Майстэрства выбірае працавітых

30.1.2014
Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2013-2014 навучальным годзе. Фінальнае шоу пераможцаў адбылося 24 студзеня ў Столінскім гарадскім доме культуры.

КОНКУРС праходзіў з лістапада 2013 па студзень 2014 года па шасці намінацыях. Было пададзена 24 заяўкі ад педагогаў з 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля завочнага тура ў фінал  дапушчаны 16 педагогаў па пяці намінацыях. Усе канкурсанты паказвалі свой прафесіяналізм і кампетэнтнасць, прэзентавалі вопыт педагагічнай дзейнасці ў метадычных распрацоўках, праводзілі ўрокі ў незнаёмым класе.

 

Журы высока ацаніла прафесійнае майстэрства педагогаў і вызначыла пяць пераможцаў у намінацыях: “Пачатковыя класы” – Неўдах Ірына Міхайлаўна, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 г. Століна; “Замежная мова” – Федарук Алена Васільеўна, настаўнік англійскай мовы Столінскай дзяржаўнай гімназіі; “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” – Камароў Аляксандр Юр’евіч, настаўнік працоўнага навучання Столінскай дзяржаўнай гімназіі; “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” – Азарава Наталля Юр’еўна, настаўнік фізікі Асаўской сярэдняй школы; “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія” – Чырэц Ганна Валер’еўна, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 г. Століна.
НА СЦЭНЕ гарадскога Дома культуры пераможцам варта было ў яркай крэатыўнай форме раскрыць “сакрэты” свайго педагагічнага майстэрства па тэме “Навучаючы, я выхоўваю…”
Пасля танцавальнага прывітання ў выкананні ўдзельнікаў мастацкіх калектываў ГДК, невялічкага пралогу пра высокае званне настаўніка на сцэну падняліся намінанты.
Першай знаёміла са сваёй педагагічнай дзейнасцю Ірына Міхайлаўна Неўдах. Пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі яна паказала  напрамкі работы, тэхналогіі , дасягненні. У песеннай форме расказалі пра настаўніцу калегі. Жыва, з нагляднымі карцінкамі дзеці паказалі, як ідзе працэс навучання-падарожжа з настаўніцай. А сама Ірына Міхайлаўна прызналася: няма нічога важнейшага на свеце, калі табе давяраюць дзеці.
Як чалавек, якія многае ўмее рабіць лепш за іншых, паўстаў перад гледачамі Аляксандр Юр’евіч Камароў. Яго талент спевака запатрабаваны ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь хоры “Крыніца”. Як мастак-жывапісец праяўляе сябе, калі бярэ ў рукі кавалак дрэва ці металу. Яго талент  чалавечых зносін, душэўнасць характару пакараюць суразмоўцу з першых слоў. А яшчэ ён вучыць дзяцей таму, што абавязкова спатрэбіцца ім у жыцці. Словы Аляксандра Юр’евіча краналі сваёй цеплынёй, а на экране ў гэты час дэманстраваліся ўзоры вырабаў вучняў і яго ўласныя.
Ганна Валер’еўна Чырэц пажартавала, што  ёй у дзяцінстве “своечасова не зраблі прышчэпку”, таму яна стала настаўніцай – як бацькі, старэйшы брат і іншыя сваякі. Якая яна, Ганна Валер’еўна  – даведаліся з відэафільма, дзе вучань малюе партрэт настаўніцы. Па штрышках, якія дадаюць у партрэт калегі, вучні і абслуговы персанал школы, менавіта так выглядае ідэальны настаўнік.
Перафразаваўшы назву знакамітага фільма сюжэтам “Наталля Юр’еўна не мяняе прафесію” была інсцэніравана падрыхтоўка да педагагічнага конкурсу: колькі яна патрабуе сілы, часу і як гэта ўспрымаюць родныя і блізкія. “Прафесійнае майстэрства – гэта вялікая праца”, - рэзюмавала Наталля Юр’еўна Азарава.
Алену Васільеўну Федарук у прэзентацыі настаўніцкай дзейнасці дапоўнілі вучні. Масавымі сцэнамі яны пераконвалі, як цікава на яе ўроках, як настаўніца знаходзіць агульную мову з вучнямі, як яны яе любяць.
Заключнае выступленне намінантаў на сцэне паказала, што толькі з любоўю да дзяцей, энтузіязмам  і ініцыятывай, творчасцю і вялікай працавітасцю можна дасягнуць поспеху.
ВІНШУЮЧЫ пераможцаў, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч адзначылі высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць удзельнікаў конкурсу педагагічнага майстэрства, іх крэатыўнасць і пажадалі ім гэтак жа ярка паказаць сябе ў абласным этапе.
Пераможцы раённага этапу ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і памятнымі падарункамі.

За актыўны ўдзел у фінале раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” падзячнымі лістамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму ўзнагароджаны педагагічныя работнікі: Калавур Анжаліка Васільеўна – настаўнік музыкі сярэдняй школы №2 г. Століна; Бусько Любоў Васільеўна – настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы №3 р. п. Рэчыца; Калавур Уладзімір Антонавіч – настаўнік фізічнай культуры і здароўя Столінскай дзяржаўнай гімназіі; Храпіцкая Таццяна Альбертаўна – настаўнік матэматыкі сярэдняй школы №2 г. Століна; Дзісь Дзіяна Міхайлаўна – настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы №1 г. Давыд-Гарадка; Барэйка Вольга Аляксандраўна – настаўнік матэматыкі сярэдняй шклолы №3 г. Століна, Рабізіна Наталля Якаўлеўна – настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы №3 г. Століна; Мішкова Аліна Аляксандраўна – настаўнік пачатковых класаў Альгомельскага навучальна-педагагічнага комплексу яслі-сад – базавая школа; Алейнік Артур Уладзіміравіч – настаўнік хіміі і біялогіі Радчыцкага навучальна-педагагічнага комплексу яслі-сад – базавая школа; Пракапчук Алена Ільінічна – настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы №2 р. п. Рэчыца.

Пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства будуць адстойваць гонар раёна на абласным этапе. Пажадаем ім поспеху!
Галіна ГАШЧУК