Творчасць абласнога лаўрэата

19.3.2014
Настаўнік тэхнічнай працы Столінскай дзяржаўнай гімназіі Аляксандр Юр’евіч Камароў стаў лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года – 2014”. Па колькасці набраных балаў ён другі.
Нарадзіўся Аляксандр у Ніжнім Тагіле Свярдлоўскай вобласці на Радзіме бацькі Юрыя Аляксандравіча. Але хутка сям’я пераехала на Століншчыну, адкуль была маці Ірына Пятроўна.
Пасля заканчэння СШ № 2 р. п. Рэчыца паступіў у педагагічны інстытут імя П. І. Лебедзева ў г. Уладзіміры. Там атрымаў спецыяльнасць “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і працоўнае навучанне”. У 1993 годзе прыйшоў на работу ў СШ № 1 г. Століна, якая пасля была рэарганізавана ў гімназію, дзе і працуе зараз.
У гімназіі Аляксандр Юр’евіч выкладае тэхнічную працу, чарчэнне і асновы бяспекі жыццядзейнасці. У сваёй рабоце ён не выкарыстоўвае нейкія пэўныя тэхнікі выкладання, часцей іх моманты. У працэсе работы працуе з самымі рознымі матэрыяламі, але найбольш падабаецца дрэва. Менавіта гэты матэрыял у руках майстра становіцца цёплым і падатлівым. Ён сам выразае з драўніны, выпальвае.
Аляксандр Юр’явіч вядзе гурток на базе Цэнтра дзіцячай творчасці г. Століна “Разьба” і на базе гімназіі “Піраграфія”. Работы вучняў гэтага педагога пастаянна атрымліваюць першыя месцы ў шматлікіх конкурсах. У мінулым годзе перамогу на вобласці атрымаў вымпел да хакейнага чэмпіянату, зроблены рукамі вучня. Вучні пастаянныя пераможцы конкурсу “Выратавальнікі вачамі дзяцей”.
Эскізы работ у апошнія гады знаходзіць у інтэрнэце. Раней гэта былі кнігі, часопісы, абмен вопытам з калегамі. Хаця і зараз на форумах шматлікіх сайтаў педагогі абменьваюцца карыснай інфармацыяй, падтрымліваюць адзін аднаго. Дарэчы, адразу пасля перамогі Аляксандра Юр’евіча, віншавалі яго і на любімых сайтах, а таксама ў гімназіі калегі, вучні, якія радыя за свайго педагога.
Сям’я Аляксандра Юр’евіча таксама творчая. Жонка Аксана любіць вязаць, вышываць. Дзесяцігадовы сын Сяргей праводзіць усе суботы ў майстэрні з бацькам. Ужо вывучыў многія тэхнікі работы.
Спытала ў настаўніка,  наколькі важны яго прадмет у школьнай адукацыі. На што пачула адказ:
-          Галоўная задача тэхнічнага навучання – падрыхтаваць работніка, сем’яніна. Мужчына павінен валодаць пэўным вопытам работы з рознымі матэрыяламі. Зараз да мяне на гурток прыходзяць дзесяцікласнікі. Пытаю ў іх: чаму не прыйшлі раней? А яны тлумачаць, што тады ім было не так цікава, а зараз зразумелі, што гэта спатрэбіцца ў жыцці.
Сярод сваіх перамог Аляксандр Юр’евіч адзначае ўзлёт каманды настаўнікаў КВЗ у 1997 годзе. Тады іх “Столічы” ездзілі па вобласці, ва Украіну, дзе давалі цудоўныя выступленні. Пасля гэтага Камароў даволі часта быў вядучым розных раённых мерапрыемстваў. Ён спявае ў заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусь хоры  “Крыніца”, з якім ездзіці выступаць не толькі па Беларусі, а і далёка за яе межамі. Дарэчы і жонка Аксана таксама спявае ў хоры.
Аб конкурсе педагагічнага майстэрства Аляксандр Юр’евіч расказвае, што вырашыў паспрабаваць свае сілы. Аднак без каманды падтрымкі гэта было б немагчыма. Дапамагалі многія. Але асаблівыя словы падзякі ён выказвае загадчыцы навучальна-метадычнага кабінета Валянціне Аляксандраўне Грэчка, метадысту Леаніле Рыгораўне Навасадскай, намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Ліліі Адамаўне Заянчкоўскай. Свайму педагогу ў Брэсце дапамагалі  вучаніцы Вераніка Рабец і Ірына Стоўба.

Конкурс праходзіў на працягу трох дзён. У першы дзень было псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. У гэты ж дзень далі тэму для ўрока ў незнаёмым класе на другі дзень. Для Аляксандра Юр’евіча была тэма “Тэхналогія выпальвання”. Тут ён выкарыстаў тэхналогію работы ў рэжыме рэальнага часу. Усе дзеянні ён трансліраваў праз відэакамеру на вялікі экран, каб не паказваць кожнаму вучню індывідуальна, а хутчэй наладзіць працэс работы. Самапрэзентацыя была па тэме “Навучаючы, я выхоўваю”. І ўжо на трэці дзень даваў майстар-клас для настаўнікаў працоўнага навучання. Гэта было стварэнне карціны з каляровай стружкі “Стружкі незвычайны лёс”. У выніку за гэты майстар-клас ён атрымаў 100 балаў, за ўрок у незнаёмым класе – 96 балаў.

ВІНШУЕМ І ЖАДАЕМ  ДАЛЕЙШЫХ ТВОРЧЫХ ПОСПЕХАЎ!!!

Таццяна СЕГЕН