Школа адпачынку

23.6.2014

Прышкольны адпачынак у самым разгары.  1505 дзяцей папраўляюць стан свайго здароўя на базах сваіх устаноў адукацыі, 43 чалавекі займаюцца ў лагеры працы і адпачынку пры Столінскім ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці (для іх наладжана дзве змены), для цяжкіх падлеткаў працуе лагер з кругласутачным знаходжаннем, у якім адпачнуць у дзве змены 60 чалавек.

Паглядзець на адпачынак, пагутарыць з дзецьмі, даведацца пра праблемы, якія стаяць на шляху арганізатараў, паспрабаваў карэспандэнт “НП” у час сумеснага рэйду з зацікаўленымі службамі. 

Фотагалерэя “Вясёлкі”

У прышкольным лагеры СШ № 1 г. Давыд-Гарадка 50 дзяцей і яшчэ 59 выхаванцаў у спартыўным лагеры, які таксама наведваюць вучні гэтай жа школы. Размяшчаюцца дзеці ў старым драўляным будынку. Там жа спяць, праводзяць пэўны перыяд часу. Калі дазваляе надвор’е, то імкнуцца быць на свежым паветры, адпраўляюцца на экскурсіі. Вось і мы ўбачылі дзяцей літаральна на хвіліну, а пасля яны накіраваліся на экскурсію.

-          За навучальны год дзецям надакучыла школа. Было б цудоўна арганізаваць такі ж лагер на базе былой ваеннай часці. Там цудоўная база. Трэба толькі навесці парадак. І можна збіраць дзяцей з Давыд-Гарадка, бліжэйшых вёсак. Ім было б намнога цікавей, жадаючых адпачываць там было б больш. З імі гэтак жа працавалі б нашы педагогі, ежу магла б рыхтаваць наша сталовая, - дзеліцца дырэктар СШ № 1 г. Давыд-Гарадка Канстанцін Іванавіч Сцяпура.

У школе зроблены цудоўны каляровы куточак, у якім можна даведацца пра работу лагера, планы, а яшчэ вывешваюцца новыя фотаздымкі мерапрыемстваў і экскурсій, на якіх пабывалі дзеці.

У першыя дні былі праблемы з харчаваннем. Першапачаткова завезлі прадукты толькі на 50 чалавек прышкольнага лагера, а спартыўны не ўлічылі. Зараз сітуацыю выпраўляюць.

Запрашаюць “Старты”

Лагер у аграгарадку Велямічы сустрэў нас групай дзяцей, гатовых да спартландыі, якая праходзіла на спартыўнай пляцоўцы.

-          Як вас кормяць? – пытаю ў наведвальнікаў.

-          Цудоўна! – хорам адказваюць яны.

-          Падабаецца вам тут адпачываць?

-          Так!

Усяго ў лагеры 40 дзетак. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якім менш за 10 гадоў, абсталяваны спальні. Утульна выглядае сталовая, у якой сталы засцелены прыгожымі абрусамі, стаяць кветкі “хэнд-мэйд”.  На абед для дзетак падрыхтаваны салат, на першае – боршч са свежай капусты, на другое – смажаніна, яшчэ сок, яблык.

На свежым паветры, у час сваіх спаборніцтваў наведвальнікі “Стартаў”, пэўна, нагулялі апетыт.

Турград у Давыд-Гарадку

Наведвальнікі прышкольнага лагера СШ № 2 г. Давыд-Гарадка накіраваліся на экскурсію.  Згодна з планам у іх быў паход “Прырода роднага краю”, з турыстычнымі спаборніцтвамі,  песнямі  і конкурсам  малюнкаў. Увесь дзень назвалі “Турградам”.

Усяго тут 46 дзетак. Дырэктар лагера Юлія Васільеўна Казуля расказала, што каб не адчуваць праблем з наборам дзяцей, яшчэ ў студзені пачала работу з бацькамі, тлумачыла, што пуцёўкі будуць каштаваць даражэй, што дзеці будуць пад наглядам, атрымліваць збалансаванае харчаванне.

У школу – без канікул

…можна хадзіць, калі гэта такая сучасная і камфортная школа, як СШ № 2 аг. Альшаны. Мы трапілі на абед. Дзеці з задавальненнем елі другую страву – бульбу з рыбай. Яны расказалі, што кормяць іх цудоўна, што ім тут падабаецца, што спяць з задавальненнем.

Дырэктар лагера Галіна Сцяпанаўна Стаднік правяла па пакоях, у якіх займаюцца дзеці. Сучасныя спальні, сучасныя кабінеты. Перад сном дзеткі мылі ногі і ўжо літаральна сонныя накіроўваліся ў свае ложкі.

Тут лагер наведваюць 60 дзетак.

Салёная творчасць

У летніку СШ № 1 аг. Альшаны 64 рознаўзроставыя  дзіцяці. Меншыя на ўсю рыхтаваліся да сну. Яны з дапамогай настаўнікаў мылі ногі: гарачую ваду бяруць у сталовай.

Старэйшыя дзеці яшчэ працягвалі займацца цікавымі справамі. Яны праз дзень наведваюць розныя гурткі. Дзяўчынкі паказалі, якія рэчы яны ствараюць з салёнага цеста. Проста здорава! Хлопцы завіхаліся над лега, некалькі дзяўчат фантазіравалі з каляровай паперай.

…Лагеры закончаць сваю работу 24-25 чэрвеня. Вельмі хочацца, каб у дзяцей і астатняя частка лета была не менш насычанай і карыснай, як гэтыя дні, праведзеныя ў прышкольных лагерах. Лета павінна прыносіць здароўе!

Таццяна СЕГЕН