Галоўная музыка - дзеці

11.1.2014
У мінулую пятніцу прайшоў фінал раённага этапу рэспубліканскага конкурсу  “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь у 2013-2014 навучальным годзе” сярод выхавальнікаў дашкольных навучальных устаноў.
Усяго ўдзел у раённым этапе прымалі 13 педагогаў, з якіх чатыры сталі фіналістамі. Гэта выхавальнік дзіцячага садка № 1 г. Століна Святлана Мікалаеўна Крым, выхавальнік дзіцячага садка № 2 р. п. Рэчыца Таццяна Сцяпанаўна Шарова, выхавальнік дзіцячага садка № 3 р. п. Рэчыца Галіна Аляксандраўна Дульская і выхавальнік дзіцячага садка № 1 аг. Альшаны Ганна Паўлаўна Гром.
Святочную праграму пачалі выхаванцы дзіцячага сада № 1 г. Століна, якія выканалі песню, прысвечаную сваім любімым выхавальнікам. Музычны нумар ад Валянціны Гаршэвінай “Чудесная профессия” нагадаў, што выхавальнік вучыць дзетак многаму – чуць музыку ў кроплях дажджу і бачыць яе ў шамаценні лістоты, але самая галоўная музыка – гэта дзеці, якім і прысвечана прафесія выхавальніка.
Адкрываючы мерапрыемства, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Васільеўна Марчанка падзякавала ўсім работнікам дашкольных устаноў за тое, што яны застаюцца вернымі выбранай справе.

Фіналісты расказвалі пра сябе і сваю педагагічную дзейнасць, якая праходзіць пад дэвізам “Обучая, я воспитываю”. Святлана Мікалаеўна Крым гаварыла, што яна - трэнер атрада касманаўтаў, калі дзеці ідуць на зарадку; інспектар ДАІ - калі накіроўваюцца на прагулку; Мэры Попінс – у час абеду. 

Галіна Аляксандраўна Дульская прызналася, што не можа размежаваць асабістае жыццё і работу. Яна актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці сучасныя гульнявыя тэхналогіі і здаровага ладу жыцця, элементы мадэліравання і праектны метад, з’яўляецца членам клуба “ТРЫЗаўцаў”.
Ганна Паўлаўна Гром таксама за дзень апранае на сябе шмат вобразаў, стараецца знайсці ключык не толькі да кожнага дзіцяці, а і да іх бацькоў. І калі яе выпускнікі становяцца школьнікамі, то яны па дарозе са школы прыходзяць у свой дзіцячы сад, да свайго выхавальніка, якому ім ёсць пра што расказаць.
Таццяна Сцяпанаўна Шарова бачыць выхавальніка сябрам, мамай, чараўніком, мастаком і абавязкова дзіцяткам. Шлях да сэрца выхаванцаў яна вядзе праз гульню, імкнецца ўзгадаваць у душах сваіх выхаванцаў любоў да роднага краю, прыроды, дома.
На працягу мерапрыемства мастацкія нумары гледачам падарылі Васіль Дзенісовіч і Руслан Храпіцкі, Святлана Ляшкевіч, Марыя Пешка, Алена Акостка.
Удзельнікі былі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а фіналісты ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, каштоўнымі  падарункамі.

Пераможцай конкурсу ў намінацыі “Выхавальніца года” абрана Галіна Аляксандраўна Дульская.

Таццяна СЕГЕН