынаць справу па рабоце з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў. І ўжо 5 верасня з’явілася назва прытулку – светлая і чыстая — “Вясёлка”, якая магла б стаць мастом паміж людзьмі і Богам.

 

На ўрачыстасці шмат меркавала: ці свята гэта, ці патрэбна ўстанова ў наш час? Некаторыя выказвалі думку, што свята будзе, калі закрыецца прытулак. А ў сваім выступленні Святлана Анатольеўна адзначыла, што сацыяльна-педагагічны цэнтр – гэта сховішча для тых, каму яно патрэбна. Галоўнае, што дзеткі знаходзяць тут прытулак, калі ім патрэбна дапамога. Любому чалавеку вельмі самотна, калі няма поруч роднай душы. Тым больш самотна дзецям. І што рабіць, калі родныя людзі становяцца далёкімі? Калі дзіця разумее, што яно не патрэбна бацькам? Знайсці такіх дзяцей, абагрэць іх любоўю, даць ім шанц на новае жыццё – гэта задача работнікаў СПЦ.

 Старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі сказаў, што ў нашай краіне, як і ў добрай сям’і, клапоцяцца ў першую чаргу пра дзяцей. 56 працэнтаў раённага бюджэту ідзе на сістэму адукацыі. Ён падзякаваў усім работнікам сацыяльна-педагагічнага цэнтра – тым, хто з дня ў дзень аддае кавалачак свайго сэрца адзінокім дзеткам. Выказаў словы падзякі прыёмным бацькам дамоў сямейнага тыпу – Святлане Анатольеўне Кананчук і Марыі Філімонаўне Сяменя.

 Ад імя Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч уручыў СПЦ грашовы сертыфікат.

 Дырэктар СПЦ Ала Яўгенаўна Цымбалюк прызналася, што вельмі цяжка кіраваць лёсамі дзяцей – а менавіта ў гэтым галоўная задача цэнтра. Самая вялікая радасць для работнікаў цэнтра – калі сям’я вылечваецца і дзеці могуць вярнуцца ў біялагічную сям’ю, у добрыя ўмовы жыцця.

 Яна расказала, што цэнтр – гэта не толькі прытулак, дзе дзеткі знаходзяць часовы прыстанак, а і цэнтр дапамогі. Ёсь выпадкі, калі работнікі СПЦ дапамаглі захаваць сям’ю, ёсць людзі, якія пастаянна звяртаюцца па дапамогу, ёсць нават тыя, каму было выратавана жыццё.

 За перыяд існавання цэнтра былі пастаўлены на ўлік 1483 дзіцяці з 648 сем’яў. Зняты з уліку 1247 дзяцей. 358 прызнаны як тыя, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 233 дзіцяці вернуты ў біялагічныя сем’і. У раёне зараз 29 прыёмных, 46 апякунскіх сем’яў, чацвёра дзетак з прытулку ўсыноўлены. 14 непаўналетніх выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу, 18 падлеткаў з прытулку паступілі ў навучальныя ўстановы, 39 пераведзены ў інтэрнатныя ўстановы.

 СПЦ аказвае дапамогу не толькі дзецям, а і дарослым. Ва ўстанове працуюць два псіхолагі і два педагогі сацыяльных, якія выязджаюць на кансультацыі, дапамагаюць па тэлефоне. Колькасць запытаў па раёне за месяц дасягае 200.

 Старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко павіншаваў усіх, пажадаў моцнага здароўя, поспехаў у навучанні. Ад райсавета ён таксама ўручыў грашовы сертыфікат.

 На сцэну падняліся выхаванцы прытулку. Яны чыталі вершаваныя радкі пра сваю ўстанову. З вуснаў маленькіх дзяцей прагучала: “Создан ты для уюта – для хороших, добрых дел». А пасля ўсе разам – выхавальнікі і выхаванцы выканалі гімн установы. У ім спяваецца пра дом – сапраўдны, дзе не галоўнае сцены і вокны, а пануе любоў, дзе табе добра: “Дом это то, куда готов ты возвращаться вновь и вновь».

 Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч дзякаваў работнікам цэнтра за патрэбную працу. Ад імя працаўнікоў ДБПМК-32 ён таксама ўручыў установе грашовы сертыфікат.

 З падарункамі на свята прыйшлі ўсе госці. Свае віншаванні выказалі пракурор Столінскага раёна Дзмітрый Сяргеевіч Пазняк, намеснік начальніка Столінскага РАУС Юрый Мікалаевіч Бяствіцкі, старшыня Рэчыцкага пасвыканкама Ігар Мікалаевіч Курган.

 Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка павіншаваў усіх. І ўзнагародзіў лепшых работнікаў СПЦ граматамі аддзела адукацыі. Граматы атрымалі педагог-псіхолаг Віталь Паўлавіч Шэлест, выхавальнікі Алена Пятроўна Кішкар, Ала Фёдараўна Зубава, Наталля Іванаўна Майсіевіч.

 Падзячнымі лістамі былі ўзнагароджаны тыя, хто пастаянна аказвае дапамогу прытулку. Гэта галандская арганізацыя “Вясёлка”, валанцёры і кіраўнік Брэсцкага інтэрнэт-аб’яднання “Посланники добра”, прадпрымальнікі А. П. і А. Я. Каржоўнікі, С. Н. І Н. П. Пешка, з Брэста Г. В. Дзядуха, Рэчыцкі дом культуры, Мік Рынг з Вялікабрытаніі.

 Прадстаўнікі галандскай арганізацыі выйшлі на сцэну і паспрабавалі на рускай мове павіншаваць усіх са святам. Таксама яны зрабілі падарунак – арэлі, на якіх адразу дзеці змаглі пагушкацца.

 З арганізацыяй свята дапамаглі прадпрымальнікі “Алтан-Груп”, В. І. Стрыга, Рэчыцкі гарадскі дом культуры, Рэчыцкая дзіцячая школа мастацтваў, Столінскі цэнтр дзіцячай творчасці.

 Для гасцей быў наладжаны цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі выхаванцы ансамбля “Карамель” пад кіраўніцтвам Алены Валяр’янаўны Казеня. Спявалі Эдуард Пешка (мастацкі кіраўнік Анжаліка Васільеўна Калаур), а таксама вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Святланы Анатольеўны Петравец з Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў.


 Таццяна СЕГЕН