Званне педагога трэба абараніць

20.5.2013
Сёлета 40 маладых педагогаў абаранялі сваю стажорскую практыку. Матэматыкі і гісторыкі, філолагі і фізікі даказвалі, што яны дастойныя быць педагогамі, што за год сваёй працоўнай дзейнасці набылі пэўны вопыт, засвоілі нарматыўна-прававыя дакументы.
Абарона стажорскай практыкі праходзіла два дні – у Століне і Давыд-Гарадку. Традыцыйна маладога педагога прадстаўляў яго кіраўнік, які характарызаваў стажора, адзначаючы як плюсы, так і мінусы яго работы. Члены камісіі задавалі пытанні, а сам настаўнік павінен быў паказаць адзін дзень свайго працоўнага жыцця.
Кожны з маладых спецыялістаў індывідуальнасць, кожны выбірае найбольш блізкі яму шлях выкладання і выхавання, але абавязкова павінен абапірацца на вопыт сваіх старэйшых калег, на напрацоўкі, на нарматыўныя дакументы. Што прыемна, ёсць стажоры, якіх ужо можна назваць Настаўнікамі ў поўным сэнсе слова. Адчуваецца, што яны абралі правільна сваю прафесію, правільна зарыентаваліся ў жыцці. Напрыклад, настаўніца пачатковых класаў СШ № 3 г. Століна Людміла Васільеўна Маліна на пытанне камісіі, чаму не атрымлівае вышэйшую адукацыю (прыйшла пасля педагагічнага каледжа), адказала, што правярала наколькі выбраная спецыяльнасць падыходзіць ёй. І ў выніку рашыла атрымаць вышэйшую  адукацыю таксама па спецыяльнасці “Пачатковыя класы”.
Паказалі сваю кампетэнтнасць, эрудзіраванасць, любоў да прафесіі настаўніца хіміі і біялогіі Ганна Валер’еўна Пархомава і настаўніца нямецкай мовы Святлана Іванаўна Міхалевіч з Альгомельскай СШ, настаўнік матэматыкі Відзіборскай СШ Дзмітрый Міхайлавіч Матусевіч, настаўнік фізічнай культуры Плотніцкай СШ Анатоль Мікалаевіч Котка, настаўніца англійскай мовы СШ № 2 р. п. Рэчыца Юлія Аляксандраўна Міранчук і іншыя.
А вось настаўнікі Стахаўскай СШ вядуць выхаваўчы працэс не толькі са школьнікамі, а і з маладымі людзьмі вёскі. Настаўніца хіміі і біялогіі Марына Мікалаеўна Васільнчык, матэматыкі Наталля Уладзіміраўна Мароз, настаўнік фізічнай культуры Мікалай Іванавіч Вабішчэвіч прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод вяскоўцаў.

Для гэтых 40 чалавек год стажорскай практыкі закончыўся, аднак ім яшчэ шмат чаму трэба навучыцца, каб дасягнуць вяршынь педагагічнага майстэрства.