Ганаруся дасягненнямі, але галоўныя – наперадзе!

16.4.2014

У пятніцу, 11 красавіка, у Столінскай дзяржаўнай гімназіі адбыўся фінальны этап раённага конкурсу “Вучань года – 2014”, удзел у якім прынялі шэсць чалавек.

Першапачаткова ўдзельнічалі 12 чалавек, якія членам журы падалі свае творчыя праекты да 70-годдзя Перамогі  і партфоліа. Зыходзячы з гэтых матэрыялаў былі выбраны самыя лепшыя вучні, якія і сталі фіналістамі конкурсу.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка ўжо адзначыў несумненную перамогу кожнага з удзельнікаў і пажадаў ім рэалізаваць яшчэ адну магчымасць – адкрыць у сабе ў час конкурсу новыя таленты.

Хто яны – фіналісты? Вучаніца 9 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Кацярына Леанавец захапляецца харэаграфіяй і спявае; вучань 10 класа СШ № 3 г. Століна Алег Шурыгін асаблівую цікавасць праяўляе да матэматыкі і з’яўляўся ўдзельнікам конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”; вучань 11 класа СШ № 2 г. Давыд-Гарадка Аляксандр Цубер захапляецца фотаздымкамі і рыбалкай; вучаніца 10 класа СШ № 2 р. п. Рэчыца Вольга Цыпух з’яўляецца рэдактарам школьнай газеты “Гармонія”; у вучаніцы 11 класа Беражноўскай СШ Маргарыты Карповіч жыццёвае крэда “Не чакай цудаў – рабі іх сам!” ; вучаніца 11 класа Стружскай СШ Ілона Пінчук з’яўляецца старшынёю вучняўскага самакіравання.

Усе яны разумныя, таленавітыя, прыгожыя. Кожны з іх імкнецца да перамогі, бо звык быць першым у сваім класе, у сваёй школе, на конкурсах і канферэнцыях. Яны маюць узнагароды і дыпломы не толькі раённага, а і абласнога маштабу.

Ужо самапрэзентацыя “Давайце пазнаёмімся” паказала, якія цікавыя ўдзельнікі, колькі ў іх захапленняў.

Пра Вольгу Цыпух знялі невялікі ролік, у якім яна стала гераіняй школьных навін, а пасля дзяўчына прачытала пра сябе верш “Я такая як ёсць”. Больш раскрыла дзяўчыну інтэрв’ю, у якім яна адказвала на самыя розныя пытанні. “Я ганаруся сваімі дасягненнямі – невялікімі, але ж у мяне яшчэ ўсё наперадзе”, - адзначыла дзяўчына.

Пад другім нумарам выступала Кацярына Леанавец. Уся праграма гэтай дзяўчыны была вельмі яркай, насычанай, відовішчнай. Пра Кацю чыталі рэп. А вось яна – добрая вучаніца, якая разбіраецца ў часціцах і субстанцыях, паспрабавала перамясціцца ў часе, але трапіла … у суседнюю Украіну, дзе ёй прапанавалі пайсці ў ЕС, але яна адмовілася, бо з’яўляецца патрыёткай СНГ. Далей яна перамясцілася на Усход, дзе ёй прапанавалі стаць каханай жонкай. Але зноў адмова, бо яна супраць прыцяснення правоў жанчыны. Пасля – Старажытны Кітай, жыхарам якога яна падарыла рэцэпт пораху. Усё гэта праходзіла пад сцягам БРСМ, членам якога з’яўляецца Кацярына.

Пра Маргарыту Карповіч расказалі яе сяброўкі. Гэтая разнапланавая дзяўчына марыла быць то клоунам, то поварам. Маргарыта пастаянны экскурсавод у школьным музеі. Там яна сустракае і замежных гасцей, для якіх праводзіць экскурсіі на англійскай мове. І зараз яна марыць стаць настаўніцай англійскай мовы.

Музычным было прадстаўленне Алега Шурыгіна. Пра сябе ён пачаў з чытання рэпу “Я ў гэтым фільме галоўны акцёр і сцэнарыст, і рэжысёр”. Юнак гуляе ў  КВЗ: “Мы ў такі КВЗ гуляем, што не адразу і зразумееш”. А разам з сябрамі ён “Мы нават Тайсана завалім, калі плотна возьмемся ў кола”.

Аляксандру Цуберу ў дзяцінстве расказалі пра Калумба. З такога часу хлопчык палюбіў караблі. І пра сваё жыццё ён расказаў як пра карабель, на якім падарожнічае. “Трывалая аснова майго карабля – гэта веды. Дзякуючы настаўнікам, я прайшоў доўгі шлях”, - гаварыў Аляксандр. Юнак іграе на гітары, робіць макеты караблёў, захапляецца фотаздымкамі, любіць спорт, як сапраўдны кок – любіць рыхтаваць самыя розныя стравы. Ён – капітан вялікага карабля, на якім маракі – яго аднакласнікі.

Пра Ілону Пінчк расказала відэа “Як я сюды трапіла”. Яна – актывістка, якую і прапанавалі аднакласнікі; яна – арганізуе гульні з малодшымі школьнікамі; яна – вучыць настаўнікаў танцаваць (і нават дырэктар запрасіў яе і папрасіў дапамагчы вывучыць некалькі танцаў).

Яшчэ адзін конкурс быў прысвечаны Году гасціннасці. Вучням трэба было стварыць сацыяльную рэкламу. Ілона Пінчук пазнаёміла са сваім аграгарадком. Аляксандр Цубер пад відэаролік пра Беларусь напісаў вершаваныя радкі. Алег Шурыгін стварыў відэаролік пра Столін, па якім ён, падарожнічаючы, расказваў і паказваў самыя цікавыя месцы Століна. Маргарыта Карповіч параўнала паняцце “гасціннасць” у розных краінах свету, правяла экскурс у гісторыю. Кацярына Леанавец прайшлася па помніках Століншчыны. А пачала сваё выступленне з таго, што ў нацыянальным адзенні прапанавала членам журы хлеб-соль.  Вольга Цыпух правяла гледачоў турыстычнымі маршрутамі Брэстчыны. Гэтае падарожжа было вельмі пазнавальным і цікавым, што адразу захацелася ўбачыць не бачанае.

Яшчэ адзін конкурс – “Розуму палата”, у якім было прапанавана прайсці інтэлектуальны марафон. Дзесяць пытанняў з самых розных галін – спорт, гісторыя, геаграфія, музыка, флора… Вы ведаеце, якую расліну называлі “травой ад 99 хвароб”? Ці які самы маленькі горад у Беларусі? А самы вялікі па плошчы раён?

Віншуючы пераможцаў, Аляксандр Мікалаевіч Вячорка адзначыў, што менавіта інтэлектуальны конкурс даў шанц выйсці наперад. Бо два папярэднія ўсе ўдзельнікі прайшлі практычна аднолькава.

Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі  аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама салодкасцямі  АА Т“Берасцейскіі пекар” філіяла Давыд-Гарадоцкі хлебазавод. А пераможца атрымала падарунак  ад ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама. І ёю стала Вольга Цыпух, якая дастойна прайшла ўсе выпрабаванні і цяпер носіць ганаровае званне “Вучань года – 2014”. Віншуем!

Паміж конкурснымі праграмамі гучалі мызычныя нумары, якія падрыхтаваны пад кіраўніцтвам работніка Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці  Анжалікі Васільеўны Калаур,  ў выкананні Вікторыі Тарасевіч, Галіны Вярэніч, Эдуарда Пешкі, квартэта “Вяснушкі” і музычнай студыі “Капель”.  Зацікавіў глядачоў і паказ мадэляў  аддзеня, што падрыхтавалі  выхаванцы Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Петрусевіч І.М.) і Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнікі Вабішчэвіч Н.М. і Лепілкіна В.Г.)- пераможцы раённага конкурсу “Залатое вераценца”

Таццяна СЕГЕН