Свята дзяцінства і талентаў

6.6.2014

У Міжнародны дзень абароны дзяцей юных жыхароў горада і іх бацькоў запрасіў Столінскі дом культуры.

Да ўдзельнікаў свята з вітальным словам звярнулася загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Аляксееўна Ярмоліч. Яна нагадала прысутным аб тых захадах, якія робяцца дзяржавай па ахове дзяцінства ў нашай краіне і ў прыватнасці на Століншчыне.

Пачалося мерапрыемства тэатралізаваным паказам у выкананні ўдзельнікаў народнага драматычнага тэатра “Пагарынне” і  дзіцячых танцавальных калектываў Столінскага ГДК і Столінскай школы мастацтваў. У Казачнае царства прыроды гледачоў запрасіла галоўная гераіня — Царыца пораў года. Сустрэчы з казачнымі персанажамі – Бабай Ягой, Шапакляк, Крыскай Ларыскай, Катом Буянам, Мядзведзем і іх неверагодныя прыгоды  ішлі  ўперамежку з танцавальнымі нумарамі і суправаджаліся гульнямі і конкурсамі.

Да рэчы будзе сказаць, што ў горадзе  75 дзетак займаюцца ў танцавальных калектывах, з іх 45 – у гуртках на платнай аснове. Яны пастаянныя ўдзельнікі ўсіх гарадскіх і раённых святаў.

Сваю гульнявую праграму падрыхтавалі выхаванцы Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

З рэкламнай акцыяй “Дзяцінства бясцэннае!” выступілі супрацоўнікі РКЦ № 21 ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Століне. Яны расказалі пра ўмовы дагавора тэрміновага банкаўскага ўкладу дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі!”, згодна з якой усе рабяты, на чыё імя аформлены банкаўскі ўклад, атрымліваюць на свой дзень нараджэння падарунак ад банка. Хто заключыць такі дагавор падчас дзеяння акцыі — з 1 чэрвеня па 1 жніўня 2014 года, атрымаюць кепку з сімволікай Белаграпрамбанка.

Акрамя таго супрацоўнікі ўручылі падарункі імяніннікам чэрвеня, а таксама правялі конкурс малюнкаў “Банк вачамі дзяцей”, у якім прынялі ўдзел 44 дзіцяці. Юныя мастакі адлюстравалі плацёжныя карты, грашовыя купюры, лагатып банка, нумар тэлефона даведачнай службы і амаль усе — будынак установы, часам з элементамі добраўпарадкавання і кветкавымі клумбамі. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі сувеніры, рэкламную прадукцыю і салодкія прызы.

Галіна  ГАШЧУК