Каб уратаваць жыццё падлетка

11.1.2014
Дзявятага студзеня на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшла практычная канферэнцыя спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы “Вопыт і праблемы арганізацыі ўстаноў адукацыі па захаванні псіхічнага здароўя, прафілактыцы суіцыдальных паводзін непаўналетніх”.
Адкрыла канферэнцыю галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Васільеўна Стоўба. Метадыст навучальна-метадычнага кабінета Алена Сяргееўна Крывапуст прывяла лічбы, якія яскрава сведчаць аб наяўнасці сярод непаўналетніх такой праблемы як самагубства. Так, у нашым раёне як у 2012, так і ў 2013 годзе было па тры выпадкі парасуіцыдаў сярод падлеткаў.
Удзельнікі канферэнцыі паглядзелі відэаролік “Асцярожна! Суіцыд”, з якога даведаліся пра прычыны суіцыдаў сярод падлеткаў. Далей усе 15 удзельнікаў падзяліліся сваім вопытам прафілактыкі суіцыдальных паводзін. Гаварылі пра фарміраванне псіхалагічнага здароўя, своечасовым выяўленні непаўналетніх, якія схільныя да дэвіянтных паводзін, пра выяўленне ахвяр дамашняга і школьнага насілля, дапамогу дзецям у крызісных сітуацыях.
Усе выступаючыя прыводзілі канкрэтныя прыклады са свайго вопыту, дзяліліся напрацоўкамі. Ім задавалі пытанні, ішло жывое абмеркаванне тэм, што сведчыць пра зацікаўленасць педагогаў гэтай тэмай.
Гледачы па кожнай рабоце па пяці крытэрыях выстаўлялі адзнакі, што дапаможа вызначыць самыя карысныя напрацоўкі.

Удзельнікі канферэнцыі атрымалі буклеты, у якіх прапісана карысная інфармацыя пра суіцыдальныя паводзіны сярод непаўналетніх. Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны сертыфікатамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Таццяна СЕГЕН