Да дня роднай мовы “Даражыць пявучым словам кожным”

21.3.2013
         Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Столінскага раёна 21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.
         У сувязі з гэтым,  у межах свята ва ўстановах адукацыі праведзены шэраг мерапрыемстваў. У большасці ўстановах мерапрыемствы змясціліся ў тыдзень, у некаторых- у адзін дзень.
         Дэвізам свята сталі  словы:
“Адчыніце дзверы, людцы,
Адсюль хай адлятае;
Словы родныя снуюцца…
Песні родныя пяюцца…
Мова, мова нас вітае”.
         З прывітання на роднай беларускай мове і запрашэння “Размаўляйце па-беларуску” пачыналася свята ў кожнай школе.
         Сродкамі разнастайных конкурсаў: чытальнікаў вершаў ”Мая мова – самая цудоўная”, малюнкаў да любімых твораў і кніг, выстаў “Мая родная мова, культура”, гульняў “Разумнікі і разумніцы”, эрудыт-лато, літаратурна-музычных кампазіцый “Гучы родная мова” вучні выказалі свае адносіны да роднай мовы, разважалі, чаму трэба вучыць і ведаць сваю мову, узгадвалі выказванні вядомых мовазнаўцаў пра ролю мовы ў жыцці грамадства, чыталі вершы беларускіх паэтаў.
         На перапынках у сярэдняй школе № 3 г.Століна, № 2 г.Давыд-Гарадка, Альгомельскім ВПК яслі-сад сярэдняй школе гучалі музычныя кампазіцыі “Песняроў” на словы беларускіх паэтаў. У бібліятэках прайшлі сапраўдныя “моўныя” марафоны, бо асаблівай папулярнасцю ў гэты дзень карысталіся беларускія выданні. Таксама для ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі працавалі тэматычныя выставы “Родная мова - крыніца натхнення пісьменніка”.
         Цікава для вучняў 9-11 класаў у Альгомельскім ВПК яслі-сад сярэдняй школе прайшла інтэлектуальная гульня “Змены ў правапісе роднай мовы” з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання. Гульня паказала, што на працягу пераходнага перыяду вучні школы нядрэнна засвоілі змены, якія адбыліся ў беларускай арфаграфіі.
         Цудоўна прайшла ў Харомскім ВПК яслі-сад сярэдняй школе акцыя “Далучы сваю далонь”. Вынікам акцыі быў заклік да ўсіх: “Калі ты за тое, што кожны беларус павінен ведаць сваю родную мову – далучы сваю далоньку да нашых, падтрымай беларускую мову!” На плакаце з’явілася вельмі шмат далоняў. Маленькія і вялікія далоні накладваліся адна на адну, іх нават цяжка было падлічыць.
         Вучні Рубельскай сярэдняй школы, Харомскага ВПК яслі-сад сярэдняй школы запрасілі на сустрэчу свайго земляка-пісьменніка члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Вабішчэвіча.
         У сярэдняй школе № 2 г.Давыд-Гарадка, Веляміцкай сярэдняй школе цікава прайшла акцыя “Мае любімыя беларускія словы”. Як высветлілася, любімыя беларускія словы ў вучняў гэтых школ – Радзіма і матуля! Для настаўнікаў у гэтых жа школах прайшоў інтэрактыў “Скарбонка народнай мудрасці”.
         Вучні 3-11 класаў (1115 чалавек) школ раёна менавіта 21 лютага сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага лінгвістычнага конкурсу “Буслік”.
         Цікавымі і змястоўнымі былі праграмы ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі, сярэдніх школах № 2, № 3 г.Століна, № 2 г.Давыд-Гарадка, Альманскай, Рамельскай, Плотніцкай, Веляміцкай, Белавушскай, Аздаміцкай сярэдніх школах, вучэбна-педагагічных комплексах Альгомельскай, Церабліцкай, Гараднянскай, Харомскай яслі-сад сярэдніх школах, Альшанскай сярэдняй  школе №2, Альпенскай, Радчыцкай, Атвержыцкай базавых школах.
         Актыўнасць і зацікаўленасць вучняў ва ўсім, што праводзілася ва ўстановах, сведчыць аб тым, што яны неабыякава ставяцца да духоўнай спадчыны беларускага народа, паважаюць і захоўваюць яго культуру і традыцыі, ведаюць і вывучаюць мову і літаратуру сваёй Бацькаўшчыны. Расце маладое пакаленне, якое здольна жыць і працаваць дзеля таго, каб квітнеў родны край, гучала родная мова.
         Не гасне агеньчык у зацікаўленых вачах вучняў, расце вера ў будучае Беларусі!