Першая сустрэча

26.9.2013
18 верасня на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшла сустрэча з маладымі педагогамі. Такія мерапрыемствы наладжваюцца штогод, каб даведацца аб праблемах, з якімі сутыкаюцца пачынаючыя спецыялісты, адчуць, як праходзіць перыяд іх адаптацыі. Яны ў сваю чаргу могуць задаць пытанні спецыялістам, метадыстам, прафсаюзнаму лідару і нават кіраўніцтву райвыканкама.
Адкрываючы мерапрыемства, загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка сказала аб тым, як прыемна сустракацца з маладосцю на такіх мерапрыемствах, бачыць агеньчык у вачах стажораў, жаданне працаваць і радасць ад таго, што яны цяпер настаўнікі.
Намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч звярнуў увагу на розны ўзровень школ, розны падыход вучняў і бацькоў да сістэмы адукацыі і наогул да жыцця. Менавіта з гэтым трэба працаваць, стымуляваць, накіроўваць вучняў. Навучэнцаў трэба прывучаць да самастойнасці, выхоўваць у іх фізічнае і маральнае здароўе.
Толькі той факт, што кожны трэці юнак з нашага раёна не прыгодны да службы ў арміі, гаворыць пра стан здароўя дзяцей, - сказаў Сяргей Фёдаравіч.
Настаўнікі абавязкова павінны сачыць за палітыкай, эканомікай не толькі ў нашай краіне, а і ва ўсім свеце.
Ні для каго не сакрэт, што маладыя спецыялісты маюць малую заработную плату. Тут намеснік старшыні пераканаў іх не баяцца цяжкасцяў, браць дадатковую назрузку, станавіцца кіраўнікамі гурткоў, удзельнічаць у мрапрыемствах і конкурсах, каб такім чынам атрымаць дадатковы заработак.
Яшчэ Сяргей Фёдаравіч адзначыў ролю настаўніка ў жыцці кожнага чалавека, тое, што педагог павінен заставацца Педагогам не толькі ў школе, а і дома, на вуліцы.
Уступная кампанія гэтага года паказала, што ў педагагічныя ВНУ пайшло не так і многа выпускнікоў. Не карыстаюцца папулярнасцю і сельскагаспадарчыя ВНУ, а добрыя спецыялісты ў гэтых галінах патрэбны, - нагадаў Сяргей Сідарэвіч.
Пра абарону з боку прафсаюза гаварыў старшыня Столінскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч.
Абавязкова кожнаму трэба пазнаёміцца з калектыўным дагаворам, у якім асаблівую ўвагу звярнуць на палажэнне аб матэрыяльнай дапамозе, надбаўкі за складанасць і прэміраванне, - нагадаў Анатоль Капітонавіч.
Згодна з калектыўным дагаворам маладыя спецыялісты атрымліваюць 10 працэнтаў надбаўкі да зарплаты. У некаторых школах ёсць палажэнне аб аплаце маладым спецыялістам зздымнага жылля, у некаторых – за праезд ад месца жылля да ўстановы адукацыі.
Яшчэ адна перавага: маладыя спецыялісты маюць права атрымаць ільготны крыдыт пад тры працэнты.
Ва ўсіх выпадках абавязкова трэба звяртаць увагу, што згодна з заканадаўствам маладым спецыялістам лічыцца той, хто пасля заканчэння навучальнай установы прыехаў на месца работы па накіраванні.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка параіў спецыялістам скарыстацца сваімі згадкамі пра школьнае жыццё: чаго ім тады хацелася, якіх паводзін яны чакалі ад настаўніка. І з дапамогай гэтага данесці максімальныя веды вучням.
Яшчэ Аляксандр Мікалаевіч папрасіў весці больш актыўны лад жыцця. Напрыклад, у мінулым годзе ў Стахаўскай школе арганізавалася група маладых педагогаў, якія вечарамі збіраліся ў спартыўнай зале школы, да іх хутка сталі падцягвацца і вучні. Вось так з карысцю педагогі і вучні праводзілі вольны час.

Кіраўнік групы зарплаты цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі Жанна Васільеўна Барычэўская па палічках расклала педагогам іх заработную плату: за што, якія аклады і надбаўкі.

Маладыя спецыялісты мелі магчымасць задаць пытанні, чым і скарысталіся. Іх цікавіла атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі, работа школьнай аргтэхнікі, наяўнасць паперы ва ўстановах адукацыі, метадычныя дні і выхадныя.
Пасля даволі аб’ёмнай гутаркі работа была наладжана па групах са спецыялістамі і метадыстамі аддзела адукацыі. Яны давалі больш канкрэтныя парады.
Таццяна СЕГЕН