Ад экалогіі да матэматыкі прайшлі шлях вучні-даследчыкі

31.3.2014

28 сакавіка на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшла восьмая раённая навукова-практычная канферэнцыя “Адкрываючы свет – адкрываю сябе”. Удзел у ёй прынялі 57 вучняў з 21 установы адукацыі, якія прэзентавалі 41 работу.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка адзначыў, што ў гэты дзень сабраліся тыя, хто рухае свет уперад:

-          Будзьце настойлівымі, працавітымі. Няхай ваш першы крок у навукойвай дзейнасці будзе мець працяг, - пажадаў Аляксандр Мікалаевіч. – Мы, дарослыя, спадзяёмся, што вы станеце вялікімі людзьмі, якія праславяць не толькі Століншчыну, а і Беларусь.

Напачатку канферэнцыі была невялікая канцэртная праграма, якую падрыхтавалі вучні школ і гімназіі г. Століна.

Загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка пазнаёміла з журы, якое ўзначальвалі выкладчыкі, дацэнты, кандыдаты розных навук Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Работа была арганізавана па сямі секцыях, на якіх абаранялі свае практычныя напрацоўкі вучні. Члены журы давалі канкрэтныя рэкамендацыі па дапрацоўках работ, па іх афармленні і г. д.

На канферэнцыі было прадстаўлена шмат цікавых тэм, якія тычыліся самых розных напрамкаў дзейнасці чалавека, прыроды, казачных персанажаў, звычак і традыцый, здароўя вучняў, гаворкі жыхароў нашай мясцовасці, народных песень і ткацтва Століншчыны.

Называючы пераможцаў канферэнцыі, старшыні журы давалі высокую ацэнку даследчай дзейнасці нашых школьнікаў, дзякавалі навуковым кіраўнікам, якія працавалі разам з вучнямі над такімі цікавымі і разам з тым складанымі тэмамі.

У секцыі “Замежная мова” трэцяе месца ў работы вучаніцы 10 класа Сямігосціцкай СШ Дзіяны Ермакевіч “Роль жанчыны ў славянскім і германскім грамадстве. Сярэдні век”, другое – у вучаніцы 10 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Яны Міранчук “Заклінанні ў творах пра Гары Потара”, першае – у вучаніц 10 класа  СШ № 2 г. Століна Крысціны Сала, Кацярыны Арсяновіч, Вікторыі Кузьміч, Аліны Лысюк “Рускія імёны па-англійску”.

У секцыі “Руская мова і літаратура” трэцяе месца ў вучаніцы 10 класа СШ № 2 г. Століна Настассі Палукошка “Сувязь фразеалагізмаў у лексічным складзе мовы сучаснага чалавека і баек Крылова”, другое – у вучаніцы 10 класа Столінскай гімназіі Маргарыты Сідарэвіч “Кветкі ў легендах, міфах і паэзіі”, першае у – вучаніцы 9 класа Альманскай СШ Яўгеніі Дзенісовіч “Лексіка мовы жыхароў вёскі Альманы. Выкарыстанне дыялектызмаў у мове мясцовага насельніцтва”.

У секцыі “Беларускай мова і літаратура” трэцяе месца ў вучаніцы 11 класа СШ № 3 г. Століна Алесі Краўчанка “Народныя песні Століншчыны”, другое - у вучаніцы 9 класа Столінскай гімназіі Яны Канеўскай “Лёс беларускай дзяўчыны 19 стагоддзя ў творчасці беларускіх пісьменнікаў” і першае ў вучаніцы 11 класа Сямігосціцкай СШ Анжалікі Чэчун “Каляронімы ў мове твораў Аркадзя Куляшова”.

Лепшымі даследчыкамі гісторыка-грмадскіх дысціплін і краязнаўства сталі вучні СШ № 2 г. Давыд-Гарадка Вераніка Базылевіч (8 клас) і Кацярына Кецька (9 клас) з работай “Цыгане шумным гуртам па Беларусі качуюць…” (3 месца), вучаніца 7 класа Альгомельскага НПК яслі-сад СШ Алена Мішкова “Развіццё народнага ткацтва на Століншчыне” (2 месца) і вучаніца 11 класа Стружскай СШ Юлія Ляшкевіч “Таленты, якія побач” (1 месца).

У секцыі “Фізіка-матэматычных дысціплін” трэцяе месца ў вучняў 11 класа Харомскага НПК яслі-сад сярэдняя школа Сяргея Домніча і Максіма Домніча “Уздзеянне камп’ютара на здароўе вучняў”, другое – у вучня 7 класа Столінскай гімназіі Мікалая Дзенісовіча “Спосабы стварэння тэставых заданняў сродкамі MicrosoftPowerPoint” і першае - у вучня 9 класа СШ № 2 р. п. Рэчыца Міхаіла Мальцава “Энергія, якую мы спажываем. Шляхі яе эканоміі”.

Журы секцыі “Біялогія і экалогія, хімія” вызначыла пераможцамі вучаніц 9 класа Столінскай гімназіі Кацярыну Леанавец і Горскую Ганну “Праблемы ёдадэфіцыту ў асяроддзі школьнікаў і сярод дарослага насельніцтва” (3 месца), вучня 8 класа СШ № 3 г. Століна Багдана Фадзеева “Біялагічная разнастайнасць і экалагічны стан інтрадуцыраваных голанасенных раслін парку “Манькавічы” і вучня 10 класа Сямігосціцкай СШ Васіля Пашкевіча “Рукакрылыя паўночнага ўсходу Столінскага раёна”.

У секцыі “Геаграфія і экалогія” лепшымі прызнаны работы вучаніц 10 класа Цераблічскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад –сярэдняя школа Ірыны Шпакевіч і Наталлі Шпакевіч “Кліматычныя асаблівасці паўднёва-ўсходняй часткі Брэсцкай вобласці” (3 месца), вучаніцы 10 класа СШ № 2 р. п. Рэчыца Вольгі Цыпух “Пагляд знутры: энергазберагаючыя лямпы” (2 месца) і вучні 10 класа Хорскай сярэдняй школы Мамайка Аляксандр, Кунай Аляксей занялі 1 месца па тэме “Выкапневыя акамянеласці Столінскага раёна”.

Таццяна СЕГЕН