Пераможца – здароўе!

22.10.2013
19 кастрычніка ў Століне прайшло ўрачыстае адкрыццё фізкультурна-спартыўнага комплексу “Аквамарын”, на базе якога адбыліся і фінальныя гульні XIV спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Брэсцкай вобласці.
 

У вітальным слове да жыхароў і гасцей Століншчыны старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Андрэевіч Сумар адзначыў, што будаўніцтва такіх комплексаў – гэта адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця нашай краіны. Здароўе нацыі   заўсёды будзе ў цэнтры ўвагі. Для таго, каб у нашым райцэнтры з’явіўся такі цудоўны комплекс, было выдаткавана больш за 70 мільярдаў бюджэтных сродкаў.

 

Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі заўважыў, што вельмі добра, калі комплексы такога ўзроўню будуюцца не толькі ў сталіцы, вялікіх гарадах, а і становяцца даступнымі ў рэгіёнах. Ён падзякаваў Прэзідэнту краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што менавіта па яго рашэнні хутка адкрые дзверы фізкультурна-спартыўны комплекс у Альшанах, а губернатару — за столінскі ФСК. Галоўны спецыяліст міністэрства спорту і турызму Галіна Уладзіміраўна Казлоўская павіншавала ўсіх з адкрыццём комплексу, пажадала, каб менавіта тут запаліліся вядомыя спартыўныя зорачкі і ўручыла сертыфікат на 50 мільёнаў рублёў.

 
Чырвоную стужку перад уваходам у “Аквамарын” разрэзалі губернатар Канстанцін Сумар, старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, начальнік ПМК-24 У. Ф. Вабішчэвіч і дырэктар ДЮСШ г. Століна А. І. Семянчук. На працягу дня каманды ўсіх раёнаў вобласці змагаліся ў розных відах спорту за перамогу. Ад каманды Столінскага раёна ў фінальнай частцы выступала толькі валейбольная каманда, якая навязала сапраўдную барацьбу камандзе аблвыканкама. Балельшчыкі, якія прыйшлі падтрымаць каманду гаспадароў, назіралі сапраўдную спартыўную барацьбу на пляцоўцы. Першая партыя засталася за камандай аблвыканкама – 25:15, у другой партыі нашы валейбалісты перахапілі ініцыятыву і атрымаўся рэванш з аналагічным лікам – 15:25. Усё вырашылася ў трэцяй партыі, калі нашы крыху “праваліліся”, змаглі падцягнуцца, але на большае не хапіла – паражэнне ў вырашальнай партыі з лікам 8:15 і толькі другое месца. Не хапала нашай камандзе на працягу ўсёй сустрэчы старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага, які пад гучныя апладысменты з’явіўся на пляцоўцы толькі з пачаткам трэцяй партыі.
 
Гаспадаром у “Аквамарыне” стала ДЮСШ г. Століна, якая на працягу многіх гадоў чакала, калі з’явіцца свая спартыўная база. Цяпер сюды дзеці будуць хадзіць з задавальненнем, таму што наведвальнікі секцый могуць карыстацца паслугамі бясплатна. Трэнер арганізоўвае групы і складае план фізічнай падрыхтоўкі выхаванцаў.
 
       Сёння ў нашай спартыўнай школе займаюцца 580 юнакоў і дзяўчат у розных секцыях – футбол, баскетбол, лёгкая атлетыка і веславанне на байдарках і каноэ, — расказвае Анатоль Іванавіч Семянчук. – 230 навучэнцаў – са Століна і Рэчыцы. Астатнія – з бліжэйшых населеных пунктаў – Манькавіч, Стругі, Белавушы, Беражнога і іншых. Зараз у школе займаюцца 4 групы па футболе і 5 – па баскетболе. У басейнах арганізаваны восем груп па навучанні плаванню і чатыры групы па аздараўленчым плаванні. У наступным навучальным годзе плануецца адкрыццё аддзялення па плаванні, дзе дзеці змогуць трэніравацца бясплатна. Чакаем адкрыццё і секцый па занятках аквааэробікай і звычайнай аэробікай.    У хуткім часе будзем наладжваць правядзенне вольнага часу бацькамі, якія чакаюць сваіх дзяцей ці чакаюць сваёй змены – плануем у фае паставіць аэрахакей і іншыя гульнявыя аўтаматы. За тэставы перыяд спартыўна-фізкультурным комплексам ужо зароблена больш за 80 мільёнаў рублёў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца басейны, трэнажорныя зала і більярд.
 
Валейбол. І месца – каманда Брэсцкага аблвыканкама, 2 – Столінскага раёна, 3 – Баранавіцкага раёна. Міні-футбол. 1 – Лунінецкі раён, 2 – Брэсцкі аблвыканкам, 3 – Драгічынскі раён. Дарц. 1 – каманда горада Брэста, 2 – Іванаўскі раён, 3 – Драгічынскі раён. Настольны тэніс. 1 – Баранавіцкі раён, 2 – Лунінецкі раён, 3 – Брэсцкі раён. Шахматы. 1 – Брэсцкі аблвыканкам, 2 – Пінскі раён, 3 – Кобрынскі раён. Шашкі. 1 – Брэсцкі раён, 2 – Пінскі раён, 3 – Пружанскі раён. Більярд. 1 – Брэсцкі аблвыканкам, 2 – Лунінецкі раён, 3 – Ляхавіцкі раён. Велаэстафета. 1 – Брэсцкі аблвыканкам, 2 – Іванаўскі раён, 3 – Пінскі раён. Плаванне. 1 – Кобрынскі раён, 2 – Баранавіцкі раён, 3 – Брэсцкі раён.Вынікі спартакіяды падводзіліся ў Доме культуры. Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Аляксандравіч Цупрык, уручаючы ўзнагароды пераможцам, адзначыў, што гэты дзень стаў запамінальным для ўсіх: падзялілі радасць адкрыцця комплексу і паказалі свае спартыўныя магчымасці.
 
ххх
 
У скверы каля Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа праходзілі спартыўныя спаборніцтвы сярод працоўных калектываў райцэнтра.
 
Удзел прынялі каманды Белаграпрамбанка, Беларусбанка, вузла электрасувязі, вузла паштовай сувязі, лясгаса, ДБПМК-32, ПМК-24, ДРБУ -141, райспажыўтаварыства, цэнтральнай раённай бальніцы, КУШВП “Столінская ЖКГ”, ААТ “Савушкін прадукт”.
 
Прадстаўнікі каманд спаборнічалі ў такіх відах, як дарц, гіравы спорт, фігурная язда на веласіпедзе, перацягванне каната, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі.
 
У выніку першае месца заняла каманда ДРБУ-141, другое – Столінская цэнтральная раённая бальніца, а трэцяе дасталася Беларусбанку.
 
Гандлёвыя рады райспажыўтаварыства прапаноўвалі прысмакі на любы густ. Пакупнікоў прыцягвалі апетытныя булачкі і хот-догі, духмяныя шашлыкі, салодкасці, напіткі. У гараджан была магчымасць паспрабаваць мясныя вырабы «Століннарыхтпрамгандлю». Цікавасць у дзяцей і падлеткаў выклікаў розыгрыш прызоў.
 

Жадаючыя маглі азнаёміцца з карыснай інфармацыяй турыстычнага кірунку, а таксама атрымаць кансультацыю работніка аптэкі ля століка з прадстаўленым асартыментам лекаў і вітамінаў.

 
 
Падымаў і без таго добры настрой жыхарам і гасцям горада канцэрт аматарскай творчасці. На сцэне выступалі народнае аматарскае аб’яднанне “Гарынскія папрадухі” (Рэчыцкі ГДК), узорнае аб’яднанне аматараў фальклору “Згадка” (Мачульскі СДФ), вакальны ансамбль Рамельскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу, Валянціна Пашкевіч і Аляксандра Семянюк (Давыд-Гарадоцкі ГДК), Ігар Яцута (Рэчыцкі ГДК).
 
Алена КЛІМУШКА,
Аляксандр НІКІФАРЭНКА,
Святлана ШПАКОЎСКАЯ