Педагогі гандлявалі ідэямі

28.8.2014

22 жніўня ў Іванаве Брэсцкай вобласці прайшоў Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый, на якім педагогі Століншчыны прадалі шэраг цікавых ідэй і праграм.

Педагогі Іванаўскага раёна не адзін год удзельнічаюць у такіх мерапрыемствах у Расіі, дзе кірмашы педагагічных ідэй праводзяцца часта. На мерапрыемстве ў Іванаву і на гэты раз прысутнічалі дэлегацыі ад раёнаў Расіі.

Наш раён упершыню прыняў удзел у такім мерапрыемстве. Аднак ідэі, распрацоўкі, майстар-класы педагогаў Століншчыны карысталіся попытам. Дыскі з напрацоўкамі разыходзіліся бы гарачыя піражкі.

13 нашых педагогаў рабілі прыстэндавы даклад, у якім рэкламавалі свае работы, трое прадавалі “тавар” на аўкцыёне, шасцёра давалі майстар-класы.

Уваход на майстар-класы быў платным (дарэчы, як і сам удзел у кірмашы). Сродкі за білеты аддадзены педагогам. Сваім вопытам на майстар-класах дзяліліся выхавальнік групы прадоўжанага дня Беражноўскай СШ Алена Мікалаеўна Цімашук, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 3 г. Століна Наталля Васільеўна Савончык, дырэктар СШ № 2 г. Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая, настаўнік тэхнічнай працы Столінскай гімназіі Аляксандр Юр’евіч Камароў, настаўнік матэматыкі Ірына Валер’еўна Пачко і  настаўнік замежнай мовы Наталля Анатольеўна Новік гэтай жа ўстановы, настаўніца замежнай мовы Стружскай СШ Наталля Уладзіміраўна Казуля.

На аўкцыёне гандлявалі настаўнік матэматыкі Церабліцкага НПК яслі-сад СШ Валерый Мікалаевіч Рудзецкі, загадчыца Церабяжоўскага ясляў-сада Святлана Міхайлаўна Новік, настаўнік біялогіі Церабяжоўскай СШ Аляксандр Уладзіміравіч Грэчка.

Усе ўдзельнікі прызналіся, што атмасфера на мерапрыемстве была творчай, добразычлівай. Яны не толькі змаглі прадаць свой вопыт, напрацоўкі, а і набыць шмат чаго для сваёй далейшай дзейнасці.

Загадчык навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка адзначыла:

-          Педагагічны кірмаш – гэта механізм прыцягнення і прасоўвання новых методык і тэхналогій, аўтарскіх праектаў і перадавых ідэй. Ён дазваляе ўздзейнічаць на якасць адукацыі, цікавіць, дапамагае пабудаваць прафесійную і жыццёвую траекторыю педагога.

Такія мерапрыемствы дазваляюць па-іншаму паглядзець на той аб’ём работы, які вядзецца ў раёне, ацаніць свае напрацоўкі і разам з тым пераняць нешта новае для развіцця адукацыі раёна. І такая форма работы, дзе за ідэю трэба заплаціць, прыносіць большую карысць, працуе больш эфектыўна.

Усё, што прадавалі педагогі раёна на кірмашы, былі напрацоўкі педагогаў, якія займаюцца ў творчых групах.

Па выніках мерапрыемства шэраг нашых педагогаў атрымаў граматы, дыпломы, падзячныя лісты, а ўсе ўдзельнікі – сертыфікаты. Акрамя таго падзячным лістом узнагароджаны начальнік аддзела адукацыі А. М. Вячорка і загадчыца метадычнага кабінета В. А. Грэчка. Кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама адзначыла актыўнасць педагогаў Століншчыны і значнасць работ дэлегацыі нашага раёна.

Таццяна СЕГЕН