Мы – сувязь пакаленняў

28.4.2014

25 красавіка на базе СШ № 3 г. Століна прайшла раённая краязнаўчая канферэнцыя вучняў “Подзвігу жыць у вяках!”, удзел у якой прынялі каля трыццаці вучняў з 18 устаноў адукацыі.

Пачалася канферэнцыя яркім патрыятычным выступленнем вучняў Глінкаўскай школы. Апранутыя ў плашч-палаткі, яны выканалі шэраг ваенных песень, пазнаёмілі з гісторыяй стварэння музычных твораў  таго часу, нагадалі асноўныя падзеі, звязаныя з песняй. Прыгожа і шчымліва было глядзець на “Вальс франтавой сястры”, які танцавалі медсястра і салдат, а хор вучняў выканаў. 

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Сяргееўна Шугалевіч уручыла рабятам сертыфікат удзельнікаў канферэнцыі.

Перадгісторыяй сталі і прыгожыя словы вядучай Алены Сяргееўны Крывапуст. Яна вяла сцежкамі вайны, нагадваючы аб значнасці тых вялікіх баёў, аб тых шляхах, якімі прайшлі нашы продкі, абараняючы сваю Радзіму. “Наш абавязак перадаваць памяць пра тыя гады наступным пакаленням, бо мы – сувязное звяно паміж мінулым і будучыняй,” – нагадала Алена Сяргееўна.

Далей удзельнікі разышліся па трох секцыях – “Гісторыя аднаго медаля” і “Дакументальны сведак вайны”; “Ад абеліска да абеліска” і “Экспанат, які раскажа”; “Лёс сям’і ў лёсе краіны”.

Многія з вучняў зрабілі вялікую работу ў час падрыхтоўкі да выступлення. Напрыклад, Аліна Масальская (СШ № 2 г. Століна) у рабоце “І памяць сэрца гаворыць…” расказала пра тое, як яны шукалі родзічаў загінуўшага салдата, як яго родзічы прыехалі ў Столін, як яны сустракаліся і дзяліліся ведамі пра гэтага чалавека. У гэтай работы першае месца ў секцыі “Ад абеліска да абеліска”. На другім месцы даследчая работа вучаніцы Плотніцкай СШ Юліі Пратасавіцкай “Абеліскі патрэбны не мёртвым….” На трэцім месцы работа Уладзіслава Калошы з Церабяжоўскай СШ. Ён апавядаў пра невядомыя помнікі, якія знаходзяцца ў ваколіцах яго вёскі.

У секцыі “Дакументальны сведак вайны” і “Гісторыя аднаго медаля” першае месца ў Андрэя Неўдаха і Яны Стасевіч з Каладнянскага НПК яслі-сад БШ. Яны на прыкладзе сведкаў вайны - ветэрана, вязня і дзіцяці вайны паведамілі пра лёс краіны ў той час. Другое месца ў вучня СШ № 2 аг. Альшаны Міхаіла Пашкевіча. Ён гаварыў пра Вялікую Айчынную вайну вачамі ветэрана. Трэцяе месца падзялілі Кацярына Леанавец (Столінская дзяржаўная гімназія) і Дзіяна Пятрэнка з Алёнай Мазговай з Вялікамалешаўскай СШ. Кацярына падрыхтавала работу “Гісторыя Залатой Зоркі”, а вучні Вялікамалешаўскай СШ – пра дакументальнага сведку вайны.

У трэцяй секцыі “Лёс сям’і ў лёсе краіны” было найбольш матэрыялаў, якія прасякнуты ўспамінамі людзей, што прайшлі праз той жудасны час. У Надзеі Андрэйкавец з Альгомельскага НПК Яслі-сад СШ з работай “Памяць патрэбна жывым” першае месца. На прыкладзе сям’і Кавалец дзяўчына паказала пра розныя лёсы блізкіх людзей, якіх не пашкадавала вайны. Нехта з іх не вярнуўся з фронту, нехта быў замучаны ў канцлагеры, нехта перажыў блакаду Ленінграда. І яны былі яшчэ падлеткамі, калі сам-насам сустрэліся з вайною. Другое месца ў Аляксея Шыкунца з Лядзецкага НПК яслі-сад СШ. Ён гаварыў пра ўзор самаадданага служэння Радзіме на прыкладзе сям’і Панчанкаў. Трэцяе месца ў вучняў Беражноўскай школы Алёны Мінькевіч і Маргарыты Карповіч. Дзяўчаты апавядалі пра лёс вёскі Беражное ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У склад журы ўвайшлі не толькі работнікі аддзела адукацыі, а і Столінскага краязнаўчага музея і Столінскага райваенкамата. Кожную работу аналізавалі, давалі пэўныя парады па дапрацоўцы. Асаблівыя словы гучалі на адрас  тых вучняў, хто за аснову свайго даследавання браў канкрэтнага чалавека. Бо любы этап гісторыі – гэта людзі, якія жывуць у гэты час. Іх успаміны, перажыванні, іх асабісты ўклад у стварэнне – гэта тое, што трэба даследваць і вывучаць. Паўтару выраз, які неаднойчы гучаў на канферэнцыі  “Гістрыя патрэбна не мёртвым, а нам, жывым”, каб памятаць, каб зноў не паўтарылася тая жудасная трагедыя. І мы павінны збіраць па рэштках успаміны людзей, якія з’яўляюцца сведкамі вайны і яшчэ жывуць. З году ў год такіх становіцца менш і менш, а мы – як сувязь пакаленняў -  павінны перадаць успаміны сваім нашчадкам.

Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі сертыфікаты, а пераможцы дадаткова будуць узнагароджаны дыпломамі.

Таццяна СЕГЕН