Купалаўская дыктоўка

21.02.2022

Нацыянальная акадэмія навук 21 лютага праводзіць рэспубліканскую дыктоўку па беларускай мове. У гэты  дзень установы адукацыі нашага раёна ўжо традыцыйна далучыліся да напісання Купалаўскай дыктоўкі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Дзень роднай мовы – яшчэ адна нагода для беларусаў задумацца аб лёсе роднай мовы.

Дыктоўка – гэта пачатак шэрагу мерапрыемстваў, якія пройдуць з 21 па 26 лютага ва ўстановах адукацыі падчас Тыдня роднай мовы. Гэта інтэрактыўныя, культурна-асветніцкія, адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы пад агульнай назвай «Родная мова. Беларуская».

У напісанні дыктоўкі прынялі ўдзел вучні IX-XI класаў, кіраўніцтва, настаўнікі і другія жадаючыя працаўнікі ўстаноў адукацыі, бацькі вучняў, усе, хто хацеў праверыць свае веды па беларускай мове.

Для “выдатнікаў” у многіх установах адукацыі прадугледжана атрыманне сімвалічных сувеніраў у  нацыянальным каларыце.

На афіцыйных сайтах устаноў адукацыі размешчана інфармацыя аб правядзенні дадзеных мерапрыемстваў.

Роднае слова з’яўляецца спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры, формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў і духоўных скарбаў. А першы нацыянальны скарб – гэта родная мова.

Так як 2022 год аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам гістарычнай памяці, асаблівае значэнне набываюць каштоўнасці, якія спадарожнічаюць нашаму народу на працягу стагоддзяў. І, як адзначылі ў прэс-службе НАН, адной з базавых нацыянальных каштоўнасцей з’яўляецца беларуская мова.

Як пісаў класік беларускай літаратуры Янка Купала: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”.

Мы спадзяёмся, што мерапрыемствы Тыдня роднай мовы дапамогуць нам яшчэ раз убачыць прыгажосць роднай мовы і больш пяшчотна адносіцца да яе ўжывання.

Запрашаем усіх далучыцца да святкавання Тыдня роднай мовы.