Хуткасць, гібкасць і творчасць

28.8.2014

Пад такім дэвізам 26 жніўня ў Столінскім гарадскім доме культуры прайшло плeнарнае пасяджэнне педагогаў раёна “Сістэма адукацыі раёна ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах: стан, перспектывы развіцця”.

Галоўнай тэме нарады быў прысвечаны і даклад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандра Мікалаевіча Вячоркі. У сваім выступленні ён нагадаў, што ў мінулым навучальным годзе сістэму адукацыі прадстаўлялі 89 устаноў – школы, гімназія, навучальна-педагагічныя комплексы, дашкольныя ўстановы, навучальна-вытворчы камбінат, цэнтры дзіцячай творчасці, раённы цэнтр турызму і краязнаўства, сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцяча-юнацкія школы і фізкультурна-спартыўны клуб.

У мінулым навучальным годзе быў адкрыты другі дом сямейнага тыпу, ФСК “Аквамарын”, ФСК у аг. Альшаны, дзіцячы сад у аг. Рамель, рэарганізавана Лядзецкая школа ў навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад сярэдняя школа. Разам з адкрыццём новых устаноў ідзе і аптымізацыя сістэмы адукацыі ў сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй, якая пагаршаецца ў некаторых населеных пунктах. З гэтага года спынілі сваё існаванне Бухліцкая базавая школа, Луткаўская пачатковая школа і Альшанскі міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат.

Дзіцячыя сады

Значна павялічылася за апошнія гады сетка дашкольных устаноў. Нарматыў сацыяльных стандартаў па забеспячэнні месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі выконваецца на 112 працэнтаў. Аднак з гэтага года ўведзена новая форма разліку. І згодна з ёю працэнт ахопу знізіўся да 75,5 працэнта.

У раёне вядзецца маркетынгавая і рэкламная дзейнасць па адкрыцці новых формаў дашкольнай адукацыі і на платнай аснове. Новымі формамі ахоплена 117 дзетак.

На стварэнне добрых умоў для навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту былі накіраваны мерапрыемствы Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. За мінулы год праграмныя расходы склалі 575,6 млн рублёў. На гэтыя сродкі набывалася сучасная дзіцячая мэбля, гульнявое абсталяванне, цацкі і спортінвентар, посуд, пасцельная бялізна. Пастаўлена 19 камп’ютараў, што забяспечыла ўключэнне дашкольных устаноў у адзіную інфармацыйную прастору.

Вялікую ўвагу калектывы дашкольных устаноў удзяляюць раскрыццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей. Эфектыўны вопыт работы калектываў Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада і дзіцячага сада № 4 р. п. Рэчыца па патрыятычным выхаванні. Музейная педагогіка выкарыстоўваецца ў дзіцячым садку № 1 аг. Альшаны, Асаўскім яслях-садзе, яслях-садзе № 2 аг. Альшаны. Алімпійскай адукацыі ўдзяляецца ўвага ў Манькавіцкім садку і яслях-садзе № 2 р. п. Рэчыца.

Экзамены

Нашы школы маюць адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці па колькасці медалістаў. У мінулым годзе іх было 40 (38 залатых і 2 сярэбраныя). 51,5 працэнта выпускнікоў здалі экзамен на высокім і дастатковым узроўні.

У мінулым навучальным годзе ў 20 школах было арганізавана вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні. Найбольш запатрабаванымі былі фізіка-матэматычны, філалагічны і хіміка-біялагічны напрамкі.

На ўзроўні раёна арганізавана работа 33 факультатываў, якія наведвалі 374 вучня.

Арганізавана прайшлі ўступныя экзамены ў 5 класы гімназіі. Залічана 48 вучняў. Прахадны бал склаў 44, а конкурс на адно месца – 1,3 чалавека. 

Алімпіядны рух

На базе гімназіі, СШ № 2 г. Століна і СШ № 1 г. Давыд-Гарадка, Беражноўскай школы арганізаваны рэсурсныя цэнтры, у летні перыяд працавалі профільныя летнікі.

Штогод павялічваецца колькасць прызёраў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. У гэтым годзе гэта было 14 дыпломаў (2013 – 12, 2012 – 8). Пераможцай заключнага этапу стала вучаніца Церабяжоўскай СШ Дар’я Ракала.

Нягледзячы на актыўны ўдзел у конкурсах назіраецца недастатковы ўдзел  у завочных алімпіядах, розных інтэлектуальных і творчых конкурсах. Іншым установам адукацыі трэба пераймаць вопыт гімназіі, СШ № 2 і 3 р. п. Рэчыца, Беражноўскай школы, якія актыўна працуюць у гэтым напрамку.

