Дзень роднай мовы

4.3.2014
Падведзены вынікі Дня роднай мовы, які прайшоў ва ўстановах адукацыі раёна 21 лютага 2014 года.
Сродкамі разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку і літаратурных гасцёўняў, віктарын, конкурсаў чытачоў мастацкіх твораў, сачыненняў, лінгвістычных вандровак, сустрэч з паэтамі Століншчыны вучні яшчэ раз дакрануліся да прыгажосці беларускага слова.
Ва ўсіх установах адукацыі, уключаючы і дашкольныя, прайшлі акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Цікава, захапляюча, змястоўна праведзены Дзень роднай мовы ў сярэдняй школе № 2 г.Давыд-Гарадка, Варанёўскай, Альманскай, Сямігосціцкай, Церабяжоўскай, Хатамельскай сярэдніх школах, Церабліцкім, Харомскім ВПК яслі-сад сярэдніх школах, Каладнянскім ВПК яслі-сад базавая школа.
Настаўнікі, вучні і нават іх бацькі ўсвядомлена аднесліся да моўных і культурных традыцый беларусаў.
З самай раніцы настаўнікі, вучні і іншыя працаўнікі амаль усіх устаноў адукацыі раёна імкнуліся размаўляць па-беларуску, на перапынках гучала беларуская музыка, вершы беларускіх паэтаў. У бібліятэках, холах устаноў былі арганізаваны выставы, прысвечаныя Дню роднай мовы і творчасці беларускіх аўтараў. Усё гэта стварала асаблівую атмасферу свята ва ўстановах.
Матчына мова, яскравая, звонкая, мілагучная, мяккая, родная мова, - так ласкава і шаноўна называлі вучні сваю мову.
Дык не дайце загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.
Родная мова павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса!

Марчанка В.А., галоўны спецыяліст аддзела адукацыі