У пошуках гармоніі

19.5.2014

15 мая – у Дзень сям’і ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі адбыўся незвычайны раённы  бацькоўскі сход – прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, апекуноў. На яго з усяго раёна прыехалі бацькі, каб падзяліцца сваімі праблемамі, даведацца пра новаўводзіны ў заканадаўстве, паказаць, чаго яны дасягнулі ў выхаванні сваіх дзяцей.

Усіх сустракала выстаўка работ – шыкоўных карцін, вышыванак, падзелак. Гэта дзеці, якія па той ці іншай прычыне засталіся без бацькоў, ствараюць такія цудоўныя рэчы. Трапіўшы ў пэўны асяродак дабрыні, спагады і любові, яны развіваюць свае здольнасці, у іх адкрываюцца таленты.

Метадыст навучальна-метадычнага кабінета Алена Сяргееўна Крывапуст нагадала пра гісторыю Дня сям’і і прапанавала пачаць сустрэчу з усмешкі адзін аднаму. Кожны усміхнуўся свайму суседу – і адразу падняўся настрой, хатнія праблемы засталіся дома.

Адкрыла мерапрыемства загадчыца сектара аховы дзяцінства Святлана Аляксееўна Ярмоліч, якая пазнаёміла са зменамі ў нарматыўна-прававым забеспячэнні пры стварэнні і суправаджэнні замяшчаючай сем’і.  Напрыклад, прыёмная сям’я мае права звяртацца за кампенсацыяй сродкаў, калі дзіцяці патрэбны медыкаменты ці сродкі рэабілітацыі.

Прыёмныя бацькі – гэта прафесія, таму кожны з іх мае права на водпуск. На гэтым таксама засяродзіла ўвагу Святлана Аляксееўна.

Алена Сяргееўна Крывапуст зачытала рэкамендацыі педыятра наконт здаровага ладу жыцця і падлеткаў, а таксама  нагадала, што кожны з прыёмных бацькоў мае магчымасць звяртацца па дапамогу, па кансультацыі як у аддзел адукацыі, метадычны кабінет, так і ў сацыяльна-педагагічны цэнтр р. п. Рэчыца, да медыцынскіх работнікаў. Бо не заўжды можна справіцца са сваімі праблемамі ці пытаннямі самастойна.

Сваім вопытам выхавання прыёмных дзяцей падзялілася Валянціна Георгіеўна Ведзянеева, якая расказала пра сваю сям’ю і традыцыі, што склаліся ў ёй.

Пра паспяховае бацькоўства гаварыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Столінскага раёна Ала Яўгенаўна Цымбалюк. Яе выступленне насіла больш практычны характар. Яны абыгралі канкрэтныя сітуацыі, як бацькі павінны сябе весці пры пэўных абставінах.

Пакуль бацькі абмяркоўвалі дарослыя пытанні, з дзецьмі працавала педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Сняжана Рыгораўна Велясніцкая. А пасля да дарослых далучыліся і дзеці. Яны выходзілі на сцэну са сваімі канцэртнымі нумарамі – прыгожыя, шчаслівыя, яны спявалі і танцавалі, чыталі вершы. І немагчыма было падумаць, што іх некалі пакінулі бацькі, бо на самай справе САПРАЎДНЫЯ бацькі знайшлі іх зараз. І закончылася мерапрыемства песняй, якую выканала маці-выхавальніца дома сямейнага тыпу Святлана Анатольеўна Кананчук разам з дзеткамі.

Таццяна СЕГЕН