Актыўны ўдзел прымаюць нашы школьнікі ў навукова-практычных канферэнцыях. Ёсць перамогі на абласным узроўні.

Інавацыйныя праекты

З гэтага навучальнага года будуць укараняцца інавацыйныя праекты. У Столінскай гімназіі – “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнаснага навучання на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі на аснове метапрадметнага падыходу” і “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу з дапамогай развіцця крытычнага мыслення” ў СШ № 2 г. Століна.

Патрыятычные выхаванне

Ва ўстановах адукацыі важная роля адводзіцца ідэалагічнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Столінскі РФСК да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў распрацаваў чатыры маршруты па месцах баявой славы Столінскага раёна. Арганізавана 69 экскурсій, у якіх прынялі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Колькасць экскурсій, арганізаваных цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі склала 756 (прынялі ўдзел 16254 чалавекі), паходаў 201 (4328 чалавек).

Павялічваецца колькасць членаў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Станоўчая дынаміка назіраецца па ахопе гуртковай дзейнасцю.

За мінулы навучальны год было праведзена 215 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 17868 жыхароў раёна, для дзяцей было арганізавана 65 мерапрыемстваў (6724 удзельнікі). У выніку фізкультурна-аздараўленчай работы падрыхтавана 8 спартсменаў першаразраднікаў, 351 спартсмен масавых спартыўных разрадаў, 4 чалавекі перададзена ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі.

Спецадукацыя

У мінулым годзе закончылі навучанне па праграме спецадукацыі 20 вучняў. Летась былі адкрыты дзве дашкольныя групы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Рэчыцы і Альшанах.

Навучэнцы з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця прымаюць актыўны ўдзел не толькі ў раённых, а і абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах і становяцца іх пераможцамі.

Эфектыўнае кіраванне

Як стварыць умовы для эфектыўнага кіравання ўстановай адукацыі? Сваім вопытам дзялілася дырэктар Альгомельскага навучальна-педагагічнага комплексу яслі-сад сярэдняя школа Тамара Васільеўна Рудзяк. Яна адзначыла, што штуршком для развіцця ўстановы стаў новы будынак школы. Але школа – гэта не сцены, а цэлая сістэма. І задачу Альгомельскі НПК бачыць у развіцці інфармацыйна-камунікацыйнай адукацыі. Яны эфектыўна ўкараняюць інфармацыйныя тэхналогіі, стварылі на сваёй базе рэсурсны цэнтр, вядуць рэзультатыўную дзейнасць па ўкараненні эфектыўных формаў навучання. У рамках Года беражлівасці распрацаваны праект па энергазахаванні, які стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу.

Бацькі і школа

Як дабіцца яднання бацькоў і школы, каб разам выхаваць грамадзяніна краіны? Вопытам работы на базе СШ № 2 г. Століна дзялілася педагог сацыяльны гэтай установы Марына Іванаўна Яхнавец.

Яны выкарыстоўваюць новыя формы дзейнасці – круглыя сталы, дзелавыя гульні, дыспуты. Наладжваюць сумесныя паездкі і экскурсіі, у якіх бацькі і дзеці даведваюцца адзін пра аднаго больш цікавага і карыснага.

“Палескі журавель”

Ідэю стварэння клуба творчых педагогаў “Палескі журавель” агучыў лаўрэат абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, настаўнік працоўнага навучання Столінскай дзяржаўнай гімназіі Аляксандр Юр’евіч Камароў.

Ён адзначыў, што ўдзел у конкурсе дапамог яму паверыць у свае сілы. Ён заклікаў педагогаў не баяцца, а актыўна ўдзельнічаць, раскрывацца. Прызнаўся, што самае галоўнае для настаўніка – гэта словы вучняў: “Вы самы лепшы настаўнік!”. А каб пачуць гэтыя словы, трэба ўкласці ў дзіця цяпло свайго сэрца і верыць у яго, каб ён сам паверыў у сябе.

Беларускае слова лілося

… з вуснаў пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, вучаніцы Церабяжоўскай школы Дар’і Ракала. Яна расказала пра свой шлях да перамогі, пра хваляванні і радасці на шляху да перамогі. Дзяўчына гаварыла на прыгожай беларскай мове. А на заключэнне адзначыла, што неважна, у якой школе ты вучышся: вясковай ці гарадской гімназіі, бо ўсюды можна дабіцца выніку.

Крытыка з боку старшыні

У сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі засяродзіў увагу на якасці адукацыйнага працэсу. Аснова ведаў закладваецца ўжо ў дзіцячых садках, а там, на жаль, 36 працэнтаў выхавальнікаў не маюць спецыяльнай адукацыі, многія не павышаюць сваю кваліфікацыйную катэгорыю.

У параўнанні з мінулым годам знізіўся працэнт паступлення ў ВНУ. Нязначна, але гэта трывожны званочак, да якога трэба прыслухацца. Трэба бачыць прычыну і ў тым, што педагогі не павышаюць свой адукацыйны ўзровень. З вучнямі працуюць 24 працэнты настаўнікаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі. У гэтым годзе толькі чатыры педагогі атрымалі вышэйшую катэгорыю. Ён засяродзіў увагу, што работа па павышэнні якасці адукацыі павінна стаць прыярытэтнай.

Рыгор Васільевіч паўтарыў словы губернатара Брэсцкай вобласці аб тым, што на Століншчыне забылі, што ёсць універсітэты, бо ў нас няма ні аднаго ўніверсітэцкага класа.

Не хапае ў раёне спецыялістаў для СВК. А тыя, хто паступае ў сельскагаспадарчыя ВНУ, маюць вельмі нізкі бал атэстата.

Звярнуў увагу кіраўнікоў устаноў на прылягаючыя тэрыторыі. “Гэта твар педагагічнага калектыву,” – адзначыў старшыня.

Не абмінуў і тэму аптымізацыі сістэмы адукацыі. Пералік колькасці вучняў на аднаго педагога.

Выканкам добра ведае праблемы адукацыі. Ствараюцца новыя ўстановы, рэарганізуюцца старыя. Працягваецца будаўніцтва дзіцячага садка ў Рублі (кошт каля 24 млрд рублёў). Будуць рэканструяваны казармы ў Давыд-Гарадку, а на іх месцы адкрыецца новы дзіцячы садок. Разам з тым не хапае месцаў для дашкольнікаў у Століне, Давыд-Гарадку, Кароцічах.

Падзякаваў Рыгор Васільевіч усім за падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.

Узнагароды

Рыгор Васільевіч узнагародзіў лепшых з лепшых педагогаў раёна. Знак “Выдатнік адукацыі” атрымала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі В. В. Марчанка. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі – намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 2 р. п. Рэчыца Н. В. Трушко, настаўніца англійскай мовы гімназіі Н. С. Крыстэнсен, настаўніца матэматыкі СШ № 2 г. Століна В. А. Гайкевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Фядорскай СШ А. Г. Пачуйка; Граматамі Міністэрства адукацыі – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай гімназіі Т. Я. Жук, выхавальнік дашкольнай адукацыі Манькавіцкага ясляў-сада В. Д. Мацюх, настаўніца рускай мовы і літаратуры Белавушскай СШ В. М. Шубіч, загадчыца дзіцячага садка № 2 р. п. Рэчыца Л. П. Вярба.

Таксама былі ўзнагароды ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Развітанне

Шчымлівым стаў момант развітання. Сёлета пакінулі свой пост чатыры дырэктары ўстаноў адукацыі.

У 1974 годзе пачаў працоўную дзейнасць у Стахаўскай школе Віктар Аляксандравіч Капітанаў. З 1974 года ён быў нязменным дырэктарам Фядорскай школы. Яго дырэктарскі стаж – 40 гадоў.

35 гадоў нязменным дырэктарам СШ № 1 г. Давыд-Гарадка быў Канстанцін Іванавіч Сцяпура. Яго педагагічны стаж 40 гадоў.

Пётр Гаўрылавіч Кірэчка таксама мае 40-гадовы стаж дырэктара Мачульскай школы.

З 1978 года працаваў намеснікам дырэктара, а з 1994 года – дырэктарам Альшанскага міжшкольнага навучальна-вытворчага камбіната Мікалай Канстанцінавіч Быба.

Шэраг добрых слоў пачулі кіраўнікі на свой адрас. Іх віншавалі педагогі, дырэктары, кіраўніцтва. Гэтыя людзі застануцца ў летапісе адукацыі раёна як выдатныя кіраўнікі.

На мерапрыемстве гучалі музычныя нумары ў выкананні вучняў Рубельскай СШ, вучняў і настаўнікаў СШ № 2 г. Століна. Свой верш пра родны край прачытаў настаўнік гісторыі СШ № 1 г. Давыд-Гарадка Віктар Васільевіч Вабішчэвіч.

Таццяна СЕГЕН