Дзеля маленькіх сэрцаў

21.10.2013
    Усю сябе 24 гадзіны на суткі прысвяціць дзецям, якія засталіся без дома, без сям’і, без любові, і нават без надзеі атрымаць гэтую любоў ад іншых. Цяжка? Канешне. Але ёсць людзі, якія не баяцца гэтых цяжкасцяў і ўскладаюць увесь цяжар адказнасці на свае плечы, каб толькі дзеткам было добра.

…14 кастрычніка ў Століне ва ўрачыстай абстаноўцы адчыніў свае дзверы другі дом сямейнага тыпу. Выхавальніцай у ім стала Марыя Філімонаўна Сяменя, якая мае сваіх дваіх дарослых дзяцей. З 2005 года Марыя Філімонаўна выхоўвае прыёмную дачушку. А цяпер яе дом стане месцам душэўнага цяпла для многіх дзетак-сірот.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч адзначыў, што задача нашай дзяржавы, каб усе дзеці-сіроты выхоўваліся ў дамах сямейнага тыпу, а не ў прытулках.
Сімвалічны ключ ад новага дома сям’і Сяменяў уручыў начальнік ПМК-24 Уладзімір Фёдаравіч Вабішчэвіч. Пакуль што ў новым доме будуць жыць чацвёра дзетак – гэта 12-гадовая Іаана, 11-гадовы Віктар, шасцігадовы Максім і пяцігадовы Дзмітрый. Але хутка сям’я будзе павялічвацца.
Атрымліваючы ключ, Марыя Філімонаўна сказала, што сэнс нашага жыцця ў дзецях. І вельмі горка думаць, што ёсць дзеці, якія пакутуюць ад адзіноты.
-         Добра, што дзяржава клапоціцца пра такіх дзяцей: будуюцца дамы сямейнага тыпу, дзеці знаходзяцца на дзяржаўным сацзабеспячэнні, маюць шэраг ільгот, - адзначыла Марыя Філімонаўна.
Усяго на будаўніцтва быў затрачаны адзін мільярд 616 мільёнаў рублёў. Толькі на абсталяванне дома пайшло 250 мільёнаў рублёў.
Павіншаваць з наваселлем новую сям’ю прыйшлі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Ярашэвіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л. У. Грынеўская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму А. М. Вячорка, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” А. К. Максімовіч і многія іншыя. Суседзі – гаспадары першага дома сямейнага тыпу таксама павіншавалі навасёлаў. Дзеткі ўручылі кветкі, а Святлана Анатольеўна Кананчук – падарыла песню.

Важкі ўклад у стварэнне ўтульнасці ў новым доме ўнеслі ПМК-24 (начальнік У. Ф. Вабішчэвіч),  Столінская ЦРБ (галоўны ўрач П. А. Пашкевіч), ЦБУ № 121 філіяла ААТ “АБ Беларусбанк”( начальнік  В. В. Кісялёў), РКЦ філіяла ААТ “ Белаграпрамбанк” г. Століна (начальнік Н. А. Яхнавец), ЦБУ № 11 ААТ “Парытэтбанк” (начальнік Г. П. Домніч), РЦГіЭ (галоўны санітарны ўрач М. С. Сарокін), “Свет адкрыццяў” (дырэктар ПУВП У. П. Зялінскі), ААТ “СтолінГандальЦэнтр” (дырэктар В. А. Васькін), УГУП “МарвенТранс” (кіраўнік М. І. Сыса), індывідуальныя прадпрымальнікі Д. М. Міхлюк, Т. Фадзеева, ТДА “Крушын Люкс” (кіраўнік Г. В. Стрыга), Столінскі і Давыд-Гарадоцкі хлебазаводы (дырэктары Р. П. Шпакоўскі і С. В. Леанавец), філіялаРУП “Брэстэнерга” Пінскія электрасеткі Столінскага раёна (начальнік С. А. Хвядчук), грамадская арганізацыя “Белая Русь” (кіраўнік раённага аддзялення А. К. Максімовіч), СВК “Палеская ніва”.

Новы дом, новая сям’я, новыя знаёмыя… Няхай будуць цяплом сагрэты маленькія сэрцы. І гэтае цяпло можа дарыць ім кожны, бо дзверы як першага, так і другога дамоў сямейнага тыпу заўжды адкрыты для сяброў, для людзей, якія ўмеюць дарыць ласку, любоў дзецям.
Таццяна СЕГЕН