Для сяброўства не існуе межаў

12.11.2013
Зусім нядаўна ў Столінскай цэнтральнай бібліятэцы адбылася сустрэча членаў калектыву “Журавлина” з Украіны і мясцовых паэтаў. І вось літаратары з Дубровіцы запрасілі нас на дзень украінскага пісьменства, які адзначаецца ў краіне-суседцы 8 лістапада.
Наша дэлегацыя ў складзе 11 чалавек прыехала ў Дубровіцу. У 11 гадзін пачалася сустрэча ў будынку мясцовай Рады. Першым пачаў выступленне кіраўнік “Журавлина”, ініцыятар сустрэчы Анатоль Рэзановіч. Анатоль Мікалаевіч расказаў аб ідэі аб’яднання літаратараў палескага краю, выпуску сумеснага часопіса “Палесся бурштынавы край”. Пасля Рэзановіч, які ўзяў на сябе ролю вядучага, прадставіў стваральніка Столінскага “Натхнення”, загадчыцу навучальна-метадычнага кабінета Валянціну Аляксандраўну Грэчка. Валянціна Аляксандраўна пазнаёміла гаспадароў з гісторыяй стварэння творчага клуба, расказала аб мерапрыемствах, у якіх удзельнічалі самыя актыўныя настаўнікі-творцы.
Слова далі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Столінскай гімназіі Таццяне Якаўлеўне Жук. Таццяна Якаўлеўна прачытала вершы, з якіх прысутныя даведаліся пра яе жыццёвае крэда, расказала пра сябе. Наступнай выступала маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана Анатольеўна Кананчук. Святлана Анатольеўна, якая ў дзяцінстве жыла ў Дубровіцкім раёне, прачытала верш, прысвечаны роднай вёсцы, на ўкраінскай мове. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, настаўніца музыкі Мачульскай базавай школы Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч прачытала вершы, расказала пра сябе і, па просьбе Анатоля Рэзановіча, праспявала беларускую народную песню. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Цераблічскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад сярэдняя школа Віталь Уладзіміравіч Адамаў коратка паведаміў пра сябе. У вершах, прачытаных Віталем Уладзіміравічам, уздымаліся маральныя праблемы, гучалі разважанні аб сэнсе жыцця. Пасля слова атрымала аўтар гэтага артыкула, зачытала верш-прывітанне, напісаны напярэдадні, у якім гаварылася аб тым, што ўкраінцы сапраўдныя гаспадары, якія збераглі сваю святыню - мову.Таксама расказала пра сябе, прачытала яшчэ некалькі вершаў. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Віктар Васільевіч Вабішчэвіч пазнаёміў са сваёй творчасцю, прачытаў вершы. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Галіна Сяргееўна Шугалевіч  расказала аб сваім удзеле ў жыцці “Натхнення”. Паэтэса са Століна Ларыса Фёдараўна Вырко дадзена свае зборнікі песень, прачытала вершы. Потым слова ўзяў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. Ён гаварыў аб узнаўленні ўзаемасустрэч з украінскімі настаўнікамі, правядзенні спартыўных спаборніцтваў паміж украінскімі і беларускімі вучнямі. Пасля слова было прадстаўлена яго калезе з Дубровіцы. Ніна Іванаўна Стасюк падзякавала за арганізацыю сустрэчы, расказала пра сваіх таленавітых настаўнікаў, паказала “Літаратурна-мастацкую карту Дубровеншчыны”, якую яны хочуць выдаць.  Аляксандр Мікалаевіч Вячорка ўручыў кіраўніку калектыву “Журавлина” кнігу “Літаратурная карта Берасцейшчыны”, у якой некалькі старонак прысвечана і нам, творцам са Століншчыны. “Гэта сімвалічная дамоўленасць аб сумеснай працы,” - адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. Прысутны на сустрэчы сакратар мясцовай Рады гаварыў аб тым, што вельмі прыемна, што ў дзень украінскага пісьменства гучаць украінская і беларуская мовы, што мы – суседзі і добра разумеем адзін аднаго. А што гэта так, мы ўпэўніліся, калі пачалі выступаць нашы сябры па пяру – паэты, пісьменнікі не толькі з Дубровіцкага раёна, але і з іншых раёнаў Ровеншчыны. Прыгожа, годна гучала ўкраінская мова ў вершах, песнях. Пасля быў абмен кнігамі, вершамі.
Працяг вечара для творцаў адбываўся ў бібліятэцы, у невялікім утульным пакоі, дзе збіраюцца кожную апошнюю пятніцу месяца члены літаратурнага аб’яднання “Журавлина”. Анатоль Рэзановіч нас, хто змог выдаць свае кнігі, запрасіў удзельнічаць у літаратурным конкурсе, які праводзіць украінскі бок, прапанаваў даслаць свае кнігі на конкурс. Потым украінскія сябры расказалі пра праект, здзяйсненне якога дасць магчымасць выдаваць часопіс. Разам мы планавалі выпуск часопіса, абгаворвалі некаторыя дэталі. А пасля спявалі. Многія песні былі знаёмы ўсім, бо жывём мы не так і далёка, на памежжы. Развітвацца не хацелася, але час…
Работнікі аддзела адукацыі, спорта і турызма наведалі ўстановы народнай асветы – цэнтр пазашкольнай работы і ліцэй.
У цэнтры пазашкольнай работы наведалі гурткі, пазнаёміліся з напрамкамі дзейнасці, убачылі, што выхаванцы цэнтра прымаюць удзел у вялікай колькасці конкурсаў. У цэнтры створаны ўсе ўмовы для пазашкольнай работы – працуе камп’ютарны клас, выставачны пакой. Усяго 1362 выхаванцы наведваюць 98 гурткоў, з якіх 43 працуюць на базах школ.
Тут жа начальнікі аддзелаў адукацыі падпісалі ўзгадненне паміж сістэмамі адукацыі Столінскага і Дубровіцкага раёна. Ужо ў бліжэйшы час Століншчыны чакае да сябе ў госці кіраўнікоў ўстаноў адукацыі Дубровіцы.
Тэхнічнае абсталяванне ліцэя ўразіла нашу дэлегацыю. У самой сітсэме адукацыі ёсць нязначныя адрозненні, але ў цэлым работа наладжана аналагічна нашай. Дырэктар ліцэя, расказваючы пра сваю ўстанову, адзначыў, што ў іх ёсць валейбольная каманда, але яны па-добраму зайздросцяць беларусам, у якіх адкрываюцца новыя спартыўныя ўстановы, якія могуць наведваць як дзеці, так і дарослыя.
На зваротным шляху ўспамінала словы новага знаёмага, журналіста, які сказаў: ”Я думаў, што сёння вы ўсе будзеце гаварыць на рускай мове. Быў прыемна здзіўлены…” Шкада, што нашы суседзі, ды і не толькі яны, бачаць, як мы ставімся да сваёй мовы…

Усе ўдзельнікі дзякуюць начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандру Мікалаевічу Вячорку і загадчыцы метадычнага кабінета Валянціне Аляксандраўне Грэчка за арганізацыю паездкі. І, канечне, нашым вадзіцелям – дырэктару Рухчанскай сярэдняй школы Аляксандру Данілавічу Курчу і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Цераблічскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад сярэдняя школа Віталю Уладзіміравічу Адамаву.