Лепшыя юныя інспектары

23.4.2014

У нядзелю, 13 красавіка, на базе СШ № 3 г. Століна прайшоў традыцыйны, 35-ты па ліку, злёт юных інспектараў дарожнага руху, які штогод праводзяць аддзел адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама і АДАІ Столінскага РАУС. У фінальным раённым этапе прынялі ўдзел 11 каманд, якія змагаліся ў сямі конкурсах.

 У конкурсе “Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху” першае месца заняла каманда Фядорскай СШ, другое – СШ № 3 г. Століна і трэцяе – Плотніцкай СШ. Усім удзельнікам быў раздадзены аднолькавы білет, на рашэнне якога адводзілася 10 хвілін. Лепшыя ўкладваліся ў 3-4 хвіліны. У асабістым заліку сярод юнакоў лепш з заданнем справіўся Аляксандр Гуцко (СШ № 3 г. Століна). Дарэчы, ён адзіны з усіх удзельнікаў злёту, хто дапусціў адну памылку. Другое месца заняў Уладзімір Ядлоўскі (СШ № 2 г. Давыд-Гарадка), трэцяе – Антон Харанека (СШ № 1 аг. Альшаны). Сярод дзяўчат лепшае веданне правілаў паказала Святлана Вабішчэвіч (Плотніцкая СШ), якая дапусціла дзве памылкі, ці, як кажуць, “загнала дзве шайбы”, на другім месцы размясцілася Святлана Радцэвіч (Фядорская СШ) і на трэцім Ірына Ільіна (СШ № 2 г. Століна). Дарэчы, як адзначылі супрацоўнікі ДАІ Юрый Апановіч і Віталь Буян, якія прымалі экзамен, лепш з заданнем справіліся дзяўчаты, дзе барацьба за трэцюю ступеньку была больш вострай.

 У конкурсе “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” першае месца заняла каманда СШ № 3 г. Століна, другое – СШ № 2 г. Століна і трэцяе – Фядорскай СШ. Змагаліся рабяты і ў конкурсе “Фігурная язда на веласіпедзе”, дзе менш за ўсіх дапусцілі памылак на трасе прадстаўнікі Плотніцкай СШ, другімі тут сталі рабяты з Аздаміцкай СШ, трэцімі – СШ № 3 г. Століна. У асабістым заліку сярод юнакоў тут атрымаў перамогу Аляксей Паўловіч (Аздаміцкая СШ), другім стаў Аляксандр Гуцко (СШ № 3 г. Століна), трэцім – Іван Мароз (Веляміцкая СШ). Сярод дзяўчат першынствавала Святлана Вабішчэвіч (Плотніцкая СШ), другой стала Яніна Наскевіч (Аздаміцкая СШ), трэцяй – Кацярына Буйніч (Фядорская СШ).

 У конкурсе “Ваджэнне веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху” перамагла каманда Стружскай СШ, другое месца заняла каманда Аздаміцкай СШ, трэцяе – Плотніцкай СШ. У асабістым заліку сярод юнакоў лепш з заданнем справіўся Дзмітрый Царук (Стружская СШ), другім стаў Уладзіслаў Міхлюк (Аздаміцкая СШ) і трэцім – Віталь Скрабейка (СШ № 1 аг. Альшаны). Сярод дзяўчат першынствавала Таццяна Белавус (Стружская СШ), другой стала Алеся Неўдах (Плотніцкая СШ) і трэцяй – Ганна Яшчук (Глінкаўская СШ).

 У конкурсе-прэзентацыі “Мой атрад” перамагла каманда СШ № 3 г. Століна, другой стала каманда Плотніцкай СШ, трэцяй – Фядорскай СШ. У конкурсе “Аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму” лепшыя веды паказалі рабяты са Столінскай СШ № 3, крыху адсталі ад іх прадстаўнікі Плотніцкай СШ, замкнулі тройку прызёраў рабяты з СШ № 2 г. Давыд-Гарадка.

 У агульнакамандным заліку перамогу атрымала каманда СШ № 3 г. Століна, якая будзе прадстаўляць раён на абласным занальным этапе ў г. Пінску, які пройдзе 28 красавіка. У выпадку патраплення ў тройку лепшых каманда прыме ўдзел у абласным фінале, які пройдзе ў абласным цэнтры 14-16 мая.

 Каманды-прызёры і тройка лепшых у асабістых спаборніцтвах былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, Столінскай ЦРБ. Таксама тройка лепшых каманд атрымала падарункі ад АДАІ Столінскага РАУС.

 Аляксандр

 НІКІФАРЭНКА

 Фота аўтара