21 ЛЮТАГА — ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

19.02.2021

Увесь свет 21 лютага адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 году дзеля захавання і развіцця моў малых нацый і народнасцей, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Беларускую мову лічаць роднай каля 75% грамадзян Беларусі, але, на жаль, размаўляюць на ёй менш за 35% беларусаў.

Тым не менш, беларуская мова жыве і развіваецца, так як яна  наш першы нацыянальны скарб. 

Калі гавораць, што беларуская мова з’яўляецца роднай – значыць любімай, дарагой, самай-самай.

З гэтага навучальнага года закладзена добрая традыцыя – праводзіць у Дзень роднай мовы Купалаўскую дыктоўку. Ідэю беларускамоўнага “флэшмоба” падтрымалі ўсе ўстановы адукацыі нашага раёна. Дыктоўка распачалася адначасова ва ўсіх установах, у тым ліку ў аддзеле па адукацыі і раённым вучэбна-метадычным кабінеце.

Падчас гэтага мерапрыемства кожны жадаючы паўдзельнічаў у напісанні адмысловага дыктанту на нашай роднай, мілагучнай, старажытнай, гасціннай, патрыятычнай, незалежнай беларускай мове.

Адразу пасля раённага дыктанта ўсе яго ўдзельнікі вучні 9-11 класаў, настаўнікі, тэхнічныя работнікі ўстаноў адукацыі, бацькі вучняў, навогул, усе жадаючыя, незалежна ад месца напісання, мелі магчымасць самастойна праверыць свой тэкст і зрабіць асабістыя высновы, наколькі добра яны валодаюць беларускай мовай, такім чынам прайсці своеасаблівы “экзамен” на веданне сваёй роднай мовы. Парадавала тое, што амаль усе ўдзельнікі паспяхова справіліся з дыктоўкай.

Для “выдатнікаў” у многіх установах было прадугледжана ўручэнне сімвалічных сувеніраў у нацыянальным каларыце.

У рамках Міжнароднага дня роднай мовы вучні 5-8 класаў удзельнічалі ў конкурсе па вырабу ў нацыянальным стылі паштовак па дадзенай тэматыцы.

Мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі яскрава і запамінальна ў Столінскай гімназіі, сярэдніх школах №3 г.Століна, №3 р.п.Рэчыца, Стружскай, Хорскай, Фядорскай, Альшанскай сярэдняй школе №1і іншых.

Некага захапілі кранальныя словы тэксту, некага выдатнае гучанне беларускай мовы і разуменне таго, што асалода ад жывых зносін лепей гадзіны ў сацыяльных сетках.

У дзень напісання дыктанта праз родныя словы мы дакрануліся да самага святога, што ёсць у душы кожнага беларуса, а таксама сталі крыху бліжэй адзін да аднаго. Спадзяёмся, што правядзенне гэтага мерапрыемства стане добрай традыцыяй.

Дык давайце ж несці любоў да роднай мовы і малой радзімы ў сваіх сэрцах кожны дзень!

 

Марчанка В.В., метадыст РВМК