Парад зорак розуму, таленту і творчасці

22.5.2013
Традыцыяй стала правядзенне ў раёне сустрэчы-ўшанавання пераможцаў алімпіяд. Навучэнцы атрымліваюць не толькі ўвагу, заслужаныя ўзнагароды, а і сваю першую заработную плату – сродкі ад раённага выканаўчага камітэта.
Добры тон мерапрыемству задала каманда клуба вясёлых і знаходлівых СШ № 1 г. Давыд-Гарадка “ВЭМСОГ”. Хлопцы і дзяўчаты прадэмантрыравалі цудоўны гумар, пажартавалі над эпізодамі школьнага жыцця.
Аналіз алімпіяднага руху Століншчыны зрабіла намеснік начальніка аддзела адукацыі Таццяна Іосіфаўна Бухавецкая. Для рэзультатыўнага ўдзелу вучняў раёна ў алімпіядным руху ў аддзеле і ўстановах адукацыі праводзіцца вялікая папярэдняя работа. 11 вучняў у гэтым годзе прынялі ўдзел у навучальна-трэніровачных зборах у школе “Алімпус”, якія праводзіць Інстытут непрарыўнай адукацыі ў г. Мінску. У мінулым годзе ў СШ №№ 1 і 2 і г. Давыд-Гарадка і Столінскай дзяржаўнай гімназіі была арганізавана работа профільных лагераў па шасці прадметах навучальнага плана. Павялічылася колькасць удзельнікаў Інтэрнет-алімпіяд, дыстанцыйных алімпіяд. Ад гэтых відаў дзейнасці не засталіся ў баку вучні СШ № 2 г. Давыд-Гарадка, Столінскай дзяржаўнай гімназіі, Церабяжоўскай СШ, СШ № 2 р. п. Рэчыца, Гараднянскай СШ.
У гэтым годзе ў раённых алімпіядах па навучальных прадметах сярод вучняў 4-9 класаў прынялі ўдзел 1235 вучняў з 46 устаноў адукацыі.
У раённым этапе алімпіяды прынялі ўдзел 1157 вучняў, 44 – у абласным, тры чалавекі прадстаўлялі нашу вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
З поспехам на раённых алімпіядах выступілі вучні Столінскай дзяржаўнай гімназіі (26 прызавых месцаў). Добрыя вынікі паказалі вучні СШ № 2 р. п. Рэчыца (11 дыпломаў), СШ № 2 г. Століна (9 дыпломаў), Беражноўскай (8 дыпломаў), СШ № 1 г. Давыд-Гарадка(7 дыпломаў) і СШ № 3 г. Століна (7 дыпломаў)
З году ў год павялічваецца колькасць пераможцаў абласных алімпіяд. Сёлета ўдзельнікі атрымалі ўжо 12 дыпломаў і 4 пахвальныя водгукі (у мінулым годзе было 8 дыпломаў і 5 водгукаў).
З прызамі вярнуліся двое ўдзельнікаў і абласной алімпіяды. Пахвальны водгук па англійскай мове атрымала вучаніца СШ № 2 аг. Альшаны Тамара Тарасевіч. Узнагароджана спецыяльным прызам Міністэрства адукацыі за лепшы вынік сярод вучняў сельскіх школ па беларускай мове і літаратуры вучаніца 9 класа Беражноўскай СШ Ганна Піліпчук.
Перамога вучняў дасягнута дзякуючы намаганням бацькоў і педагогаў. Вялікі ўклад у падрыхтоўку вучняў унеслі В. У. Пашкевіч (Беражноўская СШ), І. М. Патрубейка, І. В. Пачко, Л. П. Жук (гімназія), А. В. Капітанаў (СШ № 1 г. Давыд-Гарадок), В. М. Акостка (СШ № 2 аг. Альшаны), А. А. Шпак (СШ № 3 г. Століна), Л. А. Андрыяшка (СШ № 3 г. Століна), А. М. Куляшэвіч, Н. М. Мальцава (СШ № 2 р. п. Рэчыца), А. А. Крывапуст (Стружская), Л. К. Казёлка (СШ № 2 г. Давыд-Гарадка).
Удзельнікам урачыстасці быў паказаны летапіс алімпіяднага руху Століншчыны – флтаздымкі, лічбы і факты. Цяпер гэтая база будзе папаўняцца кожны год.

Віншуючы пераможцаў алімпіяд намеснік старшыні Столінскага райвыкнкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч адзначыў , што ў нашай краіне шэраг праграм, накіраваных на падтрымку таленавітай моладзі – “Моладзь Беларусі”, “Нашы дзеці”, “Маладыя таленты Беларусі”.

Уручалі ўзнагароды і віншавалі пераможцаў і педагогаў старшыня Столінскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Васіль Васільевіч Мялешын, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Святлана Васільеўна Піва, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вадзім Васільевіч Заруба, начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.
Ад імя пераможцаў алімпіяд слова мела навучэнка Столінскай дзяржаўнай гімназіі, уладальніца дыплома ІІІ ступені па выніках абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры Крысціна Пратасавіцкая. Яна адзначыла, што алімпіяда не церпіць слабых. У алімпіядах няма прайграўшых, бо ўдзельнікі атрымліваюць безкаштоўны вопыт.
Ірына Мікалаеўна Ярошык – мама вучня 11 класа СШ № 1 г. Давыд-Гарадка, уладальніка пахвальнага водгука па фізіцы па выніках абласной алімпіяды Юрыя Ярошыка -  звярнула ўвагу на ўзаемадзеянне настаўніка і бацькоў, на тое, што з дзецьмі трэба пачынаць працаваць з пачатковых класаў, каб дасягнуць вынікаў.

Настаўніца СШ № 2 г. Давыд-Гарадка Людміла Канстанцінаўна Казёлка нагадала, што такое алімпіяда, алімпійскі рух і колькі намаганняў ён патрабуе ад яго ўдзельнікаў.