“Хрустальны журавель” – педагогам Століншчыны

14.2.2014
12-14 лютага на Століншчыне прайшоў рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” – адукацыі Столінскага раёна”, галоўнымі гасцямі якога сталі пераможцы рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года” – уладальнікі “Хрустальнага жураўля”. Семінар сабраў больш за 400 педагогаў раёна, якія прыехалі, каб пабыць на адкрытых уроках, майстар-класах, каб пераняць тыя веды і навыкі, якімі валодаюць лепшыя педагогі краіны.
Вірус “Хрустальны журавель”
Сустракаючы гасцей, намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч адзначыў, што з некаторымі з іх ён ужо сустракаўся і нават прымаў удзел у іх майстар-каласах, чым застаўся вельмі ўражаным.
Начальнік упраўлення навучальна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Віктараўна Багачова расказала, што зараз у клубе “Хрустальны журавель” 54 удзельнікі, але на Століншчыну “прыляцела” 14. І нашаму раёна пашчасціла, бо на гэты раз дэлегацыя была прадстаўлена ўсімі абласцямі краіны.
На памяць аб сваім прыездзе ў наш раён Ірына Віктараўна ўручыла статуэтку “Хрустальны журавель” начальніку аддзела адукацыі, спорту і турзму Аляксандру Мікалаевічу Вячорка.
Хто ж такія “жураўлі”? Як іх ужо назвалі педагогі раёна. Гэта настаўнікі, якія ў розныя гады сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства і атрымалі статуэтку “Хрустальны журавель”. Яны вельмі рознабаковыя людзі, якія апантана ідуць абранай дарогай. Нягледзячы на шматлікія дыпломы, званні яны і зараз выкладаюць у школах, некаторыя з іх так і засталіся настаўнікамі сельскіх школ. Яны – настаўнікі-метадысты, выдатнікі адукацыі, якія яшчэ ўчора давалі ўрок у сваім класе, а сёння прыехалі не толькі павучыць сваіх калег, а і павучыцца ў іх.
Кожны з членаў клуба расказваў пра сябе. Настаўніца Смаргонскай гімназіі І. Р. Клявец узгадала, як некалі прапаноўвала свае ўрокі для друку, а іх не прымалі, толькі таму, што “так ніхто не выкладае”. А яна бачыла вынік навучання на сваіх вучнях. Настаўнік СШ № 1 г. Ляхавічы А. М. Сарока расказаў, што ён пэўны час навучаўся ў Польшчы з прадстаўнікамі розных краін. Настаўніца СШ № 11 г. Мозыра В. Э Сташэлеўская акрамя педагогікі займаецца і стральбой з лука – яна майстар спорту. У Паплаўскім НПК дзіцячым-садзе-СШ Бярэзінскага раёна, якім кіруе В. М. Дудко, ёсць і дыстанцыйнае навучанне, і электронныя дзённікі. В. А. Счасновіч і С. Ф. Германовіч выкладаюць у сельскіх школах, дзе напаўняльнасць класаў даволі маленькая. Нягледзячы на колькасць паралеляў ці ўзровень вучняў, вучні гэтых педагогаў паказваюць цудоўныя вынікі.
Група вось такіх педагогаў стварыла клуб, які ездзіць па раёнах Беларусі, дае майстар-класы, адкрытыя ўрокі, праводзіць семінары і канферэнцыі. Гэта бясплатна, але каб дачакацца прылёту “Жураўля” трэба прастаяць у вялікай чарзе. А самі ўдзельнікі прызнаюцца, што з задавальненнем прымаюць запрашэнні, бо ў іх вірус “Хрустальны журавель”.
Але самі педагогі, запрашаючы на адкрытыя ўрокі, прызналіся, што не хочуць, каб калегі ў іх перанялі ўсё, бо гэта толькі на шэсць балаў, а хочуць, каб яны разабраліся, як гэта рабіць, дадалі нешта сваё і толькі тады іх урокі будуць на “дзясятку”.
Ад простага – да складанага
Госці далі адкрытыя ўрокі практычна па ўсіх прадметах школьнай праграмы. На кожным з іх было нешта цікавае і карыснае. Пабывала на двух уроках – англійскай мовы і гісторыі. Нягледзячы на тое, што на англійскай мове вывучалася даволі складаная тэма – экалагічныя праблемы, усё было зразумела і проста. Педагог так лёгка паказваў, тлумачыў новыя словы, што навучанне ішло хутка.
Урок гісторыі прымусіў вучняў не толькі працаваць разумова, а і рухацца. Настаўнік прапаноўваў ім замест адказу пераступаць праз праведзеную па сярэдзіне класа лінію – “так” ці “не”, а пасля і абгрунтаваць свой адказ (ні ў якім разе іх не аспрэчваў пункт погляду вучня, хоць тэма была даволі складанай “Палітычныя партыі”). Калі на першым уроку выкарыстоўвалася мультымедыйная ўстаноўка, дык на другім былі раздрукаваныя нарыхтоўкі, мел і дошка.
Карыснымі былі і майстар-класы, якія таксама прайшлі практычна па ўсіх прадметах. У кожнага была свая методыка падзяліцца вопытам: адны прымусілі працаваць сваіх слухачоў, другі толькі на некалькіх прыкладах паказалі, як іх методыка працуе, а трэція проста штрыхамі дзяліліся тым, да чаго прыйшлі за час педагагічнай работы.
Былі размовы пра падручнікі, якія іншым часам не вытрымліваюць ніякай крытыкі, таму даводзіцца настаўніку і вучням карыстацца іншымі, шукаць шэраг дадатковага матэрыялу, раздрукоўваць стосы заданняў; пра метадычную літаратуру, праграмы, часта не прыстасаваныя пад наш час, пад патрэбы і запыты вучняў, пра цэнтралізаванае тэсціраванне, якое не правярае, напрыклад, адукаванасць выпускніка, таму педагог павінен проста “нацягваць” яго на балы…
Закончылася мерапрыемства семінарам “Сучасны ўрок – гэта…”, які далі начальнік упраўлення навучальна-метадычнай работы І. В. Багачова і начальнік цэнтра развіцця педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі І. В. Фёдараў.
Каб на “дзясятку”

З кожнай установы адукацыі Століншчыны на семінары былі прадстаўнікі, якія вярнуліся ў свае школы, дзяліліся ўбачаным са сваімі калегамі. Узяць з такога маштабнага мерапрыемства было што. Нават калі нашы педагогі і выкарыстоўвалі некаторыя тэхналогіі ці прыёмы ў сваёй рабоце, то зараз змаглі больш глыбока адчуць і ўбачыць іх вынік. Любыя зносіны, любы вопыт карысны. Настаўнікі-метадысты пасля сваіх урокаў “скідвалі” на электронныя носьбіты шматлікую інфармацыю, якую змогуць выкарыстаць і нашы педагогі. Яны пачулі ў гэты дзень шмат “дзякую” за практычную дапамогу, за той промень святла, які прынеслі адукацыі раёна.

Таццяна СЕГЕН