У будучыню – з усмешкай

16.4.2013
Пад такім дэвізам у мінулую суботу ў Столінскім гарадскім доме культуры адбылася гульня Клуба вясёлых і знаходлівых. У фінале сустрэліся пяць каманд: “6 кадраў” (СШ № 2 г. Давыд-Гарадка), “Дэманы” (СШ № 2 г. Століна), “16+” (гімназія), “ВЭМСАГ” (СШ № 1    г. Давыд-Гарадка) і “Вышэйшы клас” (Асаўская СШ).
Незадоўга да гэтага прайшлі занальныя гульні КВЗ у Давыд-Гарадку і Століне, дзе, акрамя названых, выступалі каманды Харомскай, Альгомельскай, Рубельскай, Глінкаўскай і СШ № 2 аг. Альшаны.
Рабяты спаборнічалі ў двух конкурсах: прывітанне і размінка (два пытанні камандам-саперніцам са сваімі варыянтамі адказаў).
У журы - прадстаўнікі аддзела адукацыі, райкама ГА “БРСМ”, раённай камісіі па справах непаўналетніх і гарадскога Дома культуры. Ацэнка выступленняў – пяцібальная.
Падчас размінкі рабяты жартавалі на тэмы школьнага жыцця, высмейвалі пэўныя праявы ў грамадстве, разыгрывалі мініяцюры і камічныя сітуацыі. Што да пытанняў і варыянтаў адказаў на іх, дык тут хацелася пачуць больш трапны гумар. Увогуле, як пазней зазначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Галіна Шугалевіч, гумар, як соль, ім трэба карыстацца ўмерана.
Прыемна было бачыць у фінале каманду “Вышэйшы клас” (кіраўнік Мікалай Кавалёў, капітан Юрый Лаўрынчук), якая з году ў год адточвае сваё майстэрства. Хочацца ў выступленні больш дынамікі.
Каманда “6 кадраў” (кіраўнік Наталля Казакевіч, капітан Аляксандра Цюцюра) самая юная (адзін хлопчык і дзяўчынкі сёмых-восьмых класаў), але ўпэўнена трымалася на сцэне.
“Дэманы” (кіраўнік Наталля Кананчук, капітан Вадзім Каляда) застаюцца верныя назве і стылю выступлення – музычныя, дынамічныя. Сёлета яны прыахвоцілі да КВЗ малодшых школьнікаў.
Па назве “16+” (кіраўнік Аксана Кавальская, капітан Максім Мышапуд) падумалася, што рабятам хочацца хутчэй стаць дарослымі. Варта толькі больш беражліва ставіцца да публічнага слова.
Спадабалася каманда “ВЭМСАГ” (кіраўнік Алена Логвінава, капітан Сяргей Лунскі). Удзельнікі пазіцыяніравалі сябе як Вясёлыя Энергічныя маладыя сімпатычныя адораныя гарадчукі. На сцэну выйшлі ў майках з лагатыпам каманды. У зале іх горача вітала група падтрымкі – са сцягам і плакатам. Ды і гумар іх вясёлы і трапны.
Па выніках гульні каманда “Вышэйшы клас” атрымала 36 балаў, “6 кадраў” – 38, “16+” – 41, “ВЭМСАГ” – 45 і “Дэманы” - 49 балаў. Каманда-пераможца ўзнагароджана райкамам ГА “БРСМ” паездкай у Лядовы палац г. Пінска на вячэрні сеанс.
За падрыхтоўку гульні кіраўнікам і камандам выказаны словы падзякі і ўручаны дыпломы раённага аддзела адукацыі.

У зале панавала цёплая сяброўская атмасфера. І няхай на сцэне не вырашыць усіх праблем, але радасна і весела было ўсім.