У добры шлях, выпускнікі!

17.6.2014

Апошні школьны вальс.  Сустрэча світання.  Развітальныя словы. Абяцанні не забываць і сустракацца…

12 чэрвеня ва ўсіх школах Століншчыны прайшлі выпускныя балі – урачыстыя, шчымліва-радасныя, прыгожыя, кветкавыя. Юнакі ў строгіх касцюмах  і дзяўчаты ў бальных сукенках назаўжды развіталіся з роднай школай, каб акунуцца ў дарослае жыццё.

Ужо стаў традыцыйным для райцэнтра агульнагарадскі выпускны баль. Настаўнікі, выпускнікі, бацькі калонамі ў суправаджэнні аркестра ідуць ад парку “Манькавічы” да плошчы Леніна. Гэта 38 юнакоў і дзяўчат 53-га выпуску Столінскай гімназіі; 41 навучэнец СШ № 2 г. Століна, які стаў 40 выпускам у гісторыі школы; 56 выпускнікоў СШ № 3 г. Століна - гэта 25-ы выпуск  установы.

Права падняць дзяржаўны сцяг дадзена лепшым вучням школ – Дзмітрыю Бруцкаму (гімназія), Аляксандры Пашкевіч (СШ № 2 г. Століна) і Мікалаю Пачко (СШ № 3 г. Століна). Пасля вучні ўрачыста ўскладаюць кветкі да брацкай магілы.

З вітальным словам да выпускнікоў звяртаецца старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Ён зычыць  добрага шляху, ускладае надзеі на маладое пакаленне, якое павінна заўжды славіць родную зямлю.

Віншуе выпускнікоў  настаўніца пачатковых класаў Столінскай дзяржаўнай гімназіі Алена Рыгораўна Герасімчук.  Ад імя бацькоў дзякуе педагогам, дае наказ дзецям Таццяна Аляксандраўна Стральчук.

Удзячныя словы бацькам, настаўнікам, родным школам выказвае выпускніца СШ № 2 г. Століна Ганна Дзянішчыц.

Залатымі і сярэбранымі медалямі выпускнікоў школ узнагароджвае старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Падзячныя лісты за выхаванне дзяцей атрымліваюць бацькі медалістаў з рук начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.

Залатымі медалямі ўзнагароджаны Дзмітрый Бруцкі, Ірына Стоўба, Крысціна Пратасавіцкая, Яна Літвінка, Ганна Бухавецкая (Столінская гімназія), Ганна Дзянішчыц, Аляксандра Пашкевіч, Генадзь Стральчук (СШ № 2 г. Століна), Анастасія Стральчук (СШ № 3 г. Століна) і сярэбраным медалём –гімназістка Вераніка Кухарэвіч.

Многія з выпускнікоў ужо маюць высокія творчыя дасягненні, з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця горада, а таксама спартсменамі і актывістамі. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ганну Дзянішчыц, Галіну Вярэніч, Крысціну Пратасавіцкую, Ірыну Стоўба, Аляксандра Шаламіцкага, Марыю Бут-Гусаім узнагародзіў начальнік ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба.

Алесю Курчэня, Вераніку Рабец, Яўгена Цымбалюка, Аляксандру Пашкевіч, Карыну Варанкову, Ілью Яхнаўца – другі сакратар Столінскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Алена Аляксандраўна Чупік.

Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Анатоль Іванавіч Семянчук адзначыў тых, хто прымаў актыўны ўдзел у спартыўным жыцці. Гэта Генадзь Стральчук, Сяргей Падкапаеў, Анатоль Калюта, Іван Шаламіцкі, Дзмітрый Грыб і Уладзімір Дабрынец.

А пасля былі запаветныя жаданні, якія паляцелі на паветраных шарах высока ў неба пад гукі песні “Дзяцінства”.

Ужо стала традыцыяй, што выпускнікі не толькі атрымліваюць узнагароды, прымаюць віншаванні, а і самі актыўна ўдзельнічаюць. Першымі сваю святочную візітку паказалі навучэнцы СШ № 3 г. Століна. Пасля слова ўзялі выпускнікі СШ № 2 г. Століна і на галоўную сцэну запрасілі гімназістаў.

Прыгожыя танцы нікога не пакінулі раўнадушнымі. Мілыя дамы і галантныя кавалеры – усё як на сапраўдным балі 18 стагоддзя. А пасля выпускнікі выканалі развітальную песню.

Для іх на танцавальнай пляцоўцы быў падрыхтаваны сюрпрыз – група “Без білета” прыехала са сваімі музычнымі нумарамі і віншаваннямі.  Там маладыя людзі атрымалі зарад энергіі, бадзёрасці, яны танцавалі, спявалі разам з вядомымі выканаўцамі.

А пасля ўсе разышліся па школах. Там свята працягнулася. Выпускнікам былі ўручаны атэстаты аб атрыманні сярэдняй адукацыі.

Пабывала ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі. Выпускнікі са сваімі класнымі кіраўнікамі пад апладысменты ўвайшлі ў залу. Пасля на сцэну падняўся астролаг, які даваў прадказанні знакам задыяку. Настаўнікі ўручалі атэстаты, даючы наказы, расказваючы прытчы.

…У добры шлях, выпускнікі!

Таццяна СЕГЕН