Свята для тых, каго згубіла мама

31.12.2013
30 снежня ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра прайшоў навагодні ранішнік, на які прыйшлі шматлікія госці, каб павіншаваць дзетак, уручыць ім падарункі.
Пачалося мерапрыемства з віншаванняў старшыні Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксея Аляксеевіча Дзямко, які пажадаў дзеткам добрых адзнак і моцнага здароўя, а каб яны ішлі ў нагу з часам, ён уручыў “дадатак да камп’ютара” тры ў адным – сканер, прынтар і ксеракс.
З салодкімі падарункамі прыйшоў да дзяцей дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч. Гульню-знаёмства арганізаваў ваенны камісар Столінскага раёна Уладзімір Мікалаевіч Семянюк. Вітаў усіх прысутных намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы па ідэалагічнай рабоце Барыс Барысавіч Лісавец, ад пракуратуры – старшы памочнік пракурора Столінскага раёна Алёна Рыгораўна Андрэйкавец.
Таксама заўжды падтрымліваюць выхаванцаў прытулку работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, удзельнікі тэатральнага гуртка Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа пад кіраўніцтвам Валянціны Кузьмінічны Палхоўскай. Сёлета прыйшлі на свята і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Казачнае прадстаўленне дзеткам арганізавалі як работнікі самога прытулку, так і ансамбль танца “Карамель” Рэчыцкай школы мастацтваў і яго кіраўнік Алена Валер’еўна Казеня, спецыяліст аддзела культуры Сцяпан Сцяпанавіч Кудравец.
Дзеткі атрымалі шмат падарункаў, былі танцы і песні, гульні і забаўлянкі. Разам з малымі ў карагоды станавіліся і госці. Пад акампанемент Уладзіміра Мікалаевіча Семянюка яны спявалі шмат песень.

Свята ўдалося. Толькі было б цудоўна, каб да дзетак, якіх згубілі бацькі, прыходзілі не толькі ў такія дні, а намнога часцей…

Таццяна СЕГЕН