Усе дыпломы “Радавода” ў Столін!

24.5.2013
18-19 мая ў Іванава прайшоў V абласны адкрыты фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”. Удзел у ім прыняла і дэлегацыя Століншчыны, якая вярнулася з цэлым стосам дыпломаў, падзячных лістоў. Перамогі столінцаў становяцца ўжо традыцыйнымі і не выпадкова начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ціханчук назваў Столін месцам наступнага правядзення “Радавода”.
Сёлета ў фестывалі прымалі ўдзел 184 фальклорныя калектывы, госці з Польшчы, Украіны, Расіі. Наша дэлегацыя складалася з узорнага ансамбля “Весялінка” СШ № 2 г. Століна (кіраўнік Тамара Яўгенаўна Дзянісовіч), узорнага ансамбля фальклорнага танца “Палескія плясуны” СШ № 2 г. Століна (кіраўнік Іван Лукашавіч Лёгкі), музычна-фальклорнага ансамбля “Зараначка” СШ № 2 г. Століна (кіраўнік Генадзь Леанідавіч Копка), групы “Сябрынка” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Наталля Рыгораўна Андрыкевіч), навучэнцаў Харомскай СШ (кіраўнікі Іна Аляксандраўна Антановіч і Дана Міхайлаўна Васільева), узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Цэнтра дзіцячай творчасці г. Століна (кіраўнік Валянціна Мікалаеўна Лёгкая), горада майстроў “Каласок” Цэнтра дзіцячай творчасці г. Століна (кіраўнік Ірына Міхайлаўна Коваль) , “Бабулінай кухні” Лядзецкай СШ (кіраўнік Іна Аляксандраўна Антановіч).
У першы дзень фестывалю адбылося адкрыццё і работа выставак народнай творчасці “Горад майстроў” і “Бабуліна кухня”, а таксама святочнае шэсце ўдзельнікаў фальклорных і гасцявых каляктываў. Быў паказаны вяснова-летні абрад “Юр’е”.
Права адкрыцця фестывалю меў калектыў “Палескія плясуны”, як пераможца мінулага фестывалю. Выхаванцы калектыву разам з членамі журы выканалі танец на галоўнай сцэне.
Працавалі дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, канцэртныя пляцоўкі ў мікрараёнах горада, дзе нашы калектывы зрывалі шквал апладысментаў.
Другі дзень у асноўным быў прысвечаны конкурсу сярод танцавальных пар, у якім нашы таксама паказалі высокі ўзровень выканаўчага майстэрства.
Самым радасным для дэлегацыі Століншчыны было ўзнагароджанне пераможцаў. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны ўзорны ансамбль “Весялінка”, музычна-фальклорны ансамбль “Зараначка” СШ № 2 г. Століна і выстаўка народнай творчасці ўзрорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Цэнтра дзіцячай творчасці. Самая галоўная ўзнагарода – гран-пры фестывалю дасталася ўзорнаму ансамблю фальклорнага танца “Палескія плясуны” СШ № 2 г. Століна.
У конкурсе бытавых танцаў у старэйшай узроставай групе 1 месца ў Крысціны Сала і Яўгена Каральчука, трэцяе – Анастасіі Трапец і Вячаслава Мышапуда. У другой узроставай групе трэцяе месца ў Вольгі Лысюк і Мікіты Камарова. Усе яны ўдзельнікі “Палескіх плясуноў”. Конкурс гэты азвучвала цэлы дзень “Вятліца”. Усе ўдзельнікі гэтага калектыву ўзнагароджаны індывідуальнымі дыпломамі. За агульнае кіраўніцтва дыпломам фестываля ўзнагароджана намеснік дырэктара па музычнай рабоце Наталля Сяргееўна Мазоль. Пахвальныь водгук атрымаў і начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.

Віншуем пераможцаў! І спадзяёмся, што праз два гады “Радавод” прыедзе ў Столін.