Нашы вучні – лепшыя ў журналістыцы

13.12.2019

Вучні нашага раёна прынялі ўдзел у абласным фестывалі-конкурсе «STARt-ПРЕСС» для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах, студый і клубаў устаноў дадатковай адукацыі ў рамках рэспубліканскага праекта «Свежы вецер», які праходзіў у Брэсце.

Столінскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці прадстаўлялі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст», вучаніцы сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Анастасія Каспяровіч і Святлана Ляшкевіч (педагог Каспяровіч Л.І.).

А Давыд-Гарадоцкі цэнтр дзіцячай творчасці – удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Залатое пяро», вучаніцы Сямігосціцкай сярэдняй школы Крысціна Літвін і Вольга Клімянкова (педагог Мельнік Г.) Праграма фестывалю была распрацавана Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтрам маладзёжнай творчасці. Галоўная задача – пазнаёміць вучняў з асновамі журналістыкі, а таксама з работай абласных радыё- і тэлекампаній.  Для выканання гэтай мэты працавала некалькі секцый. У секцыі «Асаблівасці жанру» кіраўнік студыі журналістыкі, знакаміты журналіст Васіль Карпінчык пазнаёміў удзельнікаў фестывалю з публіцыстычнымі жанрамі і дэталёва расказаў, на што трэба звярнуць увагу пры напісанні артыкула. У другой секцыі «Эфірны час» працаваў радыёвядучы «Радыё Брэст» Андрэй Краеўскі, які расказаў пра работу радыё.        

   А з сучаснай літаратурай пазнаёмілі галоўны бібліёграф цэнтральнай гарадской бібліятэкі Алена Курданская і загадчык Святлана Івашова.  Пасля работы секцый удзельнікі фестывалю, якія прыехалі з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці, мелі магчымасць пабываць на тэлерадыёкампаніі «Брэст».  Экскурсію правёў галоўны рэдактар радыё Васіль Барысюк. Дзеці пабачылі, як запісваюцца праграмы ў радыё- і тэлестудыях.  Прыемна адзначыць, што Брэсцкая вобласць, у тым ліку Столінскі раён, лідзіруе па ўдзеле навучэнцаў цэнтраў дзіцячай творчасці ў розных журналісцкіх праектах і конкурсах. Адразу 2 Дыплома 1 і 3 ступені прывезла дадому Каспяровіч Анастасія (Столінскі РЦДТ) ў намінацыях “Фотарэпартаж” і “Пісьмовая работа”.