Канферэнцыя даследчых работ і праектаў малодшых школьнікаў “Я – даследчык”

3.4.2013
         На канферэнцыю даследчых работ і праектаў малодшых школьнікаў “Я – даследчык”, якая прайшла 29 сакавіка, была пададзена 41 работа ад вучняў 31 установы адукацыі. Гэта значна больш, чым у мінулым годзе. Метадыст аддзела адукацыі Леаніла Рыгораўна Навасадская расказала, што сёлета былі прадстаўлены школы, якія ў мінулыя гады наогул не ўдзельнічалі ў канферэнцыі. Былі тэмы, якія паўтараюцца з году ў год, а былі і зусім новыя, неардынарныя, у даследаванні якіх вучні змаглі праявіць сябе, прыйсці да сапраўднага адкрыцця метадам эксперыменту. Так, вучні 2 класа Стружскай СШ паставілі эксперымент з машынай і лялькай. У адных выпадках яны прышпільвалі яе рамянём бяспекі, а ў другіх – не. Вось і вывад…
         У чым сакрэт паперы і як яе стварыць? На гэтае пытанне знайшлі адказ (і нават самастойна стварылі дома паперу!) вучні 4 класа СШ № 2 г. Давыд-Гарадка. Тэхналогію вырабу з гліны даследавалі вучні 4 класа СШ № 3 р. п. Рэчыца. Вучні 1 “А” і “В” класаў Белавушская СШ вывучалі грыбы як цуд прыроды. А  Андрэй Слабко і Крысціна Пасавец з Відзіборскай СШ вывучалі “Ручку для маленькай ручкі”. Вучань 4 класа Глінкаўскай СШ Віктар Страха даведаўся, якое ўздзеянне камп’ютар аказвае на здароўе малодшага школьніка.
         Вучань Плотніцкай СШ Валерый Юнкевіч пасля сваёй работы дакладна ведаюць, што макулатура беражэ наш лес. Да вельмі цікавых высноў прыйшоў вучань 4 “Б” класа Сямігосціцкай СШ Юрый Ермакевіч, калі вывучаў паходжанне прозвішчаў сваіх аднакласнікаў. Вучні 4 класа Церабяжоўскай школы Максім Бажко і Кацярына Бык даследавалі ногі, крылы і хвасты, а вучань Церабліцкай школы Яўген Рудзецкі распрацаваў праграму ў асяродку візуальнага праграмавання. І не толькі распрацаваў, а і плануе далей займацца ўдасканаленнем праграмы, яе варыянтаў і ўзроўняў.
         Вучні Хорскай СШ Кацярына Патрубейка, Анастасія Прыка і Вікторыя Прыка сталі маленькімі чараўніцамі і вывучылі розныя віды цеста, што з яго можна рабіць, колькі яно будзе захоўвацца, а таксама прадэманстравалі вырабы з цеста.
         Пра лён цяпер ужо ведаюць усё вучні Бор-Дубянецкай БШ Алеся Цімахавец, Аляксей Канапліцкі і Аляксандр Ляшко. Пераканалі ў тым, што кошык патрэбен і зараз, вучань Каладнянскай школы Мікіта Леська.
         Многія работы былі цікавымі і карыснымі. Асаблівай увагі заслугоўваюць тыя, што былі зроблены на практыцы. Але некалькі работ яшчэ ў дадатак адзначаны і за лепшую абарону. Настолькі маленькія даследчыкі змаглі ўразіць строгае журы. Таму дыпломамі “За лепшую абарону” ўзнагароджаны работы вучняў 3 класа СШ № 3 р. п. Рэчыца, вучняў 4 класа СШ № 3 г. Століна, 1 класа СШ № 1 аг. Альшаны, 3 класа Рубельскай СШ, 3 класа Хатамельскай СШ.

         Усе работы атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў, а лепшыя будуць узнагароджаны дыпломамі. Будуць выбраны і работы, вучні якіх прадставяць свае даследаванні на абласной канферэнцыі “Адкрываю свет – адкрываю сябе”.