Не толькі час адчуць, а і абагнаць яго

4.9.2013
У сераду, 28 жніўня, у Столінскім гарадскім доме культуры прайшла пленарная нарада педагогаў Століншчыны, на якой былі разгледжаны актуальныя пытанні і праблемы сістэмы адукацыі, пастаўлены задачы на новы навучальны год.
Развіццё сістэмы адукацыі раёна – гэта аснова фарміравання канкурэнтаздольнай асобы, грамадзяніна і патрыёта роднай зямлі. Аб гэтым у сваім дакладзе гаварыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.
У апошнія гады асноўная дзейнасць аддзела і ўстаноў адукацыі была накіравана на рашэнне пытанняў, звязаных з павышэннем якасці адукацыі. Вынікі работы, пацверджаныя якаснымі і колькаснымі паказчыкамі, сведчаць аб стабільным развіцці адукацыйнага працэсу.
У сістэме дашкольнай адукацыі прыярытэтным застаецца развіццё многафункцыянальнай сеткі. У мінулым навучальным годзе праводзілася рэкламная дзейнасць па адкрыцці новых формаў дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове. Новымі формамі дашкольнай адукацыі было ахоплена 117 дзетак: у адаптацыйных групах, у групах выхаднога дня, навучання дома, з гнуткім рэжымам наведвання садка, у гульнявой пясочніцы.
Дзіцячыя ўстановы са станоўчай дынамікай папаўняюцца сродкамі навучання і зараз у сярэднім складаюць 54 працэнты. Раённы паказчык праграмна-метадычнага забеспячэння складае 66 працэнтаў (у мінулым годзе – 51 працэнт). Дашкольныя ўстановы цалкам забяспечаны камп’ютарамі.
Аб павышэнні якасці ведаў сведчаць лічбы. Па выніках мінулага года 53 працэнты выпускнікоў 3 ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 49 працэнтаў выпускнікоў 2 ступені агульнай сярэдняй адукацыі здалі экзамен на высокім і дастаткова высокім узроўнях. Сярэдні бал атэстата па раёне склаў 7,4 бала (у мінулым годзе 7,3 бала).
З пачатку новага навучальнага года ёсць магчымасць укараняць у работу профільнае навучанне і, дзякуючы гэтаму, павышаць якасць навучання.
Значных вынікаў дасягнулі нашы вучні на абласной і рэспубліканскай алімпіядах. Аднак у гэтым напрамку трэба яшчэ шмат працаваць пэўным установам адукацыі.
Да 100 працэнтаў вучняў былі ахоплены факультатыўнымі заняткамі. Найбольш запатрабаваныя – фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны і філалагічны напрамак. 659 вучняў былі ахоплены міжшкольнымі прадметнымі факультатывамі.
Усё больш выхаванцаў прыцягваецца да заняткаў у гуртках, аднак раённы паказчык 49 працэнтаў, а абласны – 62,7 працэнта. Аналагічная сітуацыя і з дадатковай адукацыяй, дзе ёсць станоўчая дынаміка, але да абласнога паказчыка не дацягваемся на 10 працэнтаў.
У гэтым годзе шляхам аб’яднання двух аддзелаў быў створаны аддзел адукацыі, спорту і турызму. Таму да сістэмы адукацыі далучыліся раённы фізкультурна-спартыўны клуб, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, а ў верасні плануецца адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Аквамарын”.
Значная работа вядзецца з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.  Па апошніх даных – гэта 163 дзіцяці ў 73 сем’ях. З пачатку 2013 года 124 дзіцяці прызнаны, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Са 129 дзяцей-сірот у 36 прыёмных сем’ях выхоўваецца 51 чалавек, восем – у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Ужо у верасні пачне працаваць яшчэ адзін дом сямейнага тыпу.
Вопытам эфектыўнай практыкі работы з адоранымі дзецьмі падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Беражноўскай СШ Вера Уладзіміраўна Пашкевіч. Яна спынілася на рабоце па падрыхтоўцы да алімпіяды, дзе патрабуюцца веды вышэйшыя, чым маюць студэнты ВНУ. Дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Іна Аляксееўна Шаламіцкая расказала аб сістэме спецыяльнай адукацыі, аб ўзаемадзеянні ўсіх зацікаўленых службаў пры фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Работай класнага кіраўніка па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці дзялілася класны кіраўнік СШ № 1 аг. Альшаны Галіна Мікалаеўна Мазоль, у якой кожны год – новая выхаваўчая тэма: этнаграфія, пошукавая праца, радавод і г. д.
Пацвярджэннем слоў педагогаў стала выступленне агітбрыгады СШ № 2 г. Століна. У рамках Года беражлівасці яны падрыхтавалі невялікую інсцэніроўку, у якой пераконвалі, заклікалі берагчы і шанаваць прыродныя багацці.
Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі адзначыў, што практычна кожны год у раёне будуецца новы дзіцячы садок. Гэта дазваляе павялічваць ахоп дзетак дзіцячымі месцамі. Зараз усе дзеці пяцігадовага ўзросту рыхтуюцца да школы. Але ахоп дзяцей ад двух да пяці гадоў дашкольнымі ўстановамі складае толькі 63 працэнты. Таму і ідуць работы ў гэтым напрамку. Сёлета заканчваецца будаўніцтва Рамельскага садка і падыходзіць да заканчэння рэканструкцыя Лядзецкага дзіцячага сада. На гэтыя аб’екты затрачана 30 мільярдаў рублёў.
Патрэбен дзіцячы садок у Давыд-Гарадку і Кароцічах. Зараз дзяцей з Давыд-Гарадка возяць у дзіцячы садок Веляміч. На наступны год Рыгор Васільевіч паабяцаў прыкласці ўсе намаганні, каб дзіцячы садок на 100 месцаў быў пабудаваны ў Давыд-Гарадку. На бліжэйшы час запланавана будаўніцтва дзіцячых садкоў у Рублі і Кароцічах.
Прывёў старшыня райвыканкама і лічбы: на аднаго выхаванца дзіцячага садка ў год затрачваецца 13,5 мільёна рублёў, школьніка – 11,4 мільёна рублёў.
Вялікія сродкі вылучаюцца дзяржавай на спартыўную базу. У гэтым годзе на гэтыя мэты затрачана 100 мільёнаў рублёў. Гэтага недастаткова, таму і ў далейшым будуць шукацца магчымасці, каб спартыўная база раёна адпавядала сучасным патрабаванням.
На спартыўны комплекс “Аквамарын” затрачана 70 мільярдаў рублёў, на фізкультурна-спартыўны комплекс у Альшанах – 30 мільярдаў рублёў. Усё робіцца для таго, каб жыхары раёна вялі здаровы лад жыцця.
Асобныя словы ўдзячнасці агучыў Рыгор Васільевіч на адрас ветэранаў педагагічнай працы.
На заслужаны адпачынак сёлета правялі загадчыцу Вялікамалешаўскага дзіцячага садка Лядмілу Сяргееўну Кошман, якая адпрацавала ў сістэме загадчыкам 32 гады.  Цяпер не толькі яе выхаванцы, а і маладыя спецыялісты, якіх вучыла ў пачатку працоўнайга шляху, узначальваюць дзіцячыя садкі № 1 і № 2 аг. Вялікае Малешава. Сама педагог плённа кіравала ўстановаю, мае багаты практычны вопыт.
Лепшыя педагогі Століншчыны атрымалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Р. В. Пратасавіцкага, начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму А. М. Вячоркі і старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А. К. Максімовіча.
Граматамі Міністэрства адукацыі ў гэты дзень былі ўзнагароджаны дырэктар Дубайскага навучальна-педагагічнага комплексу “Яслі-сад – СШ” Мікалай Іванавіч Дзямко, настаўніца гісторыі СШ № 2 г. Століна Жанна Іосіфаўна Домніч і дырэктар Хотамельскай СШ Іна Аляксандраўна Мазоль. Таксама шэраг педагогаў атрымалі ўзнагароды ўпраўлення і аддзела адукацыі, раённага і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. 
Члены клуба “Натхненне” падрыхтавалі для прысутных выступленне. Таццяна Жук, Ірына Ляшкевіч, Віктар Вабішчэвіч, Анатоль Страха, Васіль Казачок, Віталь Адамаў, Святлана Кананчук чыталі свае творы, выконвалі песні.
Таццяна СЕГЕН