Госці з Дубровіцы вывучалі адукацыю Століншчыны

3.12.2013
29 лістапада Століншчыну наведала дэлегацыя з Украіны. Нашы суседзі – кіраўнікі ўстаноў адукацыі Дубровіцкага раёна разам з начальнікам упраўлення адукацыі моладзі і спорту Дубровіцкай райдзяржадміністрацыі Ніна Іванаўна Стасюк - прыехалі з сяброўскім візітам, каб пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Беларусі на прыкладзе Століншчыны.
На мяжы з Украінай гасцей сустракалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка і работнікі аддзела, хлебам-соллю вітаў народны ансамбль народнай музыкі 
 “Вятліца” СШ № 2 г. Століна.
Першай установай адукацыі, з якой пазнаёміліся педагогі Украіны, стала Церабяжоўская СШ. Вучні і педагогі падрыхтавалі выстаўкі работ, педагагічных напрацовак. Цікава правяла экскурсію ў музеі школы вучаніца 9 класа Дар’я Ракала.
Аляксандр Мікалаевіч Вячорка пазнаёміў з сістэмай адукацыі раёна. Ён назваў установы, якія былі адчынены ў апошні час. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў на Століншыне ўведзена ў эксплуатацыю больш за 10 устаноў адукацыі. Многа робіцца ў сістэме адукацыі ў рамках рэспубліканскіх праграм. Сістэма адукацыі адчувае значную падтрымку з боку раённага выканаўчага камітэта.
Дырэктар школы Людміла Лявонцьеўна Цупа расказала аб сваёй установе адукацыі, галоўная асаблівасць якой – даследаванне малой радзімы. Робіцца ўхіл на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, чаму дапамагае работа з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прыбіранне пахаванняў і помнікаў людзям, якія загінулі ў час вайны. Адрадзілі ў нас гульню “Зарніца”.
Звярнула ўвагу Людміла Лявонцьеўна на падтрымку дзяржавы маладых людзей. А гэта і ўручэнне пашпартоў з падарункам, а таксама першакласнікам падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – “Наша Радзіма – Беларусь”. Добра развіты ў нас і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні.
У Столінскай дзяржаўнай гімназіі гасцей сустрэў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч. Ён пазнаёміў з сацыяльна-эканамічным становішчам нашага раёна.
Як наладжана работа ў гімназіі з адоранымі дзецьмі, расказаў дырэктар установы Міхаіл Дзям’янавіч Казуля.
Уразіў педагогаў Украіны фізкультурна-спартыўны комплекс “Аквамарын”. Яны прызнаваліся, што ў іх раёне дзіцячыя спартыўныя школы знаходзяцца на базах адукацыйных школ. А вось такіх збудаванняў, дзе маглі б займацца спортам не толькі вучні, а і дарослыя, у іх няма.  
Прэзентацыя работы СШ № 2 г. Століна пачалася з вітання вучняў школы – мастацкіх калектываў і прававых класаў.
Дырэктар школы Ала Мікалаеўна Лазіцкая гаварыла пра інфарматызацыю сістэмы адукацыі. Ва ўстанове выкарыстоўваюцца многія сучасныя праграмы, якія рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. Педагогі таксама трымаюць марку. З 92 чалавек 45 атрымалі сертыфікат, здаўшы экзамен па камп’ютарнай адукацыі. Пастаянна павышаюць сваю адукацыю. Зараз таксама некалькі педагогаў вучацца на дыстанцыйных курсах, у тым ліку і дырэктар школы.
Прысутныя змаглі апрабаваць сістэму інтэрактыўнага апытання “Вотум”, адказаўшы на некалькі пытанняў з дапамогай пультаў і ўбачыўшы вынік сваіх ведаў.
Уразіла гасцей творчая дзейнасць вучняў і педагогаў школы. Перад імі выступілі ўзорны ансамбль народнай песні “Весялінка”, узорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны”, музычна-фальклорны ансамбль “Зараначка”,  народны ансамбль народнай музыкі  “Вятліца”, а таксама каманда клуба вясёлых і знаходлівых “Дэманы”.
Экскурсія ў Белавушскі дзіцячы сад, які ўразіў сучаснасцю, эстэтычнасцю, а загадчыца дзіцячага садка Святлана Фёдараўна Нагар пазнаёміся з работай установы і перад прысутнымі з музычнымі нумарамі выступілі педагогі.
Экскурсію па Белавушскай школе правёў дырэктар Эдуард Міхайлавіч Трапец. У гэтай установе прайшоў круглы стол для ўсіх удзельнікаў семінара. Людміла Лявонцьеўна Цупа расказала аб метадычнай рабоце, якая праводзіцца ў раёне для кіраўнікоў устаноў адукацыі. Аксана Мікалаеўна Ляшук прэзентавала работу клуба дырэктароў “Перспектыва”. Госці задавалі шмат пытанняў, а таксама выказвалі свае ўражанні. Яны зайздросцяць, што кіраўніцтва краіны, наш Урад, , і райвыканкама аказваюць шматлікую падтрымку сістэме адукацыі. Што працуе ў нас шмат дзяржаўных праграм, якія фінансуюцца з бюджэту.
Начальнік Дубровіцкага ўпраўлення адукацыі Ніна Іванаўна  прызналася, што ў час наведвання Століншчыны адчувала сябе адной нагой дома, а другой у гасцях, бо ў нас многа агульнага.

Дзякавалі за шмат убачанага. Адзначылі, што прыемна, калі заняцце творчасцю не перашкаджае выконваць галоўны абавязак адукацыі – вучыць. Тым больш, калі вынікі навучання даволі высокія. Уразіла выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій, многімі з іх зацікавіліся дырэктары школ. 

Таццяна СЕГЕН