ДА 130-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯКУБА КОЛАСА

6.12.2012

“Усё пакінуць след павінна…”
30 лістапада ў кінатэатры “Экран” горада Століна прайшоў раённы фестываль, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння песняра Беларусі – Якуба Коласа.
Зала была перапоўнена ўдзельнікамі фестывалю, якія прыехалі не толькі для таго, каб пашырыць свае веды па творчасці вядомага пісьменніка, але і паказаць сваю творчасць.
Прысутным паказалі фільм “Я – часовы вандроўнік”, які аднёс усіх у далёкія гады жыцця Якуба Коласа, нагадаў асноўныя вехі яго жыцця, акунуў у прыгажосць роднага слова, з дапамогай якога пісьменнік ствараў карціны роднай прыроды, вобразы людзей – такія яркія і каларытныя, што пасля прачытвання твору здаецца: ты з імі добра знаёмы.
У кожнага сваё бачанне творчасці Коласа, кожны па-свойму асацыіруе яго вобразы. Гэта можна было ўбачыць у пастаноўках. Урывак з паэмы “Новая зямля” паказалі вучні СШ № 2 аг. Альшаны. Яны разыгралі момант, калі Антось аддаваў сыноў вучыцца і вырашыў, што танней “наняць дарэктара на зіму”. Цікавай была інсцэніроўка вучняў СШ № 2 г. Давыд-Гарадка на апавяданне Коласа.
Прыўзнялі настрой і песні, выкананыя вучнямі. Навучэнцы СШ № 2 г. Століна спявалі “Мой родны кут”, Дзяніс Цярохін з Беражнога - “Беларусь мая сінявокая”, вучні Рубельская СШ - “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Вольга Палешка (Гараднянская СШ) прачытала верш “Ручэй”, Дар’я Ракала (Церабяжоўская СШ) – урывак з “Сымона-музыкі”. Вучні школ не толькі бліскуча выконваюць творы песняра, але і самі прысвячаюць яму свае вершы. Свой верш прысвяціла Коласу вучаніца СШ № 3 г. Століна Юлія Белавус.
Праграму склалі і былі яе вядучымі вучаніцы Белавушскай СШ Ілона Палукошка і Кацярына Бараноўская пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы Вольгі Лявонцьеўны Бруцкай.
Падводзячы вынік мерапрыемства, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Валянціна Васільеўна Марчанка адзначыла, што фестываль дапамог кожнаму стаць яшчэ крышку бліжэй да творчасці пісьменніка, паглядзець на яго творы з іншага боку. Наогул мерапрыемства праходзіла ў форме фестывалю, а не конкурсу для таго, каб навучэнцы не спаборнічалі памі ж сабою, а палюбілі творы Якуба Коласа, адчулі іх глыбіню і прыгажосць.
Усе ўдзельнікі фестывалю ўзнагароджаны падзячнымі лістамі і граматамі аддзела адукацыі